Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды круглай гадавіны пасвячэнняў біскупа Казіміра Велікасельца OP

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

         Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

    У сувязі з надыходзячай круглай датай 40-годдзя святарскага пасвячэння Яго Эксцэленцыі Казіміра Велікасельца OP, Дапаможнага Біскупа Пінскай дыяцэзіі,  і 25-гадовым юбілеем яго біскупскага служэння заклікаю ўсіх жадаючых прыняць удзел ва ўрачыстай Святой Імшы падзякі Пану Богу, якую плануем цэлебраваць у санктуарыі галоўнага нябеснага заступніка Пінскай дыяцэзіі — святога Андрэя Баболі ў Іванаве 18 мая а 12:00.

    Набліжаючыся да сярэбранага юбілею — 25-годдзя служэння біскупа Казіміра, разам з ім дзякуем Добраму Богу за плённыя і шматлікія гады яго святарскага і біскупскага служэння. За гэты доўгі перыяд руплівага пастырскага служэння ён, будучы паслухмяным Божаму Провіду, працаваў на Божай ніве не толькі ў Пінскай дыяцэзіі, але таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе аднавіў парафіі ў Новым Свержні і Гарадзеі, і клапаціўся таксама пра адраджэнне парафіяльных супольнасцей на прылеглых тэрыторыях Гродзенскай дыяцэзіі — у Міры і Карэлічах.

    Сорак гадоў таму сваё святарскае служэнне біскуп Казімір распачынаў у парафіі ў Ішкалдзі каля Баранавіч. Пасля служыў у Паланечцы, Сталовічах, Гарадзішчы, Юшкавічах, Ганцавічах, Лунінцы. У часы адраджэння Касцёла пасля дзесяцігоддзяў атэізму гэты іерарх дапамагаў вернікам у аднаўленні парафій і адбудове зруйнаваных касцёлаў, арганізоўваў з вернікамі новыя парафіі і не перастае клапаціцца пра будаўніцтва новых святынь, якія ўзводзяцца замест раней разбураных. Сярод іх варта ўзгадаць касцёл Маці Божай Анёльскай у в. Лясной каля Баранавіч.

    Служачы ў г. Баранавічы, Яго Эксцэленцыя клапаціўся пра існуючыя там парафіі, пабудаваў новы парафіяльны дом пры касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Таксама дапамагаў вернікам у заснаванні новых супольнасцей у маладых мікрараёнах. Так, дзякуючы старанням біскупа Казіміра на пачатку 1990-х гг. паўстала і паспяхова развіваецца парафія Святога Зыгмунта ў гэтым горадзе.

   Таксама, служачы ў Брэсце, Яго Эксцэленцыя прычыніўся да арганізацыі маладой парафіі і распачаў будаўніцтва касцёла Святога Юзафа ў новай частцы горада. Дзякуючы старанням біскупа Казіміра, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце былі адноўлены каменныя алтары, упарадкаваны прыкасцёльная тэрыторыя і агароджа святыні. Тут ён развіваў культ Маці Божай Брэсцкай, устанавіў арган. Іерарх дапамог парафіяльнай супольнасці ў Маларыце арганізаваць новае месца культу і душпастырства замест разбуранай раней святыні.

   Пасля плённага перыяду пастырства ў Брэсце біскуп Казімір працягнуў сваё служэнне ў Пінску. Дзякуючы яго старанням развівалася душпастырства ў Пінскай катэдральнай парафіі. У г. Століне пры падтрымцы гэтага пастыра мясцовая парафія змагла арганізаваць новае месца культу замест разбуранай раней святыні. Таксама Яго Эксцэленцыя служыў супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, дзе быў спаведнікам семінарыстаў.

    З 2012 г. біскуп Казімір служыць у Гомелі. У гэтым другім па велічыні горадзе краіны ён дапамог адрадзіцца парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і паспяхова распачаць будаўніцтва новай святыні замест разбуранай у часы атэізму. Там жа Яго Эксцэленцыя служыць не толькі парафіяльным супольнасцям, падтрымлівае святароў, але і духоўна суправаджае сясцёр з манаскіх супольнасцей, а таксама давераных іх апецы асоб з цэнтра дапамогі бяздомным і сем’ям дзяцей з асаблівасцямі развіцця. 

   У Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца Генеральным Вікарыем, дапамагае кіруючаму біскупу ў вырашэнні спраў Касцёла. Яго сведчанне руплівага душпастыра прынесла шчодры плён новых святарскіх пакліканняў у розных парафіях не толькі Пінскай дыяцэзіі, але і ва ўсёй Беларусі. Прыклад веры і малітвы Яго Эксцэленцыі з’яўляецца натхненнем для біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў да больш адданага жыцця паводле веры.

   Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў да ўдзелу ў Святой Імшы падзякі ў санктуарыі Святога Андрэя Баболі. Асабліва запрашаю на супольнае набажэнства ўсіх тых, хто з рук Яго Эксцэленцыі быў ахрышчаны, прыступаў да святой споведзі, прымаў Святую Камунію, сакрамэнт канфірмацыі, заключаў сужэнства, атрымліваў духоўную падтрымку.    

   Няхай нашая супольная малітоўная сустрэча 18 мая ў Іванаве стане не толькі падзякай Пану Богу за шматгадовае руплівае служэнне біскупа Казіміра Велікасельца OP, але таксама просьбай да Хрыста — Добрага Пастыра аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага служэння і асабліва з парафій Пінскай дыяцэзіі.        

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, 23 красавіка 2024 г.

Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэтае Паведамленне вернікам у нядзелю 28 красавіка падчас кожнай Святой Імшы і размесцяць яго тэкст на прыкасцёльнай дошцы аб’яў да 19 мая.