У горадзе над Бугам з удзелам нунцыя Ёзіча і біскупа Дзям’янкі адзначылі ўрачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай

27 мая, у апошнюю суботу месяца, які асаблівым чынам прысвечаны Маці Божай, у Брэсце (Пінская дыяцэзія) адбылася ўрачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай. Сёлета ў святкаванні ўзяў удзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Урачыстасці ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што побач з цэнтральнай плошчай Брэста, распачаліся старадаўняй візантыйскай малітвай — Акафістам да Найсвяцейшай Багародзіцы.

Набажэнства правялі вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Наступным пунктам малітоўнай праграмы стаў супольны Ружанец, які правяла парафіяльная моладзь.

Пасля гэтага сабраныя вернікі, у тым ліку дзеці, разам з пробашчам парафіі ксяндзом Антоніем Анціпенкам прывіталі Апостальскага нунцыя, які прыбыў у суправаджэнні пастыра Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі.

Прывітальныя словы да прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне скіравалі адна з сем’яў мясцовай парафіяльнай супольнасці, пробашч парафіі, біскуп Дзям’янка, а таксама нядаўна прызначаны старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі.

У сваім прывітальным слове мэр падкрэсліў важнасць падзеі і выказаў падзяку нунцыю Ёзічу за прыезд.

Прадстаўнік гарадской улады падараваў прадстаўніку Папы памятны медаль з гербом горада Брэста, які нядаўна адсвяткаваў сваё тысячагоддзе.

Пасля прывітальных словаў распачалася цэлебрацыя святой Імшы, у якой узялі ўдзел святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай ўлады на чале з мэрам города, а таксама шматлікія парафіяне і госці.

У прамоўлінай гамілі Апостальскі нунцый засяродзіўся на асаблівай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, падкрэсліўшы, што горад Брэст мае дзве крэпасці: адна — гэта Брэсцкая крэпасць-герой, а другая — духоўная крэпасць у выглядзе цудадзейнага абраза Маці Божай Брэсцкай.

Напрыканцы Імшы Папскі прадстаўнік благаславіў вуглавы камень будучага касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Вульцы — паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста.

Напрыканцы Імшы Папскі прадстаўнік благаславіў вуглавы камень будучага касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Вульцы — паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста.

Там прадстаўнік Папы Францішка ўзнёс малітву падзякі Богу за тое, што меў магчымасць маліцца разам з вернікамі Брэста, а таксама праз заступніцтва Маці Божай скіраваў просьбу аб міры і супакоі для Беларусі і ўсяго свету.

Апошнім пунктам урачыстасці ў Брэсце стаў канцэрт арганай музыкі, які падаравала ўдзельнікам свята арганістка Ірына Арлоўская.

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на летні перыяд Года Надзеі ў Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

“Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час,

аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні”

(2 Цім 4, 2).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Усёй супольнасцю мясцовага Касцёла ў нашым рэгіёне мы перажываем час трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі, які з Божай ласкі будзем перажываць у 2025 годзе. Бягучы літургічны год у нашай дыяцэзіі мы адзначаем як Год Надзеі.

У межах трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею жадаем на нова адкрыць і дацаніць багацце вялікай спадчыны Касцёла, якую нам пакінулі папярэднія пакаленні вернікаў на нашай зямлі. Сэрцам гэтай спадчыны з’яўляецца скраб каталіцкай веры, які знайшоў свой вельмі вымоўны выраз у каштоўных старых касцёлах і капліцах, санктуарыях, цудоўных абразах і прыдарожных крыжах. Да гэтай спадчыны належаць таксама святыні, адноўленыя пасля дзесяцігоддзяў атэізацыі, пабудаваныя касцёлы і капліцы ў новых мікрараёнах гарадоў, якія імкліва развіваюцца. Усе гэтыя святыні – старыя і новыя – з’яўляюцца для нас дарам Божага Провіду, каб кожны чалавек меў доступ да асаблівага месца, дзе ён зможна перажыць спатканне з Богам не толькі на малітве, але таксама ў Эўхарыстыі, у іншых сакрамэнтах, заглыбіцца ў Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і памаліцца ў прысутнасці Хрыста, які прабывае ў цішыні табернакулюма.

Дарагія браты і сёстры! У гэтым лісце на пачатак летняга перыяду хачу звярнуць вашую ўвагу на адзін з важных спосабаў прыпамінання пра Пана Бога, які чакае нас у святынях. Ім з’яўляюцца гукі касцёльных званоў. Узгадайма, што яны значаць і якую важную ролю адыгрываюць у духоўным жыцці людзей. Традыцыйна лічыцца, што званы выконваюць трайную функцыю. Па-першае, яны выражюць хвалу, якую мы аддаем Пану Богу праз іх мелодыю. Па-другое, звон вельмі моцна і выразна нагадвае людзям пра касцёл і заклікае на малітву. Па-трэцяе, такі выраз усхвалення Пана з’яўляецца моцным спосабам выгнання злых духаў з месцаў, дзе чалавек чуе, з дапамогай званоў, голас Касцёла ў малітве, і звяртае свае думкі і сэрца да Бога.

Традыцыя ўжывання касцёльных званоў бярэ пачатак у біблійных часах. У Старым Запавеце чытаем, як Майсей, навучаны Панам, загадаў вырабіць срэбныя трубы, з дапмогай якіх святары заклікалі людзей на малітвы раніцай, удзень і ўвечары (гл. Зых 28, 33-35). Таксама на вопратку святара вешаліся званочкі, калі той уваходзіў у Святая Святых Ерузалемскай Святыні. Гэта быў спосаб абвяшчэння вернікам важнага моманту набажэнства і закліку іх на малітву. Голас трубы таксама клікаў выбраны народ у пустыні, каб яны наблізіліся да гары Сінай на сустрэчу з Богам (гл. Зых 19, 13). Тым Сінаем Новага Запавету ёсць Хрыстус прысутны сярод нас у Найсвяцейшым Сакрамэнце ў кожным касцёле. Таму званы сталі важным атрыбутам кожнай хрысціянскай святыні і кожнага набажэнства.

У традыцыі Касцёла званы заклікаюць вернікаў на малітву ў адпаведныя гадзіны: раніцай, днём і вечарам. Перадусім голас званоў нагадвае аб часе Святой Імшы. Акрамя таго, голас звону апоўдні заахвочвае, каб сярод разнастайных справаў і штодзённай працы вернікі на хвіліну затрымаліся, узносячы малітву “Анёл Панскі” праславілі Пана за дар Уцелаўлення, тым самым асвяцілі свае заняткі і з Божай перспектывы перажывалі кожны дзень. Таксама званы заклікаюць памаліцца за памерлых, асабліва тады, калі чуем іх сумную мелодыю з нагоды пахавання ці набажэнства за памерлых. Перадусім жа званы абвяшчаюць важныя і ўрачыстыя падзеі ў жыцці парафіі.

У традыцыі нашага народа званніца і касцёльныя званы заўсёды былі месцам асаблівай пашаны. Часта вызначалася спецыяльная асоба – званар, які меў дазвол, абавязак і прывілей званіць у касцёльныя званы. Кожная парафія старалася сабраць ахвяраванні, каб набыць і мець свае званы ў мясцовым касцёле або капліцы.

Як ведаем з гісторыі, у часе разнастайных войнаў, званы часта нішчыліся. Часам іх забіралі і як матэрыял выкарыстоўвалі на патрэбы вайны. Напрыклад, ксёндз Гжэгаж Каласоўскі, шматгадовы пробашч у Нясвіжы, прыгадваў, як у цяжкія часы Другой Сусветнай вайны нацысты пагражалі яму смерцю або турэмным зняволеннем, калі ён не перадасць ім касцёльныя званы. Таксама ў гады атэізму званы знішчаліся або забаранялася ў іх званіць. Дзякуем Богу, што ў нашыя часы мы можам свабодна пачуць голас касцёльных званоў, якія запрашаюць нас на малітву і праслаўленне Пана.

У літургіі Касцёла ёсць спецыяльная цырымонія пасвячэння званоў. Варта заўважыць, што Касцёл прывязвае да гэтага настолькі вялікую ўвагу, што дазваляе выконваць гэтую чыннасць толькі біскупам (гл. Inter Oecumenici, 77). Падчас спецыяльнага абраду пасвячэння званам надаюцца імёны святых апекуноў. Гэта падзея для ўсёй парафіі. Ведаем, што званы з’яўляюцца высілкам вялікай ахвярнасці парафіянаў, якія складваюцца, хто сколькі можа, каб іх набыць для ўласнага касцёла. Наяўнасць званоў і ўдзел у іх набыцці становіцца вялікай заслугай для кожнага парафіяніна. Бо такім чынам, праз набыты для касцёла звон, які заклікае людзей на сустрэчу з Богам, вернік прычыняецца да збаўлення ўсіх тых, хто на голас гэтага звону ступіць на шлях збаўлення.                 

Апавядаў адзін місіянер, які служыць сярод эскімосаў на далёкай поўначы, як ён прыехаў да іх узімку. Ён убачыў у касцёле печ з вялікі комінам, выведзеным высока над дахам, і прыгатаваныя дровы. Калі печ была напаленая і дым высока ўзносіўся над ваколіцай, людзі пачалі зыходзіцца да касцёла на набажэнства. Здалёк быў бачны дым і чутны яго пах як знак для мясцовых католікаў, што прыехаў місіянер-святар і будзе цэлебравацца святая Імша. Гэтая сітуацыя паказвае, як людзі паслугоўваюцца рознымі знакамі, каб засігналізаваць запрашэнне на малітву, у касцёл, на супольную цэлебрацыю і праслаўленне Пана. Ці будзе гэта дым з коміна, як у старадаўніх эскімосаў, ці гранне на бубне, ці біццё молатам аб шыну, ці рассылка смс-паведамленняў, ці нейкі іншы спосаб званення, як напрыклад сучасныя электронныя званы – усё гэта мае адну і тую ж галоўную мэту: нагадаць, што Бог чакае, што касцёл адчынены, што адбываецца нешта важнае, каб дапамагчы чалавеку на шляху збаўлення (гл. Sacrosanctum Concilium, 37).

Усведамленне значэння касцёльных званоў нараджае шматгранную культуру карыстання імі і дбання пра іх. Наяўнасць касцёльных званоў – гэта ў нейкім сэнсе абавязак парафіі. Таму заахвочваю вернікаў і душпастыраў, каб паклапаціліся пра выгляд і стан касцёльнай званніцы, аднаўленне і ўстанаўленне новых званоў у сваіх святынях. Важна, каб у парафіі была асоба адпаведна падрыхтаваная, якая паклапоціцца пра званы, будзе іх абслугоўваць, рамантаваць. У месцах, дзе ёсць такая патрэба, варта паклапаціцца, каб парафія аддзячвала за працу пастаяннага званара. Тое самае адносіцца да працы электрыка ці іншага майстра, які пастаянна абслугоўвае электронныя званы, каб яны добра функцыянавалі. Гэта будзе ахвярай парафіі, каб штодня ў адпаведную пару мелодыя званоў нагадвала ўсім пра Пана Бога. Будзем жа ўдзячныя і ахвярна паклапоцімся пра званы і асобаў, якія аб іх дбаюць.

Наша дыяцэзія рыхтуецца да стагоддзя яе ўстанаўлення. У межах падрыхтоўкі да гэтага значнага юбілею, заахвочваю ўсе парафіяльныя супольнасці на чале з душпастырамі, каб паклапаціліся аб аднаўленні святыняў і касцёльных званоў. Няхай гэты традыцыйны выраз нашай веры загучыць адноўленым голасам званоў ва ўсіх касцёлах і капліцах. Часам гэты звон можа стаць для некаторых імпульсам, каб знайсці дарогу да Касцёла. Ведаем, што ў сувязі з міграцыяй людзей у новыя месцы жыхарства і працы, часта нават веруючыя асобы губляюцца, ім цяжка знайсці святыню ў новым месцы. А голас звону можа ім дапамагчы, каб успомніць пра касцёл, знайсці яго ў кожным месцы жыхарства (гл. Sacrosanctum Concilium, 23).      

Калі парафія становіцца перад заданнем набыцця новых касцёльных званоў, разумеем, што яно патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Але калі ўсвядомім, сколькі духоўнага дабра атрымае парафія і ўся мясцовасць праз гэтыя званы, то варта пра іх старацца. Сколькі ж гісторыя ведае выпадкаў, калі голас касцёльнага звону выратаваў нейкую асобу ад самагубства, розных цяжкіх грахоў, нагадаў аб малітве за памерлых. Як моцна гэты гук адганяе злых духаў і звяртае думкі чалавека да Бога. Сколькі ж людзей ступіла на шлях збаўлення, пачалі маліцца, калі пачулі голас касцёльнага звону. Цяжка палічыць і назваць усе духоўныя даброты, якія зыходзяць на парафію праз гэты так важны традыцыйны спосаб яднання чалавека з Панам Богам.

Дарагія браты і сёстры! Летні перыяд для многіх веруючых людзей з’яляецца часам актыўнага ўдзелу ў разнастайных пілігрымках, рэкалекцыях, духоўных сустрэчах. Гэта важна і збавенна. Дадайма ж да гэтай актыўнасці таксама высілак, каб задбаць пра нашыя святыні, а таксама пра званніцы і касцёльныя званы. Адшукайма нашыя старыя званы, можа яны дзесьці захваліся. Іх вяртанне дазволіць выкарыстоўваць іх па прызначэнні згодна з воляй ахвярадаўцаў. Асабліва дапамагайма малым парафіяльным супольнасцям, якія маюць абмежаваныя магчымасці. Няхай салідарная дапамога іншых парафій будзе для іх падтрымкай у належным утрыманні касцёла, капліцы і званоў. Няхай кожная парафіяльная супольнасць добра выкарыстае гэты час, каб мы змаглі належна падрыхтавацца да стагоддзя Пінскай дыяцэзіі.     

На плённы перыяд летняга адпачынку, аднаўлення сілаў, а таксама духоўнага і фізічнага высілку няхай Добры Бог благаслаўляе.

+ Антоні Дзям’янка

       Біскуп Пінскі

Пінск, 20.05.2023 г.

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка

Аб малітве за памерлага Папу эмэрыта Бэнэдыкта XVІ ў парафіях Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

31 снежня 2022 г. адышоў у вечнасць Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ. Ён быў 265 наступнікам Святога Пятра і ўзначальваў Апостальскую Сталіцу з 19 красавіка 2005 г. да 28 лютага 2013 г. Пахавальная святая Імша адбудзецца 5 студзеня 2023 г. на плошчы святога Пятра ў Рыме. Яе ўзначаліць Святы Айцец Францішак.

Заахвочваю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі, каб у дзень пахавання Папы эмэрыта Бэнэдыкта XVІ усе парафіі і супольнасці далучыліся да малітвы за памерлага Пантыфіка. Прашу вялебных святароў аб цэлебрацыі святой Імшы з удзелам шматлікіх вернікаў, асабліва ў дзень пахавання Папы (фармуляр св. Імшы: стар. 1537-1539 РМ). Прашу таксама, каб у дзень пахавання Бэнэдыкта XVІ 5 студзеня 2023 г. перад святой Імшой за памерлага Пантыфіка эмэрыта загучалі касцёльныя званы ва ўсіх парафіях нашай дыяцэзіі.

Дыяцэзіяльная падзяка за жыццё і пантыфікат Бэнэдыкта XVІ адбудзецца падчас святой Імшы ў нядзелю 8 студзеня 2023 г. ў Пінскай катэдры. Запрашаю да ўдзелу ў гэтай цэлебрацыі святароў і ўсіх вернікаў нашай дыяцэзіі.

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі   

Пінск, 3 студзеня 2023 г.    

 

Бэнэдыкт XVI адышоў у вечнасць

У апошні дзень 2022 года адышоў у вечнасць Бэнэдыкт XVI, 265-ы Папа, які знаходзіўся на пасадзе святога Пятра з 19 красавіка 2005 года па 28 лютага 2013 года.

Апошнія гады свайго жыцця Папа эмэрыт правёў у кляштары Mater Ecclesiæ на тэрыторыі Ватыкана, дзе ў цішыні і адасобленасці малітваю падтрымліваў святы Касцёл і свайго наступніка Папу Францішка. 

Пра смерць Бэнэдыкта XVI са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні

паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«З болем паведамляю, што Папа эмэрыт Бэнэдыкт XVI памёр сёння ў 9.34 у кляштары Mater Ecclesiæ у Ватыкане. Дадатковая інфармацыя з’явіцца як мага хутчэй»,

— сказаў ватыканскі прэс-сакратар.

Вернікі змогуць развітацца з Бэнэдыктам XVI у панядзелак 2 студзеня 2023 года. У гэты дзень цела Папы эмэрыта будзе выстаўлена ў базыліцы святога Пятра ў Ватыкане.

паводле Catholic.by

https://catholic.by/3/news/vatican/15385-benedykt-xvi-adyshou-u-vechnasts

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка з нагоды распачацця ў Пінскай дыяцэзіі Года надзеі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-ай гадавіны Пінскай дыяцэзіі

“Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй” (Рым 15, 13).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

         Год таму, у першую нядзелю Адвэнту, мы распачалі вялікую духоўную падрыхтоўку да святкавання юбілею сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі. Першы год падрыхтоўкі быў прысвечаны тэме веры. Усе разам мы прыкладалі шматлікія намаганні, каб з Божай дапамогай аднавіць усё, што з’яўляецца выразам – знешнім і ўнутраным – нашай веры: малітоўнае жыццё, выгляд святынь, прыдарожных крыжоў і капліц, рэлігійных знакаў у кожным нашым доме і месцы працы. Дзякуем Міласэрнаму Богу за гэты плённы час духоўнага аднаўлення.

Сёлета, у першую нядзелю Адвэнту 2022 г., мы распачынаем другі год падрыхтоўкі да радаснага юбілею: Год надзеі. Хочам прысвяціць гэты час асабліваму высілку па аднаўленні ўсяго, што звязана ў нашым жыцці з хрысціянскай цнотай надзеі.

Наша надзея – гэта перадусім маладое пакаленне вернікаў: дзяцей, моладзі, маладых сужэнстваў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў – будучых святароў. Яны – тыя, хто патрабуе найбольшага нашага клопату і падтрымкі, каб дадзеная ім у святых сакрамэнтах ласка прынесла шчодрыя плёны ў будаванні Божага Валадарства.

Наша надзея – гэта ўжо адноўленыя і на нова пабудаваныя парафіяльныя святыні, дзе кожны жадаючы можа перажыць асаблівую сустрэчу з жывым Богам, карміцца святымі сакрамэнтамі Касцёла.

Наша надзея – гэта ўсе тыя, хто нястомна абвяшчае Божае слова, нясе святло Евангелля з дапамогай вуснага і друкаванага слова, якое гучыць на шматлікіх рэкалекцыях, духоўных сустрэчах і набажэнствах. Гэта тыя, хто абвяшчае Божае слова з дапамогай часопісаў і газет, радыё і тэлебачання, шматлікіх інтэрнэт-пляцовак і сацыяльных сетак. Гэта ўсе тыя, хто рупіцца ў справе новай евангелізацыі і катэхізацыі, дзеліцца скарбам веры з дзеткамі, моладдзю, сужанствамі, веруючымі і няверуючымі.

Наша надзея – гэта адноўленыя і добра функцыянуючыя парафіяльныя супольнасці, з’яднаныя ў  адзіную дыяцэзіяльную сям’ю праз ахвярнае служэнне святароў, дыяцэзіяльнага біскупа, канферэнцыі біскупаў, апостальскага нунцыя, трываючы разам у еднасці са Святым Айцом Францішкам – наступнікам святога Пятра і бачным галавою Хрыстовага Касцёла.

Наша надзея – гэта глыбокія хрысціянскія карані, якімі прасякнута і на якіх апіраецца культура нашага народа. Гэта тая багатая спадчына і моцны падмурак веры шматлікіх пакаленняў нашых продкаў, на якіх мы ўпэўнена можам будаваць нашу будучыню.

Наша надзея – гэта сведчанне веры, бясцэнны скарб досведу і, як верым, магутнага нябеснага заступніцтва вялікіх нашых папярэднікаў на шляху збаўлення, жыццёвы шлях якіх быў звязаны з парафіямі Пінскай дыяцэзіі. Гэта святы Андрэй Баболя, галоўны нябесны заступнік нашай дыяцэзіі, святы Казімір, рэліквіі якога захоўваліся ў Ружанскім касцёле, святы Рафал Каліноўскі, які ў свой час жыў і працаваў у Брэсце, святы Язафат Кунцэвіч, благаслаўлёная Баляслава Лямэнт, Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, першы біскуп Пінскі, сведка веры – кардынал Казімір Свёнтэк і шматлікія іншыя духоўныя і свецкія асобы, якія будавалі моцную надзею на будучыню Касцёла на нашай зямлі.

Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі актыўна ўключыцца ў духоўнае перажыванне Года надзеі, ахінуць асаблівай малітвай, падтрымкай і клопатам усе тыя сферы нашага духоўнага жыцця, якія мацуюць нашу надзею. Няхай Дух Святы напоўніць нашыя сем’і, асабліва дзяцей і моладзь, руплівасцю ў справе паглыблення веры і  ў будаванні сённяшняга і заўтрашняга дня свайго жыцця на моцным падмурку, якім ёсць Езус Хрыстус – Адзіны Збавіцель свету.      

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, 22 лістапада 2022 г.     

Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэтае Паведамленне вернікам падчас кожнай св. Імшы ў першую нядзелю Адвэнту 27.11.2022 г. і размесцяць яго тэкст на табліцы аб’яваў перад касцёлам на перыяд усяго “Года надзеі”.

У Пінскай дыяцэзіі новыя прызначэнні

У Пінскай дыяцэзіі адбыліся наступныя персанальныя змены ў служэнні некаторых святароў:

  • Кс. Вінцэнт Сяўрук завяршыў служэнне як пробашч у парафіях у Мядзведзічах і Ліпску, і распачаў служэнне як пробашч у парафіях у Паланэчцы і Ішкалдзі.
  • Кс. Леанард Акалатовіч завяршыў служэнне як пробашч у парафіях у Паланэчцы і Ішкалдзі, і распачаў служэнне як пробашч у парафіях у Мядзведзічах і Ліпску.
  • Кс. Тадэвуш Шэшка FDP завяршыў служэнне як пробашч у парафіях у у Лагішыне і Целяханах, таксама як дэкан Пінскага дэканата і кусташ санктуарыя Маці Божай Лагішынскай, і распачаў служэнне як пробашч у парафіях у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы, а таксама як кусташ санктуарыя Святога Андрэя Баболі ў Іванаве.
  • Кс. Павел Кручэк завяршыў служэнне як пробашч у парафіях у Іванаве, Драгічыне і Бездзежы, і распачаў служэнне як пробашч у парафіях у Лагішыне і Целяханах, а таксама як дэкан Пінскага дэканата і кусташ санктуарыя Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.
  • Кс. Юрый Пракапюк распачаў служэнне на пасадзе дыяцэзіяльнага каардынатара Лагішынскага Дома Міласэрнасці.
  • Кс. Юрый Варанко з 10 верасня завяршае сваё служэнне як пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі, а таксама як дырэктар каталіцкай дабрачыннай місіі “Карытас-Міласэрнасць” у Гомелі. З 10 верасня гэты святар распачне служэнне як пробашч парафій у Мазыры і Калінкавічах.
  • Кс. Аляксандр Канановіч з 10 верасня завяршае сваё служэнне як пробашч парафій у Мазыры і Калінкавічах, і распачынае служэнне як пробашч парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі.
  • А. Леанарад Адушкевіч OSPPE з 10 верасня распачынае служэнне як дырэктар каталіцкай дабрачыннай місіі “Карытас-Міласэрнасць” у Гомелі.
  • Кс. Павел Мазан прызначаны прадстаўніком Пінскай дыяцэзіі ў Мітрапалітальным касцёльным судзе ў Мінску.

У Лагішыне адзначылі 25-гадовы юбілей каранацыі цудадзейнага абраза Каралевы Палесся

12 і 13 жніўня ў Лагішыне праходзілі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.

Адметнасць сёлетняга фэсту ў дыяцэзіяльным санктуарыі на Піншчыне — юбілей 25-годдзя з часу каранацыі цудатворнай іконы Маці Божай Лагішынскай і абвяшчэння Яе Каралевай Палесся і Апякункай Пінскай дыяцэзіі.

У першы дзень урачыстасці Лагішын вітаў пілігрымаў з Баранавічаў і Бярозы, а позна ўвечары тут адбылася святая Імша для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

На другі дзень святкаванне ў Лагішыне завяршылася ўрачыстай Эўхарыстыяй. Па запрашэнню біскупа Дзям’янкі цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Вітаючы прысутных на ўрачыстасці святароў, сясцёр законных, пілігрымаў, гасцей і мясцовых вернікаў, арцыпастыр адзначыў, што «менавіта ў Год гістарычнай памяці, вяртаючыся да каранёў малой радзімы, мы, як дзеці, прыходзім у дом нашай Маці, каб прасіць Яе аб дапамозе ва ўсіх нашых патрэбах».

Падчас святой Імшы з Божым словам да прысутных звярнуўся Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі заахвоціў прысутных быць вернымі Богу падобна Марыі, сем абразоў якой былі каранаваны ў Беларусі за час пантыфікату святога Яна Паўла ІІ: у Брэсце, Лагішыне, Будславе, Гродне, Тракелях, Гудагаі і Браславе.

«Маці Божая ахінула ўсю Беларусь сваёй матчынай апекай. І таму мы як сапраўдныя дзеці сваёй Маці звяртаемся да Яе словамі старажытнай малітвы: „Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што ніколі не здаралася, каб пакінула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу кліча…“»— працытаваў біскуп словы малітвы да Багародзіцы, складзенай святым Бэрнардам.

На заканчэнне урачыстасцяў Мітрапаліт Юзаф Станеўскі ў лучнасці з біскупамі ўдзяліў усім сабраным апостальскае благаслаўленне.

Юбілейныя пешыя пілігрымкі да Маці Божай Лагішынскай распачнуцца 9 жніўня з Бярозы і Баранавічаў

9-12 жніўня сотні пешых пілігрымаў з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі
плануюць вырушыць традыцыйным шляхам з Баранавічаў і Бярозы, каб прайсці
паломніцтвам да слыннага ласкамі санктуарыя Багародзіцы ў мястэчку Лагішын каля
Пінска.
Сёлетнія пешыя пілігрымкі прымеркаваныя асаблівым чынам да юбілею 25-годдзя
увянчання папскімі каронамі цудадзейнай выявы Марыі і абвяшчэння Маці Божай
Лагішынскай, Каралевы Палесся, Апякункай Пінскай дыяцэзіі.
Пачатак пілігрымкі Баранавічы – Лагішын: 9 жніўня а 8.00 з касцёла святога Зыгмунта
(Баранавічы, вул. Энтузіястаў, 51).
Падрабязная інфармацыя: +375 29 7273198 (ксёндз Андрэй), pinskdioces@gmail.com
Арганізатары просяць усіх, хто плануе ўзяць удзел у Баранавіцкай пілігрымцы зарэгістравацца перайшоўшы па наступнай спасылцы: тут


Пачатак пілігрымкі Бяроза – Лагішын: 9 жніўня а 8.30 з касцёла Найсвяцейшай Тройцы
(Бяроза, вул. Леніна, 1А).
Падрабязная інфармацыя: +375 29 790 80 16 (ксёндз Уладзімір), vbsac@tut.by

Юбілейныя ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай у Лагішыне адбудуцца 12-13 жніўня.

3 жніўня распачнецца пілігрымка з Мазыра да Маці Божай Гомельскай


З 3 па 9 жніўня пройдзе Трэцяя пешая пілігрымка Мазыр – Гомель да Маці Божай Гомельскай.

Пілігрымку арганізуе айцец Леанард Адушкевіч з супольнасці святога Паўла, Першага Пустэльніка, і каманда каардынатараў.

Працягласць пілігрымкі 7 дзён. За гэты час пілігрымы пройдуць 170 кіламетраў па маляўнічых мясцінах усходняга Палесся.

Для ўдзелу ў пілігрымцы неабходна прайсці анлайн-рэгістрацыю ТУТ>>>

Падрабязная інфармацыя аб пілігрымцы ТУТ>>>

Па пытаннях можна звяртацца да каардынатараў па тэлефонах / Viber:

+375 (44) 512 10 14 – Дар’я

+375 (29) 236 63 81 – Кірыл


Памёр а. Яфрэм Бісага, былы душпастыр Гомельшчыны

Курыя Пінскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што на 85 годзе жыцця памёр а. Яфрэм Бісага Ocist, цыстэрс, шматгадовы душпастыр і аднавіцель Касцёла на Гомельшчыне.

Айцец Яфрэм нарадзіўся ў 1935 г. ў Польшчы, з юнацтва пачаў служэнне ў манаскім Ордэне Цыстэрсаў. Пасля святарскіх пасвячэнняў у 1974 г. шмат гадоў працаваў у Аўстрыі. На заклік Папы Яна Паўла ІІ аб душпастырскай дапамозе ў посткамуністычных краінах, у 1994 г. распачаў служэнне ў Беларусі на Гомельшчыне. Кардынала Казімір Свёнтэк даручыў яго пастырскай апецы парафіі на тэрыторыі Калінкавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў. Дзякуючы руплівасці гэтага святара і старанням мясцовых вернікаў, удалося не толькі адрадзіць 4 парафіі ў гэтых раёнах, але і адбудаваць на нова ў кожнай з іх прыгожыя парафіяльныя святыні: у Калінкавічах, Петрыкаве, Капаткевічах і Брынёве.

У 2006 г. а. Яфрэм быў пераведзены на далейшае служэнне з Беларусі ва Украіну ў Данецкую вобласць (Арцем’еўск, Славянск). У 2019 г. вярнуўся ў Польшчу, дзе працягваў манаскае і пастырскае служэнне ў парафіі пры кляштары цыстэрцаў у г. Сулеюв да канца свайго жыцця.

Пхаванне а. Яфрэма адбудзецца 10 лістапада (аўторак) а 11.00 гадзіне ў касцёле пры абацтве цыстэрсаў у г. Ванхоцк (Wąchock) у Польшчы. Просім аб малітве за святой памяці спачылага ў Пану а. Яфрэма, які залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Касцёла на Гомельшчыне. 

Вечны адпачынак дай яму, Пане. А святло вечнае няхай яму свеціць. Няхай адпачывае ў супакоі вечным.