Гісторыя

 

Пінская дыяцэзія: гісторыя і сучаснасць

Заходняе хрысціянства на землях сучаснай Беларусі пачало распаўсюджвацца яшчэ ў ІХ ст. Прычым яно выступала не толькі ва ўсходняй (візантыйскай) форме, але і ў заходняй. У 1009 г. “на сумежжы Літвы і Русі” г. зн. недзе на паўднёвым захадзе Беларусі, прапаведваў нямецкі біскуп св. Бруна Баніфацый з Кверфурта. Св. Бруна і некалькі яго памочнікаў загінулі мучаніцкай смерцю ад рук язычнікаў.

Прыкладна ў той самы час (паміж 1008 і 1013 гг.) тураўскі князь Святаполк ажаніўся з дачкою польскага князя (будучага караля) Баляслава Храбрага. Разам з маладой князёўнай у Тураў прыбылі святары лацінскага абраду на чале з біскупам Рэйнбернам. Было заснавана першае біскупства. Крыніцы сведчаць, што Рэйнберн не толькі выконваў функцыю духоўнага кіраўніка маладой князёўны, але і актыўна прапаведваў каталіцкую веру сярод насельніцтва. Місіянерская справа, аднак, хутка спынілася па прычыне неспрыяльнай палітычнай сітуацыі і перашкодаў з боку Кіеўскага князя Уладзіміра.

У сярэдзіне ХІІІ ст. другім значным цэнтрам каталіцтва стаў Навагрудак – першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. (Мы бярэм яго пад увагу, паколькі Навагрудчына ў 1920-30-х гг. уваходзіла ў склад Пінскай дыяцэзіі). У 1251 г. першы навагрудскі князь Міндоўг выправіў у Рым афіцыйнае і адмысловае пасольства. Яно было надзвычай плённым: Папа Інацэнт ІV прыняў усе землі Міндоўга і яго з сям’ёю пад абарону і юрысдыкцыю Апостальскай Сталіцы. У 1253 г. па благаслаўленні таго ж Папы князь быў каранаваны Кульмскім (Хэлмінскім) біскупам Генрыкам. На Наваградскіх землях было заснавана біскупства. У 1260 г. Міндоўг адрокся ад каталіцкай веры і страціў правы на каралеўскі тытул.

Распаўсюджванне каталіцкай веры ў Беларусі больш актыўна вялося з канца ХІV ст. Напрыканцы ХV ст. налічвалася ўжо каля 150 парафій. Пашыралася колькасць кляштараў. Самы першы кляштар з’явіўся ў 1396 г. у Пінску. Яго заснавалі францысканцы.

У сярэдзіне ХVІІ стагоддзя на тэрыторыі паміж Пінскам і Янавам Палескім прапаведваў святы Андрэй Баболя, езуіт. Ён загінуў ад рук казакаў 16 мая 1657 г. Св. Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі. На тэрыторыі, якая сёння ўваходзіць у яе склад розныя манаскія супольнасці вялі актыўную місіянерскую дзейнасць. Акрамя кляштароў такіх вядомых ордэнаў, як дамініканцы, езуіты, бенедыктынцы, кармеліты, тут быў адзіны ў Беларусі кляштар ордэну картузіянцаў у Бярозе (1689 г) і кляштар барталамітаў у Пінску (1695 г.).

У 1794 г. Магілёўскім арцыбіскупам С. І. Богуш-Сестранцэвічам была зробленая першая спроба заснаваць дыяцэзію з цэнтрам у Пінску. Аднак яна праіснавала ўсяго чатыры гады і была скасавана, а яе тэрыторыя ўвайшла ў склад утворанай у 1798 г. Мінскай дыяцэзіі.

Новае стварэнне дыяцэзіі адбылося ў першай палове ХХ стагоддзя. Гэты працэс быў цесна звязаны з адраджэннем Польскай дзяржавы – Другой Рэчы Паспалітай. У 1918 г. Польшча атрымала незалежнасць, а ў 1921 г. аформіліся яе ўсходнія межы, якія ахапілі частку заходнебеларускіх зямель. Папа Пій ХІ на падставе булы “Vixdum Poloniae unitas” ад 28 кастрычніка 1925 г. рэарганізаваў адміністрацыйныя адзінкі Каталіцкага Касцёла ў Польшчы. Змяніліся межы некаторых дыяцэзій і ўзніклі новыя, а сярод іх – Пінская.

Першым кіраўніком Пінскай дыяцэзіі стаў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі (1870 – 1932). За некалькі тыдняў да заснавання дыяцэзіі ён пераехаў з Навагрудку на сталае месца жыхарства ў Пінск. Пастыра радасна сустрэла вялікая колькасць гараджан, прычым не толькі хрысціянскага веравызнання. Са сваёй першай прамовай да ўсіх дыяцэзіянаў біскуп З. Лазінскі звярнуўся каля брамы касцёла езуітаў. Яго разам з супрацоўнікамі чакала нялёгкая праца па аднаўленні рэлігійнага жыцця на Палессі.

У 1925 г. былі ўтворана дыяцэзіяльная курыя. З 1926 г. пачалася дзейнасць дыяцэзіяльнай друкарні і Дыяцэзіяльнага Інстытуту Акцыі Каталіцкай. 1 мая 1927 г. была створана катэдральная капітула.

Асаблівае месца ў гісторыі Пінскай дыяцэзіі займае Духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага. Яна пачала дзейнічаць 12 верасня 1925 г. у мурах былога францысканскага кляштара ў Пінску. Сярод яе выпускнікоў такія славутыя асобы, як мучанік Другой сусветнай вайны кс. Мечыслаў Багаткевіч, Слуга Божы кс. Аляксандр Зянкевіч, прафесар Акадэміі Каталіцкай Тэалогіі ў Варшаве ксёндз пралат Уладзіслаў Гладоўскі, біскуп Драгічынскі Уладзіслаў Ендрушук, кардынал Казімір Свёнтак, святары Гжэгаж Каласоўскі, Станіслаў Лазар, Ежы Росяк, Станіслаў Рыжка і інш.

Пасля вайны тэрыторыя Пінскай дыяцэзіі амаль цалкам ўвайшла ў склад БССР. Тая частка, што засталася ў межах Польшчы ўзначальвалася апостальскім адміністратарам з рэзідэнцыяй у Драгічыне-над-Бугам. Функцыю адміністратараў выконвалі  ксёндз-інфулат Міхал Кшывіцкі (1950 – 1967) і ксёндз біскуп Уладзіслаў Ендрушук (1967 – 1991). У самой жа Беларусі ад 31 снежня 1946 г. генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі доўгі час з’яўляўся кс. Вацлаў Пянткоўскі. Пад яго кіраўніцтвам у вёсцы Мядзведзічы, Ляхавіцкага раёна, некаторы час функцыянавала падпольная духоўная семінарыя, у якой было падрыхтавана да святарства 10 чалавек.

У 1991 г. біскуп Ендрушук стаў на чале новастворанай Драгічынскай дыяцэзіі. З атрыманнем Беларуссю незалежнасці пачалося адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла і новы этап у гісторыі Пінскай дыяцэзіі.

Сёння Пінская дыяцэзія ўключае ў сябе дзве вобласці Беларусі – Гомельскую і Брэсцкую. З 2012 г. яе ўзначальвае біскуп Антоні Дзям’янка. Душпастырская праца ажыцяўляецца ў 79 парафіях, аб’яднаных у сем дэканатаў. У дыяцэзіі апроч духоўнай семінарыі дзейнічае адзіная ў Рэспубліцы Беларусь свецкая каталіцкая навучальная ўстанова – Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, які рыхтуе спецыялістаў у галіне хрысціянскай педагогікі і псіхалогі.

На абшарах Пінскай дыяцэзіі знаходзіцца два санктуарыі – Маці Божай, Каралевы Палесся, у г.п. Лагішын і св. Андрэя Баболі ў Іванава. У в. Ішкалдзь, Баранавіцкага раёна, знаходзіцца самы старажытны ў Беларусі касцёл, пабудаваны ў 1472 г. у гатычным стылі. Дыяцэзія славіцца тым, што мае тры цудатворных абразы: Маці Божая Берасцейская, Маці Божая Лагішынская (Каралева Палесся) і Маці Божая Юравіцкая.

Вялікае значэнне ў дыяцэзіі мае экуменічнае супрацоўніцтва з іншымі хрысціянскімі канфесіямі і міжрэлігійны дыялог. Большасць насельніцтва тут вызнае праваслаўе. Праваслаўныя вернікі аб’ядноўваюцца ў чатыры епархіі: Пінскую на чале з архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам, Гомельскую на чале з епіскапам Гомельскім і Жлобінскім Стэфанам, Тураўскую на чале з епіскапам Тураўскім і Мозырскім Леанідам і Брэсцкую на чале з епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам. Пратэстанцкія абшчыны прадстаўлены Хрысціянамі веры евангельскай, Евангельскімі хрысціянамі-баптыстамі і інш.

У Брэсце, Пінску, Баранавічах, Гомеле і Мазыры існуюць яўрэйскія абшчыны. У Гомеле і Брэсце ёсць абшчыны мусульман.