Былыя біскупы

Posted on by

Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі – першы біскуп Пінскай дыяцэзіі

Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 г. у маёнтку Барацін каля Навагрудка ў сям’і Уладзіслава Альберта і Людвікі Марыі з дому Чэчат. Вучыўся ў класічнай гімназіі ў Варшаве. Першую Святую Камунію ён прыняў 11 чэрвеня 1883 г. у касцёле айцоў кармелітаў у Варшаве. Ад свайго дзядзькі кс. Вітольда Чэчата, духоўнага айца Пецярбургскай семінарыі, атрымаў тады абразок з надпісам: “Зыгмусю, верна захоўвай тое, што абяцаў Пану Езусу ў дзень Першай Святой Камуніі”. У тым жа годзе атрымаў у Варшаўскай катэдры сакрамэнт бежмавання. У 1887 г. Зыгмунт паехаў працягваць вучобу ў Пецярбург, дзе жыў у будынку семінарыі пад апекай дзядзькі. Тады ж ён адчуў пакліканне да святарства. Вучыўся два гады ў семінарыі, а потым у Духоўнай Акадэміі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 23 чэрвеня 1895 г.

Ад моманту пасвячэння ў святары З. Лазінскі актыўна займаўся душпастырствам, навуковай працай і выкладаннем у семінарыі. Выконваў абавязкі вікарыя ў Смаленску, Туле і Рызе, быў пробашчам у Волчкавічах, Анопалі і Мінскай катэдры. Зыгмунта Лазінскага характарызавала непахіснасць у справе абароны каталіцкай веры. Так, напрыклад, за абарону свайго брата, які адмовіўся ўдзельнічаць у праваслаўным набажэнстве, кс. Зыгмунт быў сасланы царскімі ўладамі ў Латвію ў Аглону, дзе прабываў да 1900 г. Потым зноў працягваў працу ў якасці прафесара Пецярбургскай семінарыі.

2 лістапада 1917 г. Папа Бэнэдыкт XV менаваў яго біскупам адноўленай Мінскай дыяцэзіі. Кансэкрацыя адбылася 28 ліпеня 1918 г. у Варшаве. Але новы біскуп знаходзіўся ў Мінску толькі да 1921 г. За гэты кароткі час ён двойчы арыштоўваўся савецкай уладай. Выехаць у Польшчу ўдалося толькі праз тры месяцы пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы (1921 г.).

У 1925 г. Папа Пій ХІ даручыў біскупу З. Лазінскаму новаўтвораную Пінскую дыяцэзію. Іерарх цалкам аддаваўся служэнню, на якое яго натхняла любоў да Бога і бліжняга. Ён меў яснае ўсведамленне велічы ўдзелу ў Хрыстовым Святарстве, але разам з тым адчуваў уласную слабасць і недасканаласць. Ён умеў бясконца давяраць Божаму Провіду і адначасова рэалістычна глядзець на розныя матэрыяльныя справы. Адзначала біскупа Зыгмунта Лазінскага глыбокая пашана і набажэнства да Маці Божай, наследванне Яе цнотаў, а таксама культ Эўхарыстычнага Хрыста. Да канца жыцця пастыр святкаваў кожную гадавіну Першай Святой Камуніі, часта праводзіў ночы, лежачы крыжам перад табернакулюмам. Найважнейшымі цнотамі, якімі павінен валодаць святар, Зыгмунт Лазінскі лічыў любоў да бліжніх, жывую веру, любоў да Бога і Касцёла, паслухмянасць біскупу, разважлівасць і апостальскую адвагу. У яго асабістым жыцці яны не аднойчы адкрыта праяўляліся. Узгадваюць, што пэўнага разу біскуп аддаў бедным усе свае грошы да апошняга злотага, а калі грошы скончыліся, то гатовы быў зняць з сябе футра, каб аддаць яго ўбогім. Падчас паездак на цягніках пастыр карыстаўся выключна вагонамі трэцяга класа.

Біскупа З. Лазінскага характарызавала і вялікая хрысціянская любоў да Айчыны. Вызнаючы сябе палякам, ён талерантна і з пашанаю адносіўся да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей і веравызнанняў, быў праціўнікам усялякага шавінізму і нецярпімасці. Ягонымі супрацоўнікамі былі не толькі ксяндзы-палякі, але і вядомыя дзеячы беларускага хрысціянскага адраджэння: ксяндзы Ф. Абрантовіч і Л. Хвецька. Зыгмунт Лазінскі марыў і аб адзінстве ўсіх хрысціян. З гэтай мэтай ён арганізоўваў унійныя канферэнцыі, клапаціўся, каб семінарысты ведалі ўсходнюю літургію, прыгажосць якой сам вельмі цаніў.

На карысць чысцовых душаў біскуп адмовіўся ад малітваў, якія будуць узносіцца да неба пасля яго смерці. Фізічныя пакуты апошніх дзён свайго жыцця ён прымаў з радасцю і прасіў будзіць яго, калі надыдзе апошняя хвіліна, бо, як сам казаў: “Не хацеў бы праспаць прыгожую хвіліну, якою з’яўляецца смерць у жыцці чалавека”. З. Лазінскі адышоў да Бога як верны Яго слуга ў Вялікую Суботу, 26 сакавіка 1932 г.

Біскуп Казімір Букраба

(1885 – 1946)

Пасля адыходу ў вечнасць Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага Пінскую дыяцэзію ўзначаліў біскуп Казімір Букраба.

Казімір Букраба нарадзіўся ў Гродна ў 1885 г. у сям’і служачага. У родным горадзе ён скончыў школу, а да святарства рыхтаваўся, вывучаючы філасофію і тэалогію ў Санкт-Пецярбургу (1904 – 1908 гг.) і ў Інсбруку (Аўстрыя). Святарскае пасвячэнне атрымаў у Кракаве ў 1909 г.

Першай душпастырскай пляцоўкай ксяндза Казіміра стала катэдра ў Мінску, дзе яму былі даручаны абавязкі вікарыя. У 1912 г. ён пераехаў у Пінск і стаў рэктарам касцёла св. Карла Барамея. У Пінску ксёндз Казімір вёў таксама заняткі рэлігіі ў школах. Дзякуючы яго намаганням у 1919 г. у Пінск у свой даўні калегіум вярнуліся айцы езуіты.

З 1919 да 1928 гг. ксёндз Казімір Букраба ажыцяўляў святарскае служэнне ў Навагрудку. Там ён правёў рамонт фарнага касцёла і кіраваў працай Польска-Амерыканскага камітэта дапамогі дзецям. Ад 1928 г. святар працаваў у Брэсце, а 10 ліпеня 1932 г. Папа Пій ХІ менаваў яго біскупам Пінскай дыяцэзіі. Інгрэс адбыўся 28 жніўня 1932 г. За тыдзень да гэтага ў Віленскай катэдры прайшла біскупская кансэкрацыя ксяндза Казіміра Букрабы.

За час свайго служэння ў Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Букраба стварыў 20 новых парафій і 2 дэканаты, надаваў вялікую ўвагу працы духоўнай семінарыі. Пры ім распачалі сваю дзейнасць у дыяцэзіі манаскія супольнасці марыянаў, вербістаў і уршулянак.

Пад канец 1930-х гг. здароўе біскупа стала пагаршацца. Прычынай таму была яго ахвярная праца на карысць Касцёлу і патрасенні, выкліканыя пачаткам Другой Сусветнай вайны ў 1939 г. Некаторы час біскуп Букраба прабываў на лячэнні ў шпіталі ў Львове. У 1942 г. ён апынуўся ў Варшаве, дзе служыў Божаму народу, прымаў удзел у знакамітым Варшаўскім паўстанні. Біскуп марыў вярнуцца ў Пінск, але пры існуючых акалічнасцях зрабіць гэта было немагчымым. У 1945 г., будучы ўжо вельмі хворым, Казімір Букраба пасяліўся ў сясцёр уршулянак у Лодзі. Там жа 7 мая 1946 г. ён пакінуў гэты свет. Труна з целам біскупа да 1968 г. знаходзілася ў катэдры ў Лодзі, а пасля была перавезена ў Драгічын.

Ксёндз біскуп Казімір Букраба пражыў 61 год. З іх – 37 гадоў у святарстве і 14 у якасі Пінскага біскупа.