Лагішынскі касцёл з’яўляецца адным з галоўных духоўных цэнтраў Пінскай дыяцэзіі. З 10 мая 1997 г. ён выконвае функцыю санктуарыя. У ім ушаноўваецца цудатворны абраз Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.
З гісторыі вядома, што касцёл у Лагішыне быў пабудаваны ў 1634 г. намаганнямі Альбрэхта Станіслава Радзівіла — тагачаснага ўладальніка мястэчка. У 1893 г. касцёл быў перанесены на могілкі, дзе ў 1897 г. згарэў. Пасля гэтага католікі не мелі свайго храма і мусілі ездзіць у пінскія касцёлы.
У 1905 г. вернікі атрымалі дазвол на ўзвядзенне касцёла. Будаўнічыя работы вяліся ў 1907–1909 гг. Асвячэнне новага храма пад тытулам Святых Апосталаў Пятра і Паўла 14 ліпеня 1913 г. здзейсніў Мітрапаліт Магілёўскі Слуга Божы арцыбіскуп Вінцэнт Ключынскі.
Абраз Каралевы Палесся, які знаходзіцца ў галоўным алтары лагішынскага касцёла, мае сваю гісторыю. У час шведскіх наездаў (XVII ст.) адзін з вайсковых аддзелаў затрымаўся ў Лагішыне. Афіцэр аддзела Галабурда, які хацеў вывезці абраз, затрымаўся на пастой у сакратара горада Малішэўскага. Ён загарнуў абраз у палатно і паставіў каля дзвярэй у сенцах. Калі паступіў загад выступаць у паход, абраз застаўся за расчыненымі дзвярыма. Малішэўскія занеслі яго ў святыню, дзе абраз у хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі. Праз заступніцтва Маці Божай святыня ўцалела пры вялікім пажары, падчас якога згарэлі ўсе навакольныя дамы.
Доўгі час абраз знаходзіўся не ў касцёле, але пасля быў адноўлены, і біскуп Казімір Букраба ўрачыста змясціў яго ў галоўным алтары лагішынскага касцёла.
Дзякуючы намаганням Арцыбіскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Кардынала Казіміра Свёнтэка абраз быў адноўлены і 1 студзеня 1997 г. зноў урачыста перададзены лагішынскаму касцёлу. 10 мая 1997 г. адбылася вялікая ўрачыстасць: Кардынал Казімір Свёнтэк увянчаў лагішынскі абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках каронамі, якія асвяціў Папа Ян Павел ІІ, а таксама быў зацверджаны тытул Маці Божай у лагішынскім абразе як Каралевы Палесся і Апякункі Пінскай дыяцэзіі.
10 мая, у дзень парафіяльнага свята, якое штогод адзначаецца ў Лагішыне, Кардынал Казімір Свёнтэк, Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі, абвясціў дэкрэт аб устанаўленні ў Лагішыне санктуарыя Маці Божай.
«Беручы пад увагу духоўнае дабро Божага люду, абапіраючыся на канон 1230 Кодэкса кананічнага права, а таксама на статут 726 § 3 Сінадальнага права, святыню ў Лагішыне, у якой знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Лагішынскай, укаранаваны Папскімі каронамі, узводжу ў ранг санктуарыя Пінскай дыяцэзіі», — гаворыцца ў дэкрэце.
Два разы ў год, у маі і жніўні, у Лагішын ідуць пешыя пілігрымкі вернікаў.
Выкарыстаны матэрыялы з Catholic.by
У дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай у Лагішыне ўшаноўваецца цудатворны абраз Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Галоўная ўрачыстасць святкуецца 10 мая.
Даведка
- Тытул дыяцэзіяльнага санктуарыя: святых Пятра і Паўла
- Адпуст: 10 мая
- Адрас: 225740 вул. Кастрычніцкая, 23, г/п Лагішын, Пінскі р-н
- Тэл.: +375 (165) 31-46-95, +375 (165) 38-16-95, +375 (165) 38-12-33