Храналогія
Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага — гэта першая ў Беларусі свецкая каталіцкая навучальная ўстанова. 3 кастрычніка 2009 г., дзякуючы сумесным намаганням Яго Эмінэнцыі Кардынала Казіміра Свёнтэка, Апостальскага Адміністратара Пінскай дыяцэзіі, манаскай Супольнасці Божага Слова і мясцовых святароў кс. Алега Сількевіча і кс. Андрэя Рылкі, якія ўзяліся за непасрэдную арганізацыю дзейнасці навучальнай установы, у Баранавічах адбылося ўрачыстае адкрыццё Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага.
Урачыстасці распачаліся Святой Імшой, якую цэлебраваў Кардынал Казімір Свёнтэк. У афіцыйнай частцы інаўгурацыі ён адзначыў, што катэхетычны каледж — гэта магчымасць не толькі пашыраць свае тэалагічныя веды, увайсці ў больш цесны кантакт з Богам, але таксама навучыцца дзяліцца гэтымі ведамі і верай з іншымі.
З самага пачатку існавання каледжа пачалі складвацца яго шматлікія традыцыі. Так, 19 снежня 2009 г. адбылося першае перадкаляднае (аплаткавае) спатканне студэнтаў і выкладчыкаў. Студэнты падрыхтавалі спектакль і святочную праграму.
Перад пачаткам Вялікага посту, у лютым 2010 г., у каледжы адбылася ўрачыстасць, прысвечаная святу Ахвяравання Пана (2 лютага), якое лічыцца днём асаблівай малітвы за прысвечаных Богу асоб. З гэтай нагоды студэнты разам з выкладчыкамі арганізавалі вясёлы карнавал.
У чэрвені 2010 г. 54 студэнты, залічаныя на першы курс, скончылі свой першы навучальны год. У наступным, 2010/2011 акадэмічным годзе на першы курс былі залічаны яшчэ 25 студэнтаў. Ён распачаўся майстар-класам з надзвычай цікавымі практычнымі заняткамі па актыўных метадах катэхізацыі. У тым жа навучальным годзе адбыліся два навукова-практычныя семінары.
Асабліва памятным у гісторыі каледжа быў 2012 г., калі адбыўся першы выпуск. Дыпломы катэхетаў тады атрымалі каля 40 студэнтаў. У тым жа годзе прайшоў міжнародны семінар «Евангелізацыя і новыя сродкі камунікацый».
У 2012/2013 навучальным годзе ў каледжы была арганізавана асобная група студэнтаў — сямейных кансультантаў, якая пажадала вывучаць псіхалогію і магчымасці духоўнай дапамогі сем’ям з апорай на хрысціянскую веру і мараль.
У 2013 г. адбыўся сімпозіум «Хрысціянская тэматыка ў свецкіх СМІ». У тым жа годзе таксама былі арганізаваны курсы для сацыяльных педагогаў.
У 2013/2014 навучальным годзе пачаў сваю дзейнасць спецыяльны пазалекцыйны інфармацыйна-практычны курс «Апостал», мэта якога — пазнаёміць студэнтаў з рознымі рэлігійнымі кірункамі ў жыцці сучаснага грамадства і магчымасцямі працы з ахвярамі сект.
З 2022 г. дырэктарам катэхетычнага каледжа з’яўляецца бр. Карнэлій Консэк SVD.
У выкладчыцкі склад каледжа ўваходзяць магістры і дактары (кандыдаты) свецкіх і рэлігійных навук, якія дзеляцца сваімі прафесійнымі ведамі і навыкамі.
Плён навучання ў катэхетычным каледжы
Каледж носіць імя Зыгмунта Лазінскага — першага біскупа Пінскай дыяцэзіі, таму навучанне тут скіравана на тое, каб паглыбленне ведаў па тэалогіі, Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, кананічным праве, літургіцы, патралогіі, рэлігіязнаўстве, сацыяльным вучэнні Касцёла, філасофіі, псіхалогіі, педагогіцы, катэхетыцы і іншых прадметах вяло да ўнутранага духоўнага ўдасканалення. Галоўныя мэты каледжа — гэта ўмацаванне веры, пашырэнне рэлігійных ведаў і развіццё хрысціянскай культуры.
Унікальнасць гэтага каледжа ў тым, што тут можна атрымаць веды па тых прадметах, якія не выкладаюцца ў сучасных свецкіх навучальных установах. Маюцца на ўвазе не толькі тэалагічныя і рэлігійна-хрысціянскія навукі, але таксама дапаможныя дысцыпліны, якія спрыяюць шырэйшай рэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці лекара, педагога, псіхолага і г. д.: біяэтыка, метафізіка, сямейная катэхетыка, розныя залежнасці, сузалежнасць, МРП і шэраг іншых навук.
Цікавым і займальным прадметам з’яўляецца рэлігійны турызм. За час вучобы студэнты неаднойчы адкрываюць для сябе важныя хрысціянскія месцы, набываюць новы духоўны вопыт і незабыўныя ўражанні.
У час навучання ў студэнтаў паглыбляецца светапогляд, яны пераасэнсоўваюць жыццёвыя каштоўнасці, стаўленне да жыцця і людзей, а дзякуючы духоўнаму развіццю атрымліваюць магчымасць паспяхова змагацца са сваімі недахопамі, змяняць сябе і сваё жыццё. Гэта адбываецца як бы само па сабе пад уплывам той атмасферы, якая пануе ў каледжы.
Арганізацыя адукацыйнага працэсу
Навучанне ў каледжы працягваецца тры гады (з верасня па чэрвень). Форма навучання завочная, заняткі праводзяцца ў суботу і нядзелю два разы на месяц.
Адукацыя вядзецца па чатырох спецыялізацыях:
- катэхетыка, прадугледжаная для асоб, якія жадаюць пасля сканчэння ўстановы працаваць у парафіях у якасці катэхетаў. Дадаткова на гэтай спецыялізацыі можна атрымаць наступныя кваліфікацыі: арганізатар літургіі; арганізатар рэлігійнага турызму і адпачынку; супрацоўнік каталіцкіх СМІ;
- агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса), прадугледжаная для людзей, якія жадаюць паглыбіць свае веру і веды, вывучаючы каталіцкае багаслоўе;
- сямейнае кансультаванне, прадугледжанае для тых, хто жадае на прафесійным узроўні дапамагаць душпастырам у вырашэнні розных духоўных і маральных праблем, звязаных з сужэнскім і сямейным жыццём вернікаў;
- кансультаванне ў галіне залежнасцей, прадугледжанае для асоб, якія жадаюць прафесійна аказваць дапамогу душпастырам у вырашэнні розных духоўных і маральных праблем, звязаных з разнастайнымі залежнасцямі і сузалежнасцю вернікаў.
Дзякуючы аптымальна арганізаванай навучальнай дзейнасці і адданай працы высокакваліфікаваных выкладчыкаў навучэнцы маюць магчымасць атрымаць веды па розных дысцыплінах, прайсці духоўную фармацыю і развіць свае таленты.
Выкарыстаны матэрыялы з catcollege.by і Catholic.by
Адрас:
вул. Т. Шаўчэнкі, 6, 225411
г. Баранавічы
Тэлефоны:
+375 (0163) 57-93-14
+375 (29) 513-57-92 (МТС)
Факс:
+375 (0163) 57-93-07
Сайт: http://catcollege.by/
E-mail: callegge@gmail.com