Велікоднае віншаванне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

Благаслаўлёны Бог і Айцец нашага Пана Езуса Хрыста,

які праз вялікую сваю міласэрнасць адрадзіў нас

да жывой надзеі праз Уваскрасенне Езуса Хрыста.

1 П 1,3

 

Дарагія святары, кансэкраваныя асобы,

браты і сёстры ў Езусе Хрысце, людзі добрай волі!

     З нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Хрыста складаю сардэчныя пасхальныя віншаванні. Калі ў велікодную раніцу жанчыны стаялі каля пустой грабніцы Божага Сына, яны пачулі словы, якія ўзмацнілі іх веру: «Не бойцеся!» А таксама пачулі заклік і заданне: «Ідзіце хутчэй і абвясціце вучням» (Мц 28, 5–7). Гэты пасхальны досвед становіцца таксама нашым асаблівым удзелам падчас кожнага святкавання Вялікадня.

     Няхай перажыванне таямніцы Змёртвыхпаўстання Хрыста напоўніць нашае жыццё энтузіязмам і радасцю ў рэалізацыі пастаўленых мэт і штодзённых заданняў, насычаных падтрымліваючай прысутнасцю Збавіцеля, які для нас прайшоў праз смерць і аб’явіў трыумф жыцця.

    Радуючыся Уваскрасенню Божага Сына, жадаем быць сведкамі Яго перамогі над смерцю, грахом і ўсялякімі моцамі зла. Няхай святкаванне Яго паўстання з мёртвых напоўніць нашыя сэрцы радаснай надзеяй, якая выплывае з досведу велікоднай раніцы і факта пустой грабніцы. Няхай у гэтым часе, у якім Божы Провід дазволіў нам жыць, асабліва ў цяжкія хвіліны, у нашых сэрцах гучаць словы суцяшэння святога апостала Паўла: «Калі толькі мы церпім разам з Хрыстом, каб разам з Ім і ўславіцца» (Рым 8, 17).

  Перажываючы радасць Пасхі Божага Сына, жадаю, каб святло Яго Перамогі не пераставала напаўняць нашую штодзённасць досведам Яго пасхальнага благаслаўлення. Няхай Езус, які прыходзіць да нас са збавенным дарам новага жыцця, дадае сіл і надзеі перад абліччам разнастайных выклікаў. Напоўненыя велікодным энтузіязмам веры, абвяшчайма сваім жыццём хвалу і любоў Бога, які не перастае адорваць нас сваёй міласэрнасцю. Няхай поўнае радасці і надзеі «Аллелюя!» няспынна спадарожнічае нам і напаўняе сапраўдным спакоем.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!    

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, Вялікдзень, 2024 г.

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка на Вялікі Пост

“Навяртайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15)

 

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

 

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

  З Божай ласкі мы ўваходзім у святы час Вялікага Посту, перажываючы духоўную падрыхтоўку да сотай гадавіны заснавання Пінскай дыяцэзіі.

  Папа Францішак у Пасланні на Вялікі Пост 2024 г. піша так: “Бог намі не стаміўся. Прымем жа Вялікі Пост як моцны духоўны перыяд, калі Яго слова зноў кіруецца да нас: “Я – Пан, Бог Твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі” (Зых 20,1). Гэта час навяртання, час вызвалення”.

  Вялікі Пост – гэта час, калі мы стараемся асаблівым чынам паглыбіць нашую малітву, пост і справы міласэрнасці. Малітва і пост – гэта справы чалавека, скіраваныя на ўнутраны свет, яны будуюць чалавека і рыхтуюць яго на сустрэчу з Богам. У той жа час міласціна і ўчынкі любові да бліжняга з’яўляюцца іх вынікам, знешне выражаюць гэтае дабро, якое, дзякуючы тым першым дзвюм справам, узрастае ў чалавеку.

  На шляху лепшага разумення, чым з’яўляецца малітва, пост і міласціна ў нашым жыцці, мы патрабуем правадыроў. У гэты велікапосны перыяд, які мы перажываем у Год Любові, рыхтуючыся да юбілею нашай дыяцэзіі, няхай імі будуць нашыя першыя пастыры: Слуга Божы Біскуп Зыгмунт Лазінскі і Біскуп Казімір Букраба.

  Біскуп Лазінскі ў пастырскім лісце 20 кастрычніка 1923 г. пісаў так: “Руплівасць у малітве і аскезе – гэта пачатак і аснова хрысціянскага жыцця. Немагчыма без іх утрымацца на шляху цноты, не толькі рухацца наперад, але, калі хтосьці пра іх не дбае, той наўскрозь з’яўляецца зямным чалавекам”.

 Біскуп Казімір Букраба, наступнік Слугі Божага Зымунта Лазінскага, успрымаўся вернікамі як пастыр, які асабліва клапоціцца аб добрых адносінах з іншымі канфесіямі і рэлігіямі, якіх на прасторах Пінскай дыяцэзіі было шмат і да якіх ён ставіўся з павагай. Ксёндз Аляксей Пятрані ўзгадваў, што перыяд Вялікага Посту Біскуп Букраба перажываў у вельмі суровых умовах, адмаўляўся не толькі ад мясных страваў, але таксама абмяжоўваў час на адпачынак і вечарамі доўга заставаўся ў сваёй хатняй капліцы. У іншым месцы ўзгаданы святар так пісаў пра свайго пастыра: “Захапляе яго пабожнасць падчас правядзення набажэнстваў. Ніколі не спяшаўся, перажываў іх павольна і засяроджана. Відаць па ім была глыбокая вера і павага да святых чыннасцяў. Усё гэта рабіў натуральна. У часе Вялікага Посту Біскуп Букраба шмат спавядаў, па пятніцах праводзіў Крыжовы Шлях – сваё найбольш узлюбленае набажэнства”.

  Па сённяшні дзень у нашай дыяцэзіі вялікай дапамогай у практычным перажыванні перыяду Вялікага Посту з’яўляюцца набажэнствы Песняў Жальбы і Крыжовы Шлях. Разважанне падчас іх Мукі Пана, а таксама асабісты ўдзел, дапамагае нам адпаведным чынам паглядзець на нашае жыццё і нашыя адносіны з іншымі. Перыяд пакаяння – гэта час ачышчэння ад нашых слабасцяў і грахоў. Адпаведнае перажыванне посту выражаецца, між іншым, у абмежаванні спажывання ежы і напояў, асабліва  — алкагольных, а таксама тэлефону, камп’ютара, тэлевізара, інтэрнэта ці іншых сродкаў, якія могуць прыводзіць да залежнасцяў. Праца над гэтым узносіць нас на вышэйшы духоўны ўзровень. Дапамагае нам заўважыць асабістыя памылкі, каб іх выправіць. Аднойчы да святой Маці Тэрэзы з Калькуты звярнуўся з пытаннем журналіст: “Што трэба змяніць, каб свет стаў лепшы?” Яна яму адказала: “На колькі вы зменіцеся на лепшае і я таксама, на столькі будзе больш дабра на свеце”.

  Перыяд Вялікага Посту будзе патрабаваць ад святароў і кансэкраваных асобаў большай актыўнасці ў духоўным служэнні вернікам, каб, заклікаючы да пакаяння, яны самі станавіліся бачным знакам і прыкладам адпаведнага перажывання гэтага перыяду і ўзрастання ў цнотах. Няхай вялікай дапамогай у гэтым будуць словы Папы Францішка, якія заахвочваюць нас да адвагі ў навяртанні і вызваленні з няволі нашых грахоў. Папа кажа так: “Вера і любоў трымаюць за руку такое дзіця – надзею. Вучаць яго хадзіць, і адначасова яно цягне іх наперад”.

  Няхай гэты святы час Вялікага Посту напоўніць нашае жыццё шчодрымі пладамі духоўнага развіцця, паглыблення духа любові да Бога і бліжняга.

     З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

     Біскуп Пінскі  

Пінск, Папяльцовая серада, 14.02.2024 г.