Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка У сувязі з пандэміяй каранавіруса СOVID-19

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!

У сувязі з пандэміяй каранавіруса СOVID-19, беручы пад увагу рэкамендацыі Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ад 10.10.2020 г., абвяшчаю абавязваючыя на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі наступныя распараджэнні:

  1. Згодна з кан. 87 §1, 1245 і 1248 §2 Кодэкса кананічнага права, удзяляю дыспенсу ад удзелу ў нядзельнай і святочнай святой Імшы для наступных катэгорый вернікаў:
  • асобам сталага ўзросту, якім асабліва пагражае інфекцыя каранавіруса;
  • асобам з сімптомамі каранавіруснай інфекцыі;
  • дзецям і школьнікам, а таксама асобам, якія імі непасрэдна апякуюцца;
  • асобам, якія баяцца заражэння каранавірусам.
  1. Асобам, якія будуць карыстацца дыспенсай, рэкамендуецца лучыцца з вернікамі, сабранымі на св. Імшы, пры дапамозе сродкаў электроннай камунікацыі і прымаць духоўную святую Камунію. Шаноўныя душпастыры абавязаны растлумачыць вернікам, што такое духоўная святая Камунія, а таксама паінфармаваць іх аб магчымасцях выкарыстання трансляцый св. Імшы з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі.
  2. Ксяндзы пробашчы і адміністратары парафій абавязаны прыкласці ўсе намаганні, каб у святынях і месцах душпастырскіх спатканняў былі захаваныя адпаведныя правілы гігены: заахвочваць вернікаў карыстацца маскамі ці іншымі сродкамі аховы, забяспечыць магчымасць выкарыстання сродкаў дэзінфекцыі, а калі дазваляюць магчымасці, стварыць умовы для т.зв. сацыяльнай дыстанцыі.
  3. Пробашчаў і адміністратараў парафій, настаяцеляў манаскіх і іншых касцёльных супольнасцей прашу захаваць максімальную асцярожнасць і разважлівасць пры арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў, беручы пад увагу складаную эпідэмічную сітуацыю, і разважыць магчымасць адклікання або пераносу запланаваных спатканняў на пазнейшы час.

Дадзеныя распараджэнні дзейнічаюць з 25 кастрычніка 2020 г. і абавязваюць да адклікання.   

Давяраю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі апецы Маці Божай Лагішынскай, Каралеве Палесся, а таксама заступніцтву святога Андрэя Баболі.

На перажыванне гэтага часу ў духу даверу да Божай Міласэрнасці ўдзяляю пастырскае благаслаўленне.

+ Антоні Дзям’янка

       Біскуп Пінскі      

№150/20

Пінск, 21 кастрычніка 2020 г.

У ПІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ НОВЫЯ ПРЫЗНАЧЭННІ

У сувязі з аптымізацыяй душпастырскага служэння ў Пінскай дыяцэзіі адбыліся некаторыя змены ў месцах служэння асобных святароў:

  1. Кс. Эдуард Мажаеў прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай у в. Палонка, а таксама апекуном супольнасцяў вернікаў у в. Моўчадзь і в. Лотвічы (Баранавіцкі р-н);
  2. Кс. Павел Мазан прызначаны адміністратарам парафіі св. Юрыя ў в. Сваятычы (Ляхавіцкі р-н);
  3. Кс. Юрый Пракапюк прызначаны адміністратарам парафій у в. Лясная і в. Крошын (Баранавіцкі р-н), а таксама вікарыем парафіі св. Зыгмунта ў г. Баранавічы;
  4. Кс. Юрый Дрозд прызначаны вікарыем парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў г. Брэсце, а таксама душпастырам супольнасці вернікаў у в. Скокі (Брэсцкі р-н).

ФІГУРА СВЯТОГА МІХАЛА АРХАНЁЛА ПРЫБУДЗЕ Ў ПІНСКУЮ КАТЭДРУ

10 верасня фігура святога Міхала Арханёла, галоўнага нябеснага апекуна Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, прыбудзе ў Пінск. Перэгрынацыя фігуры пачалася з Гродна і вандруе па чатырох катэдральных касцёлах усіх дыяцэзій на Беларусі з малітвай у інтэнцыі супакою ў нашай краіне і аб магчымасці вярнуцца на Радзіму арцыбіскупа мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Вандруючая па Беларусі фігура Арханёла з’яўляецца копіяй фігуры з горнага масіву Гаргана ў Італіі – самага знакамітага месца аб’яўленняў святога Міхала. Сёння там знаходзіцца санктуарый – адзіная святыня, якая не была асвячана рукою чалавека, бо гэта зрабіў сам Арханёл.

Урачыстае ўнясенне фігуры святога Міхала Арханёла ў Пінскую катэдру адбудзецца 10 верасня ў 17.45. Перэгрынацыя распачнецца Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і святой Імшой.

Наведаць катэдральную святыню і памаліцца перад фігурай праз заступніцтва св. Міхала можна будзе да 16 верасня. У гэты дзень пасля святой Імшы а 9.00 фігура будзе перавезена ў катэдру ў Віцебск.

У Лагішыне адбыліся ўрачыстасці на ўшанаванне Маці Божай — Каралевы Палесся

21-22 жніўня ў Лагішыне каля Пінска адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці на ўшанаванне Маці Божай Каралевы Палесся, Галоўнай апякункі Пінскай дыяцэзіі.

У сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй у краіне, сёлета ў лагішынскі санктуарый не ладзіліся традыцыйныя арганізаваныя масавыя пешыя пілігрымкі. Аднак, 21 жніўня, у вігілію ўрачыстасці Маці Божай Лагішынскай, да цудадзейнай іконы Каралевы Палесся ўсё ж прыйшлі пешыя пілігрымы, якія прайшлі паломніцкі шлях індывідуальна, сем’ямі ці невялікімі сяброўскімі малітоўнымі групамі.

Вігілійную святую Імшу перад абразом Маці Божай Лагішынскай цэлебраваў для сабраных вернікаў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў кіравацца ў сваім хрысціянскім жыцці прыкладам Панны Марыі – вернай слугі Бога, якая трывала ў няспыннай малітве сярод звычайных штодзённых клопатаў  і ў складаныя моманты свайго зямнога жыцця.

Цэнтральныя ўрачыстасці ў санктуарыі адбыліся 22 жніўня з удзелам вернікаў і святароў не толькі з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі, але таксама з іншых рэгіёнаў Беларусі. Урачыстую св. Імшу на палявым алтары перад копіяй іконы Каралевы Палесся ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да сабраных, біскуп Юзаф заахвоціў да малітвы за сем’і, каб яны ўзрасталі ў веры па прыкладу святой Сям’і з Назарэту. Таксама іерарх заклікаў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.

На заканчэнне ўрачыстай літургіі ўсе сабраныя павіншавалі біскупа Казіміра Велікасельца з юбілеем 75 год жыцця. А біскуп Юзаф звярнуў увагу вернікаў, што наведванне санктуарыя – гэта наведванне школы Марыі, дзе ад Яе вучымся веры і малітвы. Іерарх падзякаваў Нябеснай Маці за Яе нястомную апеку над Касцёлам, а таксама праз адмысловы спеў старадаўняй народнай песні падзякаваў кожнай маці за дар жыцця і веры, які яны перадаюць сваім дзецям.

Біскуп Антоні Дзям’янка, які не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, звярнуўся са спецыяльным пасланнем да сабраных у санктуарыі святароў Пінскай дыяцэзіі, якім падзякаваў ім за ахвярнае і самаадданае служэнне Касцёлу на Палессі і даручыў іх, а таксама ўсіх вернікаў асаблівай апецы Маці Божай Лагішынскай. 

У Драгічыне адбыўся фэст у гонар Маці Божай Каралевы

22 жніўня парафія ў Драгічыне (Пінская дыяцэзія) адзначыла патранальную ўрачыстасць Маці Божай Каралевы. Парафіяльны фэст наведаў Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі і дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Разам з ім урачыстую св. Імшу цэлебраваў канцлер Пінскай дыяцэзіі кс. Андрэй Рылка і пробашч парафіі кс. Павел Кручэк. Вернікі прывіталі біскупа Казіміра з асаблівым энтузіязмам, бо дзякуючы яго падтрымцы і старанням яны змаглі пабудаваць новую парафіяльную святыню, у якой ужо пяты год моляцца. Таксама ўсе сабраныя павіншавалі іерарха з 75-годдзем жыцця, запэўніваючы яго ў пастаяннай малітоўнай падтрымцы.

Пдачас гаміліі біскуп Казімір заахвоціў бацькоў, каб прыклалі асаблівыя намаганні ў выхаванні дзяцей у духу жывой веры. Іерарх прыгадаў прыклад св. Яна Паўла ІІ, якому прысвечаны сёлетні душпастрыскі год у сувязі са 100-годдзем з дня яго нараджэння. Біскуп Казімір звярнуў увагу на прыклад і ролю роднага бацькі Яна Паўла, які яму з маленства даваў асабісты прыклад штодзённай малітвы, гарачай веры і адданасці Маці Божай.

На заканчэнне ўрачыстай літургіі, перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам, усе сабраныя на чале з біскупам памаліліся праз заступніцтва Маці Божай Каралевы аб умацаванні веры ў сем’ях, а таксама аб Божым благаслаўленні для Беларусі.       

Ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка да святароў сабраных у санктуарыі Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся 22 жніўня 2020 г.

 

Дарагія святары! Вітаю вас у доме Маці, Маці Божага Сына, Маці Святога Касцёла, Маці кожнага з нас. Бо кожны з нас можа ўбачыць сябе пад крыжам і да сябе аднесці словы Пана Езуса, скіраваныя з крыжа да св. Яна: “Сыне, гэта Маці твая”. Кожны з нас перажывае такую гадзіну ў сваім жыцці, калі больш ці менш свядома “ўзяў Яе да сябе”. Кожны з нас мае таксама досвед Каны Галілейскай, дзякуючы якому дазнаў у сваім жыцці асаблівай матчынай апекі і дапамогі. Кожны з нас мог і можа ў складанай сітуацыі пачуць, як Яна паказвае на Езуса і раіць нам: “Зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”.

І сёння прыходзім да яе мы, святары. Прыходзім да нашага дыяцэзіяльнага дома Маці, якім з’яўляецца лагішынскі санктуарый. Прыходзім з нашымі праблемамі і сумненнямі. Прыходзім па параду. У ларэтанскай літаніі маем заклікі: “Маці добрай рады” і “Сталіца мудрасці”. Можа менавіта цяпер нам патрэбны гэты аспект Яе дапамогі: мудрасць і добрая рада. Можа менавіта тут і цяпер.

Гэтыя парады і мудрасць будуць простыя, але адначсова выплываючыя з сэрца і трапляючыя ў сэрца. Але ці ж не такія парады і такая мудрасць нам патрэбныя? Ці ж не патрэбны асаблівы досвед любові, якая ўсцяж застаецца першай і найважнейшай запаведдзю? Марыя ў сваёй геніяльнай прастаце вучыць нас перадусім любіць і думаць сэрцам. Як кажа Адам Міцкевіч: “май сэрца і глядзі ў сэрца”. Ці ж не тое самае казаў у важную для Касцёла хвіліну перад выбарам Папы ў 2005 г. кард. Ратцынгер: “Што застанецца пасля нас? Грошы? Не. Кнігі? Хіба таксама не. Хвіліны, калі мы любілі. Усмешка, добрае слова, жэст”. Ці ж не гэтаму вучыць цяперашні Святы Айцец кажучы пра тры словы, якія чыняць сапраўдную перамену жыцця: “прашу, дзякую, перапрашаю”. Найбольшыя перамены адбываюцца ў прастаце сэрца. Марыя вучыць нас гэтаму найлепей.

Бог не прыходзіць у землятрусе, але ў лагодным павеве ветру. Марыя вучыць нас быць адчувальнымі на гэты павеў. Яго адчуваем не толькі ў вялікіх хвілінах жыцця, але і ў штодзённасці. “У Ім жывем, рухаемся і прабываем”.

Дарагія святары! У гэтым святым месцы будзем жа старацца пачарпнуць як найбольш сіл для нашага служэння. Углядаючыся ў аблічча Марыі, будзем жа вучыцца жыць так як Яна. Бо Яна — адна з нас, чалавек. Праўда, адрознівае нас факт Яе беззаганнага зачацця, але Марыя не ўсведамляла гэты факт. А Яе ўнебаўзяцце – гэта ўзнагарода ўжо пасля завяршэння зямнога жыцця. Мы маем вялікія магчымасці жыць марыйным стылем жыцця:  бязмежна давяраць Богу, заўважаць Яго прысутнасць у штодзённасці і перадусім успрымаць святарства як выбар з боку Бога і запрашэнне да Яго служэння. Марыя, чуючы словы звеставання, не сядае на трон. Яна славіць Бога сваім “Магніфікат”, але гэта адбываецца ўжо ў Альжбеты, да якой бяжыць, каб служыць, успрымаючы інфармацыю ад Габрыэля як выклік для сябе. Гэты дух служэння я бачу і ў вас. Не самаўзвышэння, але служэння. За гэтую паставу вельмі вам дзякую. Яна з’яўляецца доказам таго, што, пазнаючы Бога, разумеем Яго логіку любові, і паводле гэтай логікі будуем нашу іерахію каштоўнасцей. Паводле яе, а не па-за ёю.

Такую паставу  на гераічным узроўні мы знаходзім у нашага першага біскупа Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Ён умеў знаходзіць Бога ў штодзённасці і ў сваёй штодзённасці Ім і з Ім жыць. Ён умеў служыць. Быў добрым і кемлівым вучнем у школе Марыі. Гэтае месца нагадвае нам яго асобу і заклікае нас да малітвы аб цудзе неабходным для яго беатыфікацыі. Гэтае месца нагадвае нам пра асобу яшчэ аднаго святара і мясцовага пробашча, які звязаў сваё жыццё з біскупам Лазінскім – кс. Яна Зею. Слуга Божы запрасіў яго ў сваю дыяцэзію не баючыся евангельскага радыкалізму, які ён прэзентаваў, бо сам быў настолькі ж радыкальны. Іх супольнай справай быў цудоўна функцыянуючы “Карытас” Пінскай дыяцэзіі. Гэта было магчымым менавіта дзякуючы ўрокам вынесеным з марыйнай школы святарскага жыцця. Будзем жа і мы тут вучыцца, ад Яе: як жыць, як быць добрым чалавекам і святаром у часы несумненна складаныя, у якія адбываецца перамена жыццёвых каштоўнасцяў, якія ставяць перад намі іншыя прыярытэты. Аднак, Езус застаецца той самы ўчора, сёння і навекі. А Марыя ўсцяж паказвае нам на Яго, кажучы: “зрабіце ўсё, што Ён вам скажа”.

Дзякую вам за вашае служэнне і з усяго сэрца благаслаўляю.     

 

                                                                         + Антоні Дзям’янка

                                                                               Біскуп Пінскі

       Пінск, 21 жніўня 2020 г.

Урачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы Палесся адбудуцца ў Лагішыне (праграма)

 

21- 22 жніўня ў мястэчку Лагішын (Пінскі р-н) адбудуцца традыцыйныя ўрачыстасці на ўшанаванне Маці Божай Каралевы Палесся  — Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Праграма ўрачыстасцяў:

21 жніўня (пятніца):

19.00 — святая Імша ў вігілію ўрачыстасці;

22 жніўня (субота): 

7.30 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі;

8.00 — святая Імша (на польскай мове);

10.00 — святая Імша з удзелам хору “Spe Salvi” (Пінск);  

12.00 — канцэрт хрысціянскай музыкі з удзелам моладзевага гурта “Ты і я” з парафіі св. Бэнэдыкта з Пінска (на пляцоўцы каля касцёла).

Арганізатары просяць усіх, хто будзе ўдзельнічаць ва ўрачыстасцях, не забываць аб неабходнасці захавання санітарных нормаў і выкарыстання масак.

Падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах:

+ 375 44 772 93 48  (кс. Тадэвуш Шэшка, кусташ санктуарыя ў Лагішыне);

+ 375 165 683 157 (Курыя Пінскай дыяцэзіі).

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на жнівень – месяц цвярозасці і малітваў аб цвярозасці

Паважаныя святары,

кансэкраваныя асобы, вернікі Пінскай дыяцэзіі

і ўсе людзі добрай волі!

 

У пачатку жніўня я чарговы раз прагну звярнуцца да кожнага з вас з заклікам прысвяціць гэты час малітвам аб цвярозасці нашага народа, а таксама заклікаю ўстрымацца ад ужывання алкаголю.

Штогод мы ўздымаем гэту праблему, якая цесным чынам звязана з заклікам абароны годнасці чалавечай асобы. Яна не зводзіцца толькі да адказу на пытанне, ці ўжываем мы алкаголь ці не. Тут важна адказаць на фундаментальныя пытанні: ці мы ведаем, кім з’яўляемся? Як мы ўзніклі і навошта жывем? Пастаўленыя пытанні датычаць сэнсу нашага жыцця. Алкагалізм, нажаль, вядзе да таго, што чалавек губляе гэты сэнс. Вяртанне пачуцця сэнсу – гэта працэс складанай і інтэгральнай тэрапіі.

Бог даў нам розум і волю. Дзякуючы ім чалавек з’яўляецца найбольш дасканалым сярод усіх стварэнняў. Розум і воля робяць нас у пэўным сэнсе падобнымі да Бога. Мы створаныя на Яго вобраз і падабенства, як кажа Святое Пісанне (пар. Быц 1, 26-27). Гэта не толькі вялікі дар, але і сур’ёзнае заданне. Бог дае дар і дае таксама заданне рэалізаваць яго. Калісьці прыйдзе час разлічыцца за тое, як мы выкарыстоўвалі Божыя дары. Нагадвае нам аб гэтым вядомая евангельская прыпавесць пра слугаў, якім гаспадар даў адпаведную колькасць талентаў, загадваючы іх памножыць (пар. Мц 25, 14 – 30). Задумаемся, як мы выконваем тое, што Бог загадаў нам? Для гэтага трэба мець розум і мысленне. Алкаголь жа нішчыць і першае, і другое. Тым самым ён аддаляе нас ад Бога. Грэх алкагалізму, мабыць, найбольш поўна паказвае тое напружанне, якое ўзнікае паміж часовай прыемнасцю і яе трагічнымі наступствамі. У жніўні мы можам глыбей засяродзіцца над гэтым, а перадусім асаблівым чынам маліцца ў інтэнцыі абароны нашага народу ад граху алкагалізму і прадпрыняць тыя ці іншыя пакутныя практыкі.

Заахвочваю ўсіх Вас, дарагія браты і сёстры, да такой малітвы. Мы можам мець перад вачыма вобраз канкрэтнага, блізкага чалавека, які знаходзіцца ў алкагольнай залежнасці. Можам бачыць слёзы і выразныя праявы цярпеняў у нашым асяроддзі. Але не падайце духам і не думайце, што вы нічога не можаце зрабіць у такой сітуацыі! Малітва і слёзы святой Монікі, маці, паспрыялі навяртанню яе сына – святога Аўгустына. Акурат у жніўні адзначаюцца іх літургічныя ўспаміны. Нельга пасіўна глядзець на зло. Бог дае чалавеку сумленне, каб ён мог адрозніваць дабро ад зла, рабіць дабро, а зла пазбягаць. Будзем жа так рабіць!

Ад усяго сэрца благаслаўляю Вас † у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Пінск, 24.07.2020 г   

                                                              †Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі

У Мядзведзічах адноўлены гістарычны арган

  27 чэрвеня ў касцёле св. Пятра і Паўла ў в. Мядзведзічы (Ляхавіцкі р-н, Брэсцкая вобл.) адбылася незвычайная падзея, якая сабрала гасцей з розных куткоў Беларусі: музычная прэзентацыя адноўленага ўнікальнага гістарычнага аргана эпохі рамантызма.

  Парафія ў в. Мядзведзічы – адна з найстарэйшых у Пінскай дыяцэзіі. Велічны касцёл святых Пятра і Паўла, які высока ўзносіцца над ваколіцай, быў адбудаваны ў 1908 г. на месцы пашкоджанай у часы царскіх ліхацелеццяў святыні. Асаблівую ролю ў гісторыі Касцёла мядзведзіцкая святыня адыграла пасля Другой сусветнай вайны. Менавіта тут у савецкія часы, пасля вяртання са сталінскіх лагераў, служыў легендарны святар – ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі. Гэты святар павдоле распараджэння Апостальскай Сталіцы амаль паўстагоддзя ў часы атэістычных пераследаў кіраваў большай часткай Пінскай дыяцэзіі, якая аказалася на тэрыторыі Савецкага Саюза. А як былы віцэ-рэктар Пінскай духоўнай семінарыі, ён у Мядзведзічах арганізаваў падрыхтоўку кандыдатаў да святарства. Так у савецкія часы па волі Божага Провіду ў Мядзведзічах размяшчалася і своеасаблівая “курыя” Пінскай дыяцэзіі, і “семінарыя”. Дзякуючы таму, што тут пастаянна служыў святар, вернікі з розных мясцін прыбывалі ў мядзведзіцкі касцёл, каб прыняць хрост, шлюб, св. Камунію, прыступіць да споведзі, пабыць на св. Імшы.

  Аказалася, што Мядзведзічы адметныя не толькі слаўнай гісторыяй, знакамітымі асобамі, велічнай святыняй. Тут таксама знаходзіцца ўнікальны арган эпохі рамантызму. Падчас спаткання біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка з кіраўніцтвам Ляхавіцкага райвыканкама ў 2018 г. было прынята рашэнне прыкласці сумесныя намаганні Касцёла, дзяржаўных уладаў і грамадскасці, каб адрамантаваць гэты ўнікальны інструмент. Вялікая група энтузіястаў на чале з Аляксандрам Бурдзялёвым, аўтарам знакамітай энцыклапедыі “Арганы Беларусі”, на працягу 10 месяцаў праводзіла працы па аднаўленні мядзведзіцкага аргана. Сёлета ў маі працы былі паспяхова завершаныя.

  Арган у Мядзведзічах быў збудаваны ў 1912 г. Пятром Вайцяховічам з Вільні. Па колькасці рэгістраў ён уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых гістарычных арганаў Беларусі. Дзякуючы праведзеным рамонтным працам ён стаў трэцім сярод буйных гістарычных арганаў Беларусі (пасля г. Пінска і в. Мсцібава ( Ваўкавыскі р-н)), на якім стала магчымым выкананне паўнамаштабных сольных канцэртаў духоўнай музыкі.

  Сабраныя 27 чэрвеня на прэзентацыю адноўленага аргана прадстаўнікі Касцёла, дзяржаўных уладаў, грамадскасць і журналісты былі захопленыя не толькі самім гучаннем інструмента, але і чароўнай акустыкай мядзведзіцкай святыні. Спалучэнне прафесійнай арганнай музыкі з надзвычай добрай акустыкай і прыгожым сакральным убранствам касцёла – пераносіла слухачоў у свет духоўных перажыванняў, малітвы і задумы аб вечным.

  У межах прэзентацыі адноўленага аргана адбыўся канцэрт духоўнай музыкі. Першапачаткова планавалася правядзенне міжнароднага фестываля арганнай музыкі з удзелам знакамітых арганістаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі і Галандыі. Аднак у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй фестываль прыйшлося перанесці на наступны год. А ў рамках прэзентацыі адбыўся канцэрт з удзелам беларускіх майстроў арганнай музыкі.

  Арганізатары мерапрыемства з радасцю канстатавалі высокую зацікаўленасць мядзведзіцкім арганам сярод шматлікіх аматараў духоўнай музыкі як у Беларусі, так і за яе межамі. Усе сабраныя выразілі перакананне, што мядзведзіцкая святыня ўжо ператвараецца ў цэнтр музычнага паломніцтва для аматараў арганнай музыкі.

 Захапляючую прыгажосць гучання адноўленага гістарычнага аргана ў непаўторнай мядзведзіцкай святыні неўзабаве можна будзе пачуць у высокаякасным запісе праз інтэрнэт. Больш падрабязная інфармацыя ў хуткім часе будзе пададзена на нашай інтэрнэт-старонцы. 

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка на ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

  Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! 29 чэрвеня Касцёл адзначае ўрачыстасць двух найвялікшых Апосталаў – Пятра і Паўла. Святы Пётр быў выбраны Езусам Хрыстом для служэння першым (прымату) у Касцёле. Ён быў першым Папам. А місійная руплівасць святога Паўла прынесла святло Евангелля і заснаванне супольнасцяў Касцёла ў шматлікіх мясцінах. Таму святога Паўла назвалі “Апосталам народаў”. Абодва гэтыя Апосталы праз сваё мучаніцтва звязаныя з Рымам.

    Святы Пётр (лац. “Petrus”, грэц. “Πέτρος”, арамейск. “Kefas” – камень, скала) быў адным з дванаццаці апосталаў, спачатку меў імя Сымон. Езус даў яму новае імя – Пётр, што значыць “Скала”. Езус бачыў святога Пятра, напоўненага Духам Святым, таму сказаў, што ён будзе скалой, на якой будзе збудавана супольнасць Касцёла. Святы Пётр быў братам апостала Андрэя і сынам Яна (Мц 16, 17). Ён паходзіў з Бэтсаіды і быў рыбаком. Пётр разам з Якубам і Янам удзельнічаў у асаблівых падзеях, такіх, як уваскрашэнне дачкі Яіра, перамяненне Езуса на гары Табор і Яго малітва перад смерцю. Езус выслаў Пятра і іншых апосталаў да людзей, каб абвяшчалі Божае Валадарства, аздараўлялі хворых, уваскрашалі памерлых, ачышчалі пракажоных і выганялі злых духаў.

    Св. Бярнард Сіенскі ў адным са сваіх казанняў напісаў, што менавіта св. Пётр быў выбраны галавой Касцёла, бо ён быў здольным спачуваць тым, хто ўпаў у грэх. У Евангеллі часта паказваецца яго чалавечая прырода і слабасці, напрыклад, што ён не мог вытрываць нават гадзіны ў малітоўным чуванні пры церпячым Хрысце. Але, нягледзячы ні на што, ён няспынна імкнуўся выправіцца. Усё гэта дзякучы дзеянню Духа Святога, які нястомна дадаваў яму моцы.

   Пётр выступіў з ініцыятывай , каб выбраць новага Апостала пасля Юды Іскарыёта, у выніку чаго быў абраны Апостал Мацей. Ён звяртаўся з першымі  прамовамі да людзей пра Уваскрасенне Хрыста і пачаў пашыраць хрысціянскую супольнасць, прымаючы першых навернутых язычнікаў. Ён казаў, што іх таксама Бог надзяляе дарамі Духа Святога.

    Святы Павел у Першым пасланні да карынцянаў кажа пра св. Пятра як пра першага сярод апосталаў, які ўбачыў Уваскрослага Пана. Пётр для яго быў найбольшым аўтарытэтам і першай асобай у Касцёле.

  Паводле апакрыфічных Дзеяў, Пётр праз нейкі час пасля прыбыцця ў Рым, паміж 64 і 67 гадамі, загінуў мучаніцкай смерцю, быў укрыжаваны галавой уніз. Ён палічыў сябе нягодным паміраць такой жа смерцю, як яго Пан. Святы Пётр для Касцёла – гэта гарант адзінства і праўды. Гэтага чакаў ад яго Хрыстус. Дзякуючы яму бачым, як Касцёлу неабходная ласка і Божая міласэрнасць.

   Св. Пётр з’яўляецца нябесным апекуном дыяцэзіі ў Рыме. Таксама ён лічыцца заступнікам такіх гарадоў, як Франкфурт, Жэнева, Гамбург, Познань і Рыга. Яго апецы даручаныя такія прафесіі, як будаўніцтва мастоў, кавальства, мулярства, бляхарства, мараходства, рыбалоўства, гадзіннікавае майстэрства. Вернікі звяртаюцца па яго асаблівую апеку ў час гарачкі, а таксама пры ўкусе змяі.

  Святы Павел перад навяртаннем меў імя Саул. Нарадзіўся ў Тарсе паміж 5 і 10 годам ад нараджэння Хрыста. Ён паходзіў з габрэйскай сям’і, аднак меў рымскае грамадзянства. Належаў да руху фарысеяў. Быў вучнем аднаго з найбольш знакамітых габрэйскіх настаўнікаў – Гамаліэля. Будучы фарысеем, ён быў зацятым ворагам Касцёла. Навярнуўся каля 35 г. па дарозе ў Дамаск, калі быў звалены на зямлю, яму з’явіўся Езус і ён пачуў голас: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?” (Дз 9,4). Пасля дзівоснага навяртання Павел тры гады заставаўся ў Дамаску, пазней на кароткі час ён наведаў Ерузалем, дзе сустрэўся з іншымі апосталамі. Ён здзейсніў тры вялікія місійныя падарожжы, у часе якіх наведаў шматлікія язычніцкія гарады ў Малой Азіі і Грэцыі. З некаторых ягоных пасланняў вынікае, што ён пасля навяртання меў містычныя перажыванні.

   Па прычыне апостальскай руплівасці жыццё св. Паўла шмат разоў было ў небяспецы. У 60-ым  годзе ён быў арыштаваны ў Ерузалеме, правёў два гады ў турме ў Цэзарэі, а пасля апеляцыі да Цэзара быў перавезены ў Рым. Там некалькі гадоў ён правёў пад хатнім арыштам. Пасля вызвалення з-за адсутнасці доказаў віны ён хутчэй за ўсё здзейсніў сваё апошняе місійнае падарожжа ў Іспанію і на Крыт. Пасля чарговага арышту ў 67 г. памёр мучаніцкай смерцю. Як рымскага грамадзяніна яго не катавалі, але засеклі мечам. Датай смерці лічыцца 29 чэрвеня. Ужо Канстанцін Вялікі пасля 330 г. на месцы мучаніцтва св. Паўла пабудаваў святыню. Яна знаходзіцца адразу за мурамі старажытнага Рыма, таму і называецца базылікай св. Паўла за мурамі.   

   Касцёл адзначае ўрачыстасць Пятра і Паўла ў адзін дзень, каб падкрэсліць, што абодва Апосталы давалі пачатак хрысціянскім супольнасцям, асабліва ў Рыме. На знак лучнасці біскупаў з Апостальскай Сталіцаў, менавіта ва ўрачыстасць св. Пятра і Паўла, Папа ўручае новапрызначаным мітрапалітам паліі – своеасаблівы стужкавы ўбор з белай воўны, які накладваецца на плечы і грудзі вакол шыі, аздоблены шасцю крыжыкамі. Палій – гэта сімвал пастырскай улады мітрапаліта, якую ён выконвае, трываючы ў супольнасці з Касцёлам у Рыме. З гэтай нагоды сёння будзем памятаць у малітвах таксама пра нашага мітрапаліта арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

    У гэтую ўрачыстасць мы асабліва памятаем пра Пятра нашых часоў – Папу Францішка. Молімся, каб па прыкладу св. Пятра ён бяспечна вёў Касцёл да порту Збаўлення. Выразным знакам лучнасці парафіяльных супольнасцей нашай дыяцэзіі з Папам з’яўляецца іх лучнасць са сваім біскупам – пастырам дыяцэзіі.

    На тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі знаходзяцца чатыры парафіі пад тытулам св. Пятра і Паўла: у Камянцы, Івацэвічах, Лагішыне і Мядзведзічах. У гэты дзень я асабліва лучуся ў малітве з вернікамі і душпастырамі гэтых парафій. Шмат разоў я прысутнічаў сярод вас на гэтай адпустовай урачыстасці ў вашых парафіях, а сёння лучуся з вамі духоўна, давяраючы вас магутнай апецы святых Апосталаў Пятра і Паўла.

     У сённяшнюю ўрачыстасць можна таксама атрымаць адпуст, пабожна карыстаючыся рэлігійнымі прадметамі (крыжам, ружанцам, шкаплерам, медальёнам), якія былі паблагаслаўленыя Папам ці біскупам, і з належнай пабожнасцю прачытаўшы малітву “Веру ў Бога”.

    Узгадваючы вялікую місійную руплівасць Апосталаў Пятра і Паўла, заахвочваю ўсіх вернікаў і душпастыраў дыяцэзіі да нястомнага пошуку шляхоў абвяшчэння Евангелля ў сучасным свеце, у тых месцах і жыццёвых акалічнасцях, у якіх даводзіцца нам жыць. Дзякую ўсім, хто агортвае асаблівым клопатам справу катэхізацыі і рэлігійнага выхавання дзяцей і моладзі. Няхай гэтай справе спрыяюць, наколькі дазваляюць умовы, цэнтры пілігрымак з нашай дыяцэзіі — санктуарыі: Лагішын, Будслаў, Іванава, Навагрудак. Асабліва прашу маліцца аб новых святарскіх пакліканнях. Няхай Касцёл цешыцца новымі апосталамі на ніве Божай.

   У лучнасці са Святым Айцом Францішкам удзяляю ўсім вернікам Пінскай дыяцэзіі маё пастырскае благаслаўленне: у імя + Айца, і Сына, і Духа Святога. 

Антоні Дзям’янка

   Біскуп Пінскі

Пінск, 26.06.2020 г.