Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі да душпастыраў і катэхетаў Пінскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце душпастыры і катэхеты!

Распачынаючы новы катэхетычны год 2023/2024 жадаю выказаць словы падзякі ўсім вам і асобам, якія актыўна ўдзельнічаюць у працэсе арганізацыі і правядзення катэхез у паасобных парафіях Пінскай дыяцэзіі. Рэалізацыя задання па евангелізацыі і катэхізацыі, упісанага ў прыроду Касцёла, з’яўляецца праяўленнем сапраўднага пастырскага клопату пра духоўнае дабро вернікаў і служэннем, праз якое здзяйсняецца місійны загад Хрыста: “Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсім народам” (гл. Мц 28, 19; Мк 16, 15). Высока цаню вашу руплівую працу і дзякую за кожную ініцыятыву, скіраваную на пашырэнне веры і падтрымку хрысціянскай традыцыі ў кожным куточку нашай дыяцэзіі.

Трываючы ў часе інтэнсіўнай падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, сярод разнастайных ініцыятываў, скіраваных на плённае перажыванне гэтай важнай падзеі, нельга пакінуць без увагі і адпаведных высноваў працэс катэхізацыі ў нашай дыяцэзіі.

Катэхетычнае служэнне выходзіць далёка за межы звычайнай працы і службовых абавязкаў. Яно мае ў сабе ўсе прыкметы паклікання. Кожнае дабро заўсёды з’яўляецца плёнам Божай ласкі. Менавіта катэхеты часта становяцца першымі пасрэднікамі такога духоўнага дабра для шматлікіх вернікаў, а асабліва — для дзяцей і моладзі.

Пінская дыяцэзія, займаючы значныя прасторы тэрыторыі Беларусі, вельмі разнастайная ў межах сваёй адміністрацыйнай структуры. Практычна кожная паасобная парафія мае свае ўласныя адрозненні: іншы тэрытарыяльны абшар, колькасць вернікаў, шматлікасць парафіяльных груп, магчымасці  вядзення душпастырства і актывізацыі вернікаў. Ня гледзячы на такую разнастайнасць, катэхеза надалей павінна заставацца істотным элементам евангелізацыйнага служэння Касцёла і кожнай парафіі.

Варта таксама звярнуць увагу на тое, што катэхізацыя можа быць плённай толькі тады, калі яна сцісла зінтэграваная з усімі іншымі формамі пастырскай дзейнасці ў дадзенай супольнасці вернікаў. Таму горача заахвочваю ўсіх душпастыраў да цеснай супрацы са свецкімі вернікамі, з сем’ямі, з мэтай адпаведнага матывавання дзяцей і моладзі, каб і яны ўключаліся ў працэс катэхізацыі.

Заахвочваю вялебных пробашчаў і адміністратараў паасобных парафій, каб адпаведна арганізавалі і падрыхтаввалі катэхетычныя памяшканні, актуалізавалі катэхетычныя праграмы, клапаціліся пра неабходныя дыдактычныя матэрыялы і катэхетычныя дапаможнікі.

Беручы пад увагу стабільны працяг катэхетычнай працы на будучыя гады, варта таксама паклапаціцца пра фармаванне новых катэхетаў, заахвочваючы і ствараючы магчымасці для навучання свецкіх вернікаў у катэхетычных каледжах і інстытутах. А для свецкіх асобаў ужо задзейнічаных у вядзенні катэхезаў, неабходна паклапаціцца аб атрыманні для іх кананічнай місіі, а таксама пастаяннай духоўнай і інтэлектуальнай фармацыі, якая спрыяла б катэхізацыі.

На плённае душпастырскае і катэхетычнае служэнне ў новым навучальным годзе ўсіх вас благаслаўляю, ахінаю малітвай аб дарах Духа Святога і неабходных ласках да руплівага выканання давераных заданняў.

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, 4 верасня 2023 г.  

 

8 жніўня вырушаць пілігрымкі на Фэст Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне (+ Праграма Фэста)

11 — 12 жніўня ў мястэчку Лагішын каля Пінска адбудуцца традыцыйныя дыяцэзіяльныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы Палесся.

Напярэдадні марыйнага фэста, 8 жніўня вырушаць традыцыйныя чатырохдзённыя пешыя пілігрымкі ў лагішынскі санктуарый з Баранавічаў (касцёл св. Зыгмунта) і з Бярозы (касцёл Найсвяцейшай Тройцы). Жадаючыя далучыцца да пілігрымак могуць запісацца праз наступныя кантактныя тэлефоны (або Viber):

+375 29 727 31 98 – кс. Андрэй Рылка, кіраўнік пілігрымкі з Баранавічаў;

+375 29 790 80 16 – кс. Уладзімір Буклярэвіч, кіраўнік пілігрымкі з Бярозы.

Сотні пешых пілігрымаў прыбудуць таксама з іншых мясцін Пінскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі, каб выпрасіць у Маці Божай Каралевы Палесся заступніцтва і дапамогі для сябе і сваіх блізкіх.

Адметнасцю сёлетніх урачыстасцяў будзе святкаванне 110-ай гадавіны асвячэння цяперашняга касцёла-санктуарыя ў Лагішыне, які больш за стагоддзе таму быў адбудаваны пасля разбурэння папярэдняй святыні. Тут захоўваецца знакаміты абраз Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, Апякункі Пінскай дыяцэзіі, вядомы шматлікімі Божымі ласкамі, якія вернікі атрымліваюць у гэтым месцы праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны.

Праграма ўрачыстасцяў:

11 жніўня (пятніца):

18.00 – прывітанне пешых пілігрымак з Баранавічаў, Бярозы і паломніцкіх груп з іншых мясцін;

18.30 – 21.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту перад цудоўным абразом Маці Божай, магчымасць споведзі;

20.30 – Навэнна да Маці Божай Лагішынскай;

21.00 – Акафіст на ўшанаванне Маці Божай (грэка-каталіцкая супольнасць);

22.00 – святая Імша з удзелам пілігрымаў;

Пасля св. Імшы:

—  урачыстая малітоўная працэсія са свечкамі вакол санктуарыя Маці Божай;

  • канцэрт праслаўлення парафіяльных музычных гуртоў і пілігрымаў;
  • усяночнае малітоўнае чуванне перад цудоўным абразом Маці Божай, магчымасць споведзі.

12 жніўня (субота):

7.30 – Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі;

8.00 – святая Імша (на польскай мове);

9.30 – Набажэнства да Маці Божай Лагішынскай;

10.00 — святая Імша з удзелам пілігрымаў;

12.00 – благаслаўленне пілігрымаў на заканчэнне ўрачыстасці.

Падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне (або Viber):

  • 375 29 726 83 79 — кс. Андрэй Шут, пробашч парафіі ў Лагішыне;

У горадзе над Бугам з удзелам нунцыя Ёзіча і біскупа Дзям’янкі адзначылі ўрачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай

27 мая, у апошнюю суботу месяца, які асаблівым чынам прысвечаны Маці Божай, у Брэсце (Пінская дыяцэзія) адбылася ўрачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай. Сёлета ў святкаванні ўзяў удзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Урачыстасці ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што побач з цэнтральнай плошчай Брэста, распачаліся старадаўняй візантыйскай малітвай — Акафістам да Найсвяцейшай Багародзіцы.

Набажэнства правялі вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Наступным пунктам малітоўнай праграмы стаў супольны Ружанец, які правяла парафіяльная моладзь.

Пасля гэтага сабраныя вернікі, у тым ліку дзеці, разам з пробашчам парафіі ксяндзом Антоніем Анціпенкам прывіталі Апостальскага нунцыя, які прыбыў у суправаджэнні пастыра Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі.

Прывітальныя словы да прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне скіравалі адна з сем’яў мясцовай парафіяльнай супольнасці, пробашч парафіі, біскуп Дзям’янка, а таксама нядаўна прызначаны старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі.

У сваім прывітальным слове мэр падкрэсліў важнасць падзеі і выказаў падзяку нунцыю Ёзічу за прыезд.

Прадстаўнік гарадской улады падараваў прадстаўніку Папы памятны медаль з гербом горада Брэста, які нядаўна адсвяткаваў сваё тысячагоддзе.

Пасля прывітальных словаў распачалася цэлебрацыя святой Імшы, у якой узялі ўдзел святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай ўлады на чале з мэрам города, а таксама шматлікія парафіяне і госці.

У прамоўлінай гамілі Апостальскі нунцый засяродзіўся на асаблівай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, падкрэсліўшы, што горад Брэст мае дзве крэпасці: адна — гэта Брэсцкая крэпасць-герой, а другая — духоўная крэпасць у выглядзе цудадзейнага абраза Маці Божай Брэсцкай.

Напрыканцы Імшы Папскі прадстаўнік благаславіў вуглавы камень будучага касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Вульцы — паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста.

Напрыканцы Імшы Папскі прадстаўнік благаславіў вуглавы камень будучага касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Вульцы — паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста.

Там прадстаўнік Папы Францішка ўзнёс малітву падзякі Богу за тое, што меў магчымасць маліцца разам з вернікамі Брэста, а таксама праз заступніцтва Маці Божай скіраваў просьбу аб міры і супакоі для Беларусі і ўсяго свету.

Апошнім пунктам урачыстасці ў Брэсце стаў канцэрт арганай музыкі, які падаравала ўдзельнікам свята арганістка Ірына Арлоўская.

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на летні перыяд Года Надзеі ў Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

“Прапаведуй слова, будзь настойлівы ў спрыяльны і неспрыяльны час,

аспрэчвай, папраўляй, заахвочвай з усёй цярплівасцю ў навучанні”

(2 Цім 4, 2).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Усёй супольнасцю мясцовага Касцёла ў нашым рэгіёне мы перажываем час трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі, які з Божай ласкі будзем перажываць у 2025 годзе. Бягучы літургічны год у нашай дыяцэзіі мы адзначаем як Год Надзеі.

У межах трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею жадаем на нова адкрыць і дацаніць багацце вялікай спадчыны Касцёла, якую нам пакінулі папярэднія пакаленні вернікаў на нашай зямлі. Сэрцам гэтай спадчыны з’яўляецца скраб каталіцкай веры, які знайшоў свой вельмі вымоўны выраз у каштоўных старых касцёлах і капліцах, санктуарыях, цудоўных абразах і прыдарожных крыжах. Да гэтай спадчыны належаць таксама святыні, адноўленыя пасля дзесяцігоддзяў атэізацыі, пабудаваныя касцёлы і капліцы ў новых мікрараёнах гарадоў, якія імкліва развіваюцца. Усе гэтыя святыні – старыя і новыя – з’яўляюцца для нас дарам Божага Провіду, каб кожны чалавек меў доступ да асаблівага месца, дзе ён зможна перажыць спатканне з Богам не толькі на малітве, але таксама ў Эўхарыстыі, у іншых сакрамэнтах, заглыбіцца ў Адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту і памаліцца ў прысутнасці Хрыста, які прабывае ў цішыні табернакулюма.

Дарагія браты і сёстры! У гэтым лісце на пачатак летняга перыяду хачу звярнуць вашую ўвагу на адзін з важных спосабаў прыпамінання пра Пана Бога, які чакае нас у святынях. Ім з’яўляюцца гукі касцёльных званоў. Узгадайма, што яны значаць і якую важную ролю адыгрываюць у духоўным жыцці людзей. Традыцыйна лічыцца, што званы выконваюць трайную функцыю. Па-першае, яны выражюць хвалу, якую мы аддаем Пану Богу праз іх мелодыю. Па-другое, звон вельмі моцна і выразна нагадвае людзям пра касцёл і заклікае на малітву. Па-трэцяе, такі выраз усхвалення Пана з’яўляецца моцным спосабам выгнання злых духаў з месцаў, дзе чалавек чуе, з дапамогай званоў, голас Касцёла ў малітве, і звяртае свае думкі і сэрца да Бога.

Традыцыя ўжывання касцёльных званоў бярэ пачатак у біблійных часах. У Старым Запавеце чытаем, як Майсей, навучаны Панам, загадаў вырабіць срэбныя трубы, з дапмогай якіх святары заклікалі людзей на малітвы раніцай, удзень і ўвечары (гл. Зых 28, 33-35). Таксама на вопратку святара вешаліся званочкі, калі той уваходзіў у Святая Святых Ерузалемскай Святыні. Гэта быў спосаб абвяшчэння вернікам важнага моманту набажэнства і закліку іх на малітву. Голас трубы таксама клікаў выбраны народ у пустыні, каб яны наблізіліся да гары Сінай на сустрэчу з Богам (гл. Зых 19, 13). Тым Сінаем Новага Запавету ёсць Хрыстус прысутны сярод нас у Найсвяцейшым Сакрамэнце ў кожным касцёле. Таму званы сталі важным атрыбутам кожнай хрысціянскай святыні і кожнага набажэнства.

У традыцыі Касцёла званы заклікаюць вернікаў на малітву ў адпаведныя гадзіны: раніцай, днём і вечарам. Перадусім голас званоў нагадвае аб часе Святой Імшы. Акрамя таго, голас звону апоўдні заахвочвае, каб сярод разнастайных справаў і штодзённай працы вернікі на хвіліну затрымаліся, узносячы малітву “Анёл Панскі” праславілі Пана за дар Уцелаўлення, тым самым асвяцілі свае заняткі і з Божай перспектывы перажывалі кожны дзень. Таксама званы заклікаюць памаліцца за памерлых, асабліва тады, калі чуем іх сумную мелодыю з нагоды пахавання ці набажэнства за памерлых. Перадусім жа званы абвяшчаюць важныя і ўрачыстыя падзеі ў жыцці парафіі.

У традыцыі нашага народа званніца і касцёльныя званы заўсёды былі месцам асаблівай пашаны. Часта вызначалася спецыяльная асоба – званар, які меў дазвол, абавязак і прывілей званіць у касцёльныя званы. Кожная парафія старалася сабраць ахвяраванні, каб набыць і мець свае званы ў мясцовым касцёле або капліцы.

Як ведаем з гісторыі, у часе разнастайных войнаў, званы часта нішчыліся. Часам іх забіралі і як матэрыял выкарыстоўвалі на патрэбы вайны. Напрыклад, ксёндз Гжэгаж Каласоўскі, шматгадовы пробашч у Нясвіжы, прыгадваў, як у цяжкія часы Другой Сусветнай вайны нацысты пагражалі яму смерцю або турэмным зняволеннем, калі ён не перадасць ім касцёльныя званы. Таксама ў гады атэізму званы знішчаліся або забаранялася ў іх званіць. Дзякуем Богу, што ў нашыя часы мы можам свабодна пачуць голас касцёльных званоў, якія запрашаюць нас на малітву і праслаўленне Пана.

У літургіі Касцёла ёсць спецыяльная цырымонія пасвячэння званоў. Варта заўважыць, што Касцёл прывязвае да гэтага настолькі вялікую ўвагу, што дазваляе выконваць гэтую чыннасць толькі біскупам (гл. Inter Oecumenici, 77). Падчас спецыяльнага абраду пасвячэння званам надаюцца імёны святых апекуноў. Гэта падзея для ўсёй парафіі. Ведаем, што званы з’яўляюцца высілкам вялікай ахвярнасці парафіянаў, якія складваюцца, хто сколькі можа, каб іх набыць для ўласнага касцёла. Наяўнасць званоў і ўдзел у іх набыцці становіцца вялікай заслугай для кожнага парафіяніна. Бо такім чынам, праз набыты для касцёла звон, які заклікае людзей на сустрэчу з Богам, вернік прычыняецца да збаўлення ўсіх тых, хто на голас гэтага звону ступіць на шлях збаўлення.                 

Апавядаў адзін місіянер, які служыць сярод эскімосаў на далёкай поўначы, як ён прыехаў да іх узімку. Ён убачыў у касцёле печ з вялікі комінам, выведзеным высока над дахам, і прыгатаваныя дровы. Калі печ была напаленая і дым высока ўзносіўся над ваколіцай, людзі пачалі зыходзіцца да касцёла на набажэнства. Здалёк быў бачны дым і чутны яго пах як знак для мясцовых католікаў, што прыехаў місіянер-святар і будзе цэлебравацца святая Імша. Гэтая сітуацыя паказвае, як людзі паслугоўваюцца рознымі знакамі, каб засігналізаваць запрашэнне на малітву, у касцёл, на супольную цэлебрацыю і праслаўленне Пана. Ці будзе гэта дым з коміна, як у старадаўніх эскімосаў, ці гранне на бубне, ці біццё молатам аб шыну, ці рассылка смс-паведамленняў, ці нейкі іншы спосаб званення, як напрыклад сучасныя электронныя званы – усё гэта мае адну і тую ж галоўную мэту: нагадаць, што Бог чакае, што касцёл адчынены, што адбываецца нешта важнае, каб дапамагчы чалавеку на шляху збаўлення (гл. Sacrosanctum Concilium, 37).

Усведамленне значэння касцёльных званоў нараджае шматгранную культуру карыстання імі і дбання пра іх. Наяўнасць касцёльных званоў – гэта ў нейкім сэнсе абавязак парафіі. Таму заахвочваю вернікаў і душпастыраў, каб паклапаціліся пра выгляд і стан касцёльнай званніцы, аднаўленне і ўстанаўленне новых званоў у сваіх святынях. Важна, каб у парафіі была асоба адпаведна падрыхтаваная, якая паклапоціцца пра званы, будзе іх абслугоўваць, рамантаваць. У месцах, дзе ёсць такая патрэба, варта паклапаціцца, каб парафія аддзячвала за працу пастаяннага званара. Тое самае адносіцца да працы электрыка ці іншага майстра, які пастаянна абслугоўвае электронныя званы, каб яны добра функцыянавалі. Гэта будзе ахвярай парафіі, каб штодня ў адпаведную пару мелодыя званоў нагадвала ўсім пра Пана Бога. Будзем жа ўдзячныя і ахвярна паклапоцімся пра званы і асобаў, якія аб іх дбаюць.

Наша дыяцэзія рыхтуецца да стагоддзя яе ўстанаўлення. У межах падрыхтоўкі да гэтага значнага юбілею, заахвочваю ўсе парафіяльныя супольнасці на чале з душпастырамі, каб паклапаціліся аб аднаўленні святыняў і касцёльных званоў. Няхай гэты традыцыйны выраз нашай веры загучыць адноўленым голасам званоў ва ўсіх касцёлах і капліцах. Часам гэты звон можа стаць для некаторых імпульсам, каб знайсці дарогу да Касцёла. Ведаем, што ў сувязі з міграцыяй людзей у новыя месцы жыхарства і працы, часта нават веруючыя асобы губляюцца, ім цяжка знайсці святыню ў новым месцы. А голас звону можа ім дапамагчы, каб успомніць пра касцёл, знайсці яго ў кожным месцы жыхарства (гл. Sacrosanctum Concilium, 23).      

Калі парафія становіцца перад заданнем набыцця новых касцёльных званоў, разумеем, што яно патрабуе значных фінансавых выдаткаў. Але калі ўсвядомім, сколькі духоўнага дабра атрымае парафія і ўся мясцовасць праз гэтыя званы, то варта пра іх старацца. Сколькі ж гісторыя ведае выпадкаў, калі голас касцёльнага звону выратаваў нейкую асобу ад самагубства, розных цяжкіх грахоў, нагадаў аб малітве за памерлых. Як моцна гэты гук адганяе злых духаў і звяртае думкі чалавека да Бога. Сколькі ж людзей ступіла на шлях збаўлення, пачалі маліцца, калі пачулі голас касцёльнага звону. Цяжка палічыць і назваць усе духоўныя даброты, якія зыходзяць на парафію праз гэты так важны традыцыйны спосаб яднання чалавека з Панам Богам.

Дарагія браты і сёстры! Летні перыяд для многіх веруючых людзей з’яляецца часам актыўнага ўдзелу ў разнастайных пілігрымках, рэкалекцыях, духоўных сустрэчах. Гэта важна і збавенна. Дадайма ж да гэтай актыўнасці таксама высілак, каб задбаць пра нашыя святыні, а таксама пра званніцы і касцёльныя званы. Адшукайма нашыя старыя званы, можа яны дзесьці захваліся. Іх вяртанне дазволіць выкарыстоўваць іх па прызначэнні згодна з воляй ахвярадаўцаў. Асабліва дапамагайма малым парафіяльным супольнасцям, якія маюць абмежаваныя магчымасці. Няхай салідарная дапамога іншых парафій будзе для іх падтрымкай у належным утрыманні касцёла, капліцы і званоў. Няхай кожная парафіяльная супольнасць добра выкарыстае гэты час, каб мы змаглі належна падрыхтавацца да стагоддзя Пінскай дыяцэзіі.     

На плённы перыяд летняга адпачынку, аднаўлення сілаў, а таксама духоўнага і фізічнага высілку няхай Добры Бог благаслаўляе.

+ Антоні Дзям’янка

       Біскуп Пінскі

Пінск, 20.05.2023 г.

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці Маці Божай Брэсцкай

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

27 мая 2023 г. нашую дыяцэзіяльную супольнасць як адну сям’ю збярэ вакол сябе Маці Божая Брэсцкая. Пан Бог у Сваёй вялікай міласэрнасці і прадбачлівасці пакінуў нам велічную выяву Багародзіцы як бачны знак Яго апекі.

Цудоўны абраз Маці Божай Брэсцкай вядомы з ХVІ ст. На ім прадстаўлена Найсвяцейшая Панна, схіленая ў малітоўнай паставе над Дзіцяткам Езусам. А праваруч Багародзіцы – св. Ян Хрысціцель, які ўглядаецца ў Божае Дзіцятка-Збаўцу. Гэты абраз нагадвае нам знакамітую выяву Маці Божай з рымскай базылікі Sancta Maria Maggiorе. Яго гісторыя звязвае нас і з Папам Клеменсам VІІІ, і з каралевай Бонай Сфорцай, а перадусім  — з вялікай гісторыяй Касцёла ў горадзе Брэсце. Як ведаем, да ХІХ ст. гэтая цудоўная выява Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзілася ў старадаўнім бернардынскім касцёле. Калі ў 1856 годзе быў узнесены сучасны касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў новым цэнтры горада Брэста, замест аднайменнага касцёла з часоў вялікага князя Вітаўта, абраз Маці Божай Брэсцкай заняў сваё пачэснае месца ў новай святыні.

Нягледзячы на драматычныя падзеі ХХ ст., войны і атэістычны пераслед, руплівыя брэсцкія каталікі захавалі падораную ім Божым Провідам выяву Найсвяцейшай Панны. У 1990-м годзе яна вярнулася ў адноўлены касцёл  Узвышэння Святога Крыжа. А ў 1996 г. абраз Маці Божай Брэсцкай быў увенчаны папскімі каронамі як першы сярод цудоўных выяваў у найноўшай гісторыі Касцёла ў Беларусі.

Сёлетнія ўрачыстасці, якія мы будзем перажываць з удзелам Апостальскага Нунцыя ў нашай краіне – Арцыбіскупа Антэ Ёзіча – няхай стануць для нас нагодай да таго, каб падзякаваць за ўсе ласкі Добраму Богу і Найсвяцейшай Дзеве, якую ў Брэсцкай выяве ўшаноўваем як “Маці Выратавальніцу”. Няхай у гэты дзень перад алтаром Маці Божай Брэсцкай не спыняюцца малітвы падзякі і праслаўлення Пана Бога за Яго апеку і благаслаўленне.

Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваныя асобы і свецкіх вернікаў з нашых парафій прыняць удзел ва ўрачыстасці Маці Божай Брэсцкай, каб даверыць Яе матчынай апецы ўсе супольнасці і сем’і нашай Пінскай дыяцэзіі, якая, перажываючы Год Надзеі, рыхтуецца да радаснага юбілею 100-годдзя яе заснавання. Няхай нашая сумесная малітва перад выявай Маці Божай Брэсцк ай яшчэ больш умацуе нас у веры, надзеі і любові.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі  

Пінск, 20 мая 2023 г.

Санктуарый у Лагішыне сабраў пілігрымаў з Пінскай дыяцэзіі

8 мая адбылася ўжо XXVIII традыцыйная аднадзённая пешая пілігрымка з Пінска да санктуарыя Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Штогадовыя паломніцтвы з Пінскай катэдры да іконы Маці Божай у Лагішыне аднавіліся на пачатку 1990-х гадоў. Пілігрымаванне менавіта ў месяцы маі звязана з памяццю аб знакавай падзеі для ўсё Пінскай дыяцэзіі: 10 мая 1997 г. кардынал Казімір Свёнтэк увянчаў Лагішынскую выяву Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках адмысловымі каронамі, якія Папа Ян Павел ІІ асвяціў і ўпаўнаважыў кардынала ад яго імя здзейсніць акт ушанавання Багародзіцы. Тады ж афіцыйна быў зацверджаны тытул Маці Божай у лагішынскай выяве як Каралевы Палесся і Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Сёлетняя пешая майская пілігрымка сабрала больш за паўтары сотні паломнікаў не толькі з парафій горада Пінска, але таксама вернікаў з іншых мясцовасцей Пінскай дыяцэзіі: з Гомеля, Брэста, Жлобіна, Мазыра, Баранавічаў, Петрыкава і інш. Сваёй прысутнасцю, малітвай і дапамогай пілігрымку ўзбагацілі семінарысты прэпедэўтычнага курса Духоўнай семінарыі на чале з ксяндзом Паўлам Эйсмантам. У дарозе пілігрымаў вельмі гасцінна віталі вернікі парафіі святой Ганны ў в. Крыўчыцы.

Святую Імшу на завяршэнне пілігрымкі ў санктруарыі Маці Божай у Лагішыне ўзначаліў  Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з біскупам літургію цэлебраваў архімандрыт Сяргей Гаек, святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі. Гамілію да сабраных прамовіў айцец Леанард Адушкевіч OSPPE, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсв. Панны Марыі ў Гомелі. Святар нагадаў усім сабраным пра тое, што ў гэтым годзе лагішынскі касцёл-санктуарый адзначае 110-годдзе з дня яго асвячэння. Айцец Леанард заахвоціў сабраных з дапамогай малітвы да Маці Божай Марыі паглыбляць дары вынікаючыя з прынятага сакрамэнту святога хросту, а таксама быць сведкамі Божай любові ў сучасным свеце. На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі і кусташ санктуарыя, ксёндз Андрэй Шут, запрасіў усіх пілігрымаў на традыцыйныя летнія паломніцтвы да Маці Божай Лагішынскай з Баранавічаў і Бярозы, якія ў гэтым годзе запланаваныя на 8 — 11 жніўня. Фэст Каралевы Палесся сёлета запланаваны на 11-12 жніўня.      

8 МАЯ АДБУДЗЕЦЦА ПІЛІГРЫМКА ПІНСК – ЛАГІШЫН

Катэдральная парафія ў Пінску сардэчна запрашае ўсіх жадаючых далучыцца 8 мая да традыцыйнай аднадзённай пешай пілігрымкі  з Пінска да санктуарыя Маці Божай Каралевы Палесся ў мястэчку Лагішын (25 км ад Пінска).

Сёлетняя пілігрымка прымеркавана асабліва да 110-годдзя асвячэння касцёла-санктуарыя, дзе захоўваецца старадаўняя цудадзейная выява Дзіцяткі Езуса і Багародзіцы, Каралевы Палесся, увенчаная папскімі каронамі. Маці Божая Лагішынская з’яўляецца галоўнай апякункай Пінскай дыяцэзіі.

Пілігрымка вырушыць 8 мая а 9.00 з пінскай катэдры і завершыцца а 18.00 святой Імшой у Лагішынскім санктуарыі.

Каб атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра ўдзел у пілігрымцы,  а таксама пра магчымасць начлегу, арганізатары просяць звяртацца па наступных нумарах тэлефонаў (або Viber): +375 29 325 84 89 (Таццяна),  +375 29 850 23 01 (кс. Чэслаў), +375 29 727 31 98 (кс. Андрэй), або на  e-mail: pinskdioces@gmail.com.   

Велікоднае віншаванне

«Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага…  Ён Уваскрос!” (Мц 28,5-6).

 

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

      З радасцю і надзеяй мы ўваходзім у святкаванне пасхальнай таямніцы Уваскрасення нашага Збаўцы Езуса Хрыста. З верай і любоўю стаім перад пустой грабніцай Адкупіцеля чалавечага роду і чуем словы:   “Езус жыве!” (гл. Лк 24, 1-35; Мк 16, 11). Божае Слова, аб’яўленае ў Святым Пісанні, а таксама жыццё і дзейнасць Хрыста на зямлі паказваюць Міласэрнага Бога, які няспынна шукае чалавека, каб яму дапамагчы вызваліцца ад кожнага зла і дайсці да вечнага жыцця ў небе.

     У гэтыя пасхальныя дні мы з радасцю абвяшчаем, што Хрыстус Пераможца паўстаў з мёртвых. Уваскрослы Езус прабывае сярод нас, каб умацоўваць нас, каб мы не гублялі надзеі і з даверам глядзелі ў будучыню. Моц Ягонага паўстання з мёртвых напаўняе нас супакоем і ўпэўненасцю, што верна ідучы Божым шляхам, мы напэўна дойдзем да дому Нябеснага Айца (гл. Ян 16, 33; Мц 24,13).

          Уваскрасенне Езуса Хрыста заклікае нас не паддавацца ніякім смуткам і не ўпадаць у абыякавасць. Наадварот, цуд паўстання з мёртвых аб’яўляе перспектыву вялікіх здзяйсненняў і адкрывае бясконцыя крыніцы Божых ласк для кожнага, хто з верай звяртаецца да Збавіцеля, пачынае жыць радасцю і надзеяй Евангелля.

          З нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Езуса Хрыста жадаю кожнаму і кожнай з вас пасхальнага аптымізму, духоўнага і фізічнага здароўя, Божай мудрасці ў вырашэнні кожнай справы. Няхай радасць веры, надзеі і любові, якая праменіцца з велікоднай раніцы, будзе святлом вашага жыцця.

          Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!

 

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі  

Пінск, Вялікдзень, 2023 г.  

Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка на Вялікі Пост 2023 г.

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

“Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя…

і знойдзеце спакой для сваіх душаў” (Mц 11, 28-29).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

З ласкі Божай распачынаем благаслаўлёны перыяд Вялікага Посту як час пакаяння, навяртання, ачышчэння і падрыхтоўкі да паглыблення досведу найвялікшай таямніцы нашай веры: Мукі, смерці і Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Жадаем разглядаць гэты 40-дзённы Пост у шырэйшым вымярэнні. Хочам перажываць яго ў кантэксце вялікага трыдуума Касцёла ў нашым рэгіёне – трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею стагоддзя ад заснавання Пінскай дыяцэзіі. На працягу трох гадоў прыглядаемся да розных аспектаў нашага жыцця праз прызму трох найважнейшых хрысціянскіх цнотаў: веры, надзеі і любові (гл. ККК, 1812-1829).

         Сёлета мы перажываем ужо другі год падрыхтоўкі да юбілею дыяцэзіі. Адзначаем яго як Год Надзеі. Уся наша надзея ў Пану Богу. Кніга Псальмаў заахвочвае нас да такой даверлівай надзеі: “Спадзявайся на Пана і чыні дабро, … давер Пану шлях свой і спадзявайся на Яго: Ён Сам будзе дзейнічаць і ўчыніць, што твая справядлівасць заяснее як святло, а слушнасць твая – як поўдзень” (Пс 37, 3. 5-6). У перыяд Вялікага Посту жадаем асабліва вучыцца такому даверу разважаючы над таямніца Крыжа Езуса Хрыста. Гэта Божы Сын узяў на Сябе ўсе нашыя цярпенні і склаў найдасканалейшую Ахвяру са свайго жыцця (гл. Габр 10, 12-14; Iс 53, 12). Адаруючы таямніцу Хрыста Укрыжаванага спяваем у часе Вялікага Посту традыцыйны заклік: “Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі”.

         У спасціганні таямніцы нашага Адкуплення нам дапамагаюць таксама вялікапосныя спевы і набажэнствы, якія ўводзяць нас у духоўнае разуменне цярпенняў і Ахвяры Збавіцеля. Перадусім гэта такія набажэнствы як Крыжовы Шлях, Песні Жальбы, Гадзінкі пра Муку Пана і іншыя. Нашыя традыцыйныя спевы, такія як “Святы Крыжу, наймілейшы…”, а таксама іншыя пабожныя песні, няхай стануцца нашай малітвай, падтрымліваюць нас на шляху навяртання і праслаўлення Пана Бога. Да такога асабістага перажывання таямніцы Укрыжаванага Хрыста заавочвае нас класік літаратуры Адам Міцкевіч, якія напісаў знакамітыя словы: “Таго Крыж Езуса не збавіць, хто ў сваім сэрцы Крыжа не паставіць”.

        Вялікі Пост – гэта час асаблівай малітвы і працы над сабою (гл. KKK, 1434, 1438). Гэтую духоўную актыўнасць успамагаюць знешнія посныя практыкі: паўстрыманне ад гулянняў, абмежаванні ў ежы, асабліва – ад мясных страваў. Важна, каб сярод шматлікіх духоўных практык, удзелу ў вялікапосных набажэнствах і знешняй аскезе мы не забыліся пра мэту ўсяго гэтага: паяднанне з Панам Богам (гл. Ёл 2, 12-14; Oс 6,6). Таму на пачатку Вялікага Посту асабліва важна ўсвядоміць сабе інтэнцыю: над чым і як жадаю працаваць у гэты перыяд, якія мэты хачу дасягнуць, каб маё навяртанне было шчырым, дзейсным, прывяло мяне да яшчэ глыбейшага паяднання з Хрыстом і адкрыла на дапамогу бліжнім. Можа нам таксама спадарожнічаць інтэнцыя перапрашэння Бога за нашыя грахі, за занядбанні, за недахоп любові да Яго і да бліжніх. Разглядаем нашае жыццё пра прызму трох сфер актыўнасці: думак, словаў і ўчынкаў. Мы жывем у часы, калі нам неабходна звяртаць увагу таксама на нашую актыўнасць у інтэрнэце, сацыяльных сетках, на карыстанне са смартфонаў і іншых сродкаў камунікацыі. На колькі мы з’яўляемся хрысціянамі заўсёды і ўсюды, а над чым нам неабходна яшчэ папрацаваць, асабліва – у часе Вялікага Посту?

          Перажываючы Год Надзеі ў Пінскай дыяцэзіі, прагнем духоўна  ўмацоўвацца праз заступніцтва святых і благаслаўлёных нашага мясцовага Касцёла. А таксама чэрпаем са скрабніцы жыццёвага і духоўнага досведу тых, хто жыў і працаваў сярод нас і пакінуў нам прыгожы прыклад хрысціянскага жыцця (гл. KKK, 956-957). Перадусім, гэта вялікі апякун нашай дыяцэзіі – святы Андрэй Баболя, але таксама Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, першы біскуп Пінскі, сведак веры – кардынал Казімір Свёнтэк, а таксама шматлікія іншыя духоўныя, кансэкраваныя і свецкія вернікі, якія далі прыгожае і гераічнае сведчанне нязломнай веры, непахіснай надзеі і гарачай любові да Бога і бліжняга ня гледзячы на нясенне цяжкага крыжа свайго часу.

Перыяд Вялікага Посту – гэта час, калі мы пакліканыя да паглыблення лучнасці з Панам Богам у святых сакрамэнтах. Бог, бясконцы ў сваёй міласэрнасці, дае нам велізарныя магчымасці ачышчэння і асвячэння. Асабліва дапамагае нам у гэтым частае, але годнае карыстанне са святога сакрамэнту пакаяння і паяднання ў споведзі, а таксама – сакрамэнту Эўхарыстыі, калі мы пабожна і актыўна ўдзельнічаем у святой Імшы, з чыстым сэрцам прыступаем да Святой Камуніі. Дбаючы пра асабістае сакрамэнтальнае жыццё, не забывайма ў часе Вялікага Посту пра асобаў, якія занядбалі ў сваім жыцці споведзь, Святую Камунію, жывуць у несакрамэнтальных сужэнствах без касцёльнага шлюбу. Падтрымайма іх на збавенным шляху пошуку паяднання з Богам.

Святы Айцец Францішак так тлумачыць дзеянне таямніцы Божай міласэрнасці ў жыцці чалавека: “Кожны з нас, калі глядзіць на сваё жыццё добрым позіркам Бога, можа, узгадваючы ў памяці, адкрыць, як Пан Бог аказваў нам міласэрнасць, як быў намнога больш міласэрны, чым мы думалі, і тады набярэмся адвагі прасіць Яго, каб дапамог зрабіць яшчэ адзін малы крок, каб Ён аказаў яшчэ большую міласэрнасць у будучыні” (Папа Францішак, гамілія на св. Імшы Хрызма, 24.03.2016 г.). Святы Айцец заахвочвае нас да адважнай адкрытасці на дар Божай любові і прабачэння.

Вялікі Пост – гэта асаблівая магчымасць ажыўлення нашай веры з дапамогай учынкаў міласэрнасці. Святое Пісанне нагадвае нам, што вера без учынкаў мёртвая (гл. Як 2, 14-18). Таму заахвочваю вас, браты і сёстры, не забывайма пра бедных, занядбаных духоўна і матэрыяльна, тых, хто не мае сіл да нясення цяжкага крыжа цярпенняў. Будзьма для іх святлом, дапамогай, шляхам да спаткання з Богам, які ёсць Любоўю і Міласэрнасцю (гл. Мц 25, 31-45). Звяртайма ўвагу таксама на нашыя сем’і, на сваю парафію, на асяроддзе жыцця і працы. Хрыстус напэўна пакажа нам шматлікія магчымасці пацвярджэння сваёй веры канкрэтнымі ўчынкамі хрысціянскай любові да бліжняга. Да гэтага таксама заахвочвае нас Святы Айцец Францішак, у лучнасці з якім мы перажываем благаслаўлёны час Сіноду цяпер ужо на кантынентальным узроўні. Памятаем, што галоўнай тэмай бягучага пашыранага Сіноду Біскупаў з’яўляецца пошук шляхоў да актывізацыі сінадальнасці ў Касцёле, гэта значыць абуджэння духа адказнасці кожнага хрысціяніна за супольнасць Касцёла ( гл. Вадэмэкум Сінода аб сінадальнасці, Рым, 2021 г.).

         Будзем жа перажываць гэты Вялікі Пост у духу адкрытасці на дары Божай ласкі і будзем узаемна падтрымліваць адно аднаго на шляху паглыблення веры, надзеі і любові. На гэты вялікапосны час пакаяння і навяртання з сэрца благаслаўляю.

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, Папяльцовая Серада, 22.02.2023 г.   

Вялебныя святары няхай абвесцяць гэты Пастырскі Ліст вернікам падчас кожнай св. Імшы ў Першую нядзелю Вялікага Посту 26.02.2023 г., а таксама размесцяць яго на табліцы аб’яваў перад касцёлам на ўвесь вялікапосны перыяд.            

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка

Аб малітве за памерлага Папу эмэрыта Бэнэдыкта XVІ ў парафіях Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

31 снежня 2022 г. адышоў у вечнасць Святы Айцец Бэнэдыкт XVІ. Ён быў 265 наступнікам Святога Пятра і ўзначальваў Апостальскую Сталіцу з 19 красавіка 2005 г. да 28 лютага 2013 г. Пахавальная святая Імша адбудзецца 5 студзеня 2023 г. на плошчы святога Пятра ў Рыме. Яе ўзначаліць Святы Айцец Францішак.

Заахвочваю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі, каб у дзень пахавання Папы эмэрыта Бэнэдыкта XVІ усе парафіі і супольнасці далучыліся да малітвы за памерлага Пантыфіка. Прашу вялебных святароў аб цэлебрацыі святой Імшы з удзелам шматлікіх вернікаў, асабліва ў дзень пахавання Папы (фармуляр св. Імшы: стар. 1537-1539 РМ). Прашу таксама, каб у дзень пахавання Бэнэдыкта XVІ 5 студзеня 2023 г. перад святой Імшой за памерлага Пантыфіка эмэрыта загучалі касцёльныя званы ва ўсіх парафіях нашай дыяцэзіі.

Дыяцэзіяльная падзяка за жыццё і пантыфікат Бэнэдыкта XVІ адбудзецца падчас святой Імшы ў нядзелю 8 студзеня 2023 г. ў Пінскай катэдры. Запрашаю да ўдзелу ў гэтай цэлебрацыі святароў і ўсіх вернікаў нашай дыяцэзіі.

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі   

Пінск, 3 студзеня 2023 г.