Апекуны дыяцэзіі

Posted on by

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ, СВЯТАР І МУЧАНІК

  Нарадзіўся каля 1591 г. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў у ордэн езуітаў у Вільні. Прайшоўшы курс філасофіі і тэалогіі ў Віленскім універсітэце, у 1622 г. атрымаў святарскае пасвячэнне і цалкам прысвяціў сябе душпастырскаму служэнню ў тых мясцінах, куды яго выпраўляла духоўнае кіраўніцтва. З 1642 г. ён вёў адданую місіянерскую дзейнасць на Піншчыне. У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў набажэнствах.

  Андрэй Баболя хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Ён добра ведаў творы ўсходніх айцоў Касцёла і заўсёды мог аргументавана адстойваць аўтарытэт каталіцтва ў розных рэлігійных дыспутах. Дзякуючы яго намаганням шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкім Касцёлам. З-за гэтага Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам».

  У той жа час рэзка абвастрыліся адносіны паміж канфесіямі, у першую чаргу — з праваслаўнаю. Супярэчнасці на рэлігійнай глебе імкнуліся выкарыстаць для дасягнення сваіх мэт розныя сілы. Адной з такіх сіл былі казакі, якія дзейнічалі цалкам бескантрольна і тэрарызавалі ўсё мясцовае насельніцтва. 16 мая 1657 г. казакі ўварваліся ў Янаў Палескі (сучаснае Іванава Брэсцкай вобласці), дзе яны забілі ўсіх католікаў і жыдоў, не зважаючы на іх узрост, пол і паходжанне.

  Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым з Янава выйшаў Андрэй Баболя, выправіліся за ім у пагоню. Схапіўшы, яго страшэнна збілі і, прывязанага паміж двух коней, прыцягнулі ў Янаў. Там казакі некалькі гадзін люта здзекаваліся са сваёй ахвяры, выдумляючы ўсё новыя жахлівыя катаванні, пасля чаго два ўдары шабляй перарвалі зямное жыццё святара.

  Нятленнае цела св. Андрэя Баболі знаходзілася ў Пінску да 1808 г., пасля чаго яго перавезлі ў Полацк. У 1922 г. яно апынулася ў Маскве, у 1923 г. — у Рыме. Пасля кананізацыі Андрэя Баболі ў 1938 г. рэліквіі былі перададзены Польшчы і па сённяшні дзень знаходзяцца ў Варшаве.

  Святы Андрэй Баболя з’яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі. Яго ўспамін адзначаецца 16 мая.

  Месцам культу св. Андрэя Баболі з’яўляецца касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве. Месца пачатку мучаніцкага шляху святога цяпер знаходзіцца ў межах горада і адзначана помнікам. Дэкрэтам біскупа Антонія Дзям’янкі ад 16 мая 2013 г. касцёл Узвышэння Святога Крыжа атрымаў статус санктуарыя.

Выкарыстаны матэрыялы з Catholic.by