Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Звычайны перыяд 2024 г. Аб эўхарыстычнай пабожнасці ў Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Шаноўныя святары, душпастыры Пінскай дыяцэзіі, умілаваныя ў Хрысце кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі!

Пінская дыяцэзія перажывае асаблівы час падрыхтоўкі да юбілею сотай гадавіны з даты яе заснавання. Уваходзім у перыяд летняга сезона, які звычайна характарызуецца дынамізмам і большай актыўнасцю чалавечай асобы. Пераважна ў гэты час займаемся рамонтамі, будаўніцтвам, працуем у полі і часцей вырушаем у падарожжы, каб наведаць нашых родных і знаёмых, а таксама каб затрымацца ля магілы блізкіх нашаму сэрцу памерлых. Найчасцей летам арганізоўваем адпачынак з сям’ёй, удзельнічаем у пілігрымках і выездах, наведваем цікавыя мясціны ў сваёй краіне і замежжы.

Аднак важна памятаць, што ў большасці месцаў, якія наведваем з розных прычын, знаходзяцца таксама каталіцкія святыні, якія мы, як веруючыя асобы, не можам бесклапотна прамінуць. Ёсць такая старажытная хрысціянская прыказка: «Спярша пакланіся Богу ў касцёле, пасля — плябану і ўрэшце — гаспадару». Таму, дарагія браты і сёстры, жадаю скіраваць да вас гэты ліст, каб заахвоціць вас наведваць святыні і не шкадаваць часу на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту падчас вашых летніх выездаў, падарожжаў і экскурсій.

Часам вернікі, наведваючы касцёл з нейкай групай падчас экскурсій, забываюць прывітаць Пана Езуса і, такім чынам, не даюць сведчання сваёй веры. Нагадваю пра годны захавання звычай, паводле якога, увайшоўшы ў святыню, вызнаём нашую веру ў Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, выражаючы нашую пашану адпведнай малітоўнай паставай цела. У такую хвіліну паўтараем адзін з традыцыйна прынятых малітоўных заклікаў: «Няхай будзе праслаўлены Найсвяцейшы Сакрамэнт, сапраўднае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста!» Або: «Божа, злітуйся нада мною, грэшным!» Або: «Езусе, Сыне Давіда, злітуйся нада мною!»  Далей сустрэчу з Езусам варта працягнуць, молячыся Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці або іншую малітву. Было б непаразуменнем, калі б мы захапляліся прыгажосцю архітэктуры і мастацтва нашых святынь, а пры гэтым забывалі пра іх Гаспадара. Належыць таксама памятаць, што за наведванне Найсвяцейшага Сакрамэнту пры выкананні звычайных умоў можам атрымаць частковы адпуст, а пры адарацыі, прынамсі, паўгадзіны — поўны адпуст.

Здараецца, што асобы, якія наведваюць касцёл, маюць патрэбу ў духоўнай паслузе святара, часам прыбываючы з мясцовасці, дзе няма ўласнай парафіяльнай святыні. У такіх выпадках неабходна прасіць мясцовага душпастыра аб святарскай паслузе. Каб забяспечыць магчымасць сустрэчы з духоўнай асобай, пры святынях размешчаны яе кантактны нумар тэлефона.

Спрадвеку было вядома на нашай зямлі, што галоўным будынкам у кожнай мясцовасці з’яўляецца святыня. Таму касцёлы найчасцей будаваліся ў цэнтры нашых гарадоў і вёсак на найбольш годным і бачным месцы. У цяперашнія часы, паспешна пераадольваючы вялікія адлегласці з мэтай вырашэння нашых штодзённых спраў, мы часта за адзін дзень можам пабываць і ў краме, і ў шпіталі, на месцы вучобы і працы, на рынку і месцах адпачынку. Важна пры ўсім гэтым не забыць пра касцёл. Ці Божы дом надалей застаецца галоўным будынкам для нас у нашых гарадах і вёсках? Праўда, што сучасны чалавек не можа нармальна функцыянаваць без аптэкі, банка, крамы ці адміністрацыйных устаноў. Але нельга дазваляць паглынуць сябе толькі часовым справам. Поўня хрысціянскага жыцця немагчымая без наведвання касцёла.

Мы жывём у свеце, у якім часта перажываем разнастайныя цяжкасці, часам сустракаемся з рознымі выпрабаваннямі лёсу. У такіх сітуацыях не можам паддавацца безнадзейнасці, дэпрэсіі ці шукаць часовага суцяшэння ў граху ці пустых занятках. Кожны крызіс нашага жыцця, кожны боль або нечаканае няшчасце павінна станавіцца нагодай, каб услед за Пятром, які тануў, моцна ўсклікнуць да Езуса: «Пане, ратуй мяне!» (Мц 14, 30). У цяжкія хвіліны нашага жыцця, браты і сёстры, не забывайма стаць перад Панам на адарацыі, у пакорнай малітве шукаючы збаўлення.

Асабліва заахвочваю вернікаў, якія нясуць крыж уласнай хваробы, памятаць пра спецыяльную моц, якою надзяляе Хрыстус у святых сакрамэнтах. Перад тым як пайсці ў шпіталь, перад неабходнымі медыцынскімі працэдурамі наведвайце касцёл, карыстайцеся аздараўляючай ласкай святых сакрамэнтаў і размовай з Лекарам нашых душ і цел, утоеным у Эўхарыстычным Хлебе. Маем столькі сведчанняў хворых асоб, якія распавядаюць аб моцным аздараўляючым дзеянні Пана Езуса ў часе адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту!

Асабліва прашу бацькоў, каб наведвалі касцёл са сваімі дзецьмі і разам з імі адаравалі там Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Дарагія бацькі, ідучы са сваімі дзецьмі па вуліцах нашых гарадоў і вёсак у розныя месцы, дзе тыя вучацца і адпачываюць, не забудзьце пра галоўнае месца, у якім ваш сын ці дачка зможа навучыцца дыялогу з Богам. Пры кожнай адпаведнай нагодзе заходзьце са сваімі дзецьмі ў касцёл. У залежнасці ад умоў пражывання дзеці не заўсёды маюць доступ да святыні і часам могуць дабрацца туды толькі з дапамогай бацькоў. Таму яшчэ раз моцна заахвочваю бацькоў, каб усім сэрцам адгукнуліся на заклік Хрыста: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае» (Мк 10, 14). Пан Езус сапраўды хоча бачыць вашых дзяцей!

Сучасны чалавек адкрыты на ўсё, што новае, і ахвотна прымае найноўшыя дасягненні тэхнічных вынаходніцтваў, якія паляпшаюць яго жыццё. У кожным горадзе ў апошнія часы назіраем хуткае развіццё разнастайных магчымасцей карыстання электрычнымі роварамі і самакатамі. Ці ж не становіцца гэта добрай нагодай для многіх з нас яшчэ прасцей даязджаць да нашых касцёлаў? Няхай жа вынаходніцтвы сучаснай урбаністычнай культуры служаць не толькі нашай працы і адпачынку, але таксама дапамагаюць у паглыбленні нашага духоўнага жыцця.

У традыцыі Касцёла мы знаходзім шматлікія формы эўхарыстычнай пабожнасці: працэсіі, святыя гадзіны, саракагадзінныя набажэнствы, эўхарыстычныя кангрэсы, выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і інш. Нашая Пінская дыяцэзія займае шырокія абшары, і,  як ведаем, нам не хапае адпаведнай колькасці душпастыраў, у выніку чаго святары не раз павінны пераадольваць вялікія адлегласці, каб даехаць да давераных іх апецы вернікаў. Не заўсёды ёсць магчымасць арганізаваць у паасобных парафіях набажэнствы, якія маглі б развіваць Эўхарыстычны культ. Таму ў гэтым пастырскім лісце заахвочваю да практыкі наведвання Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта адзін з магчымых і даступных у кожнай парафіі спосабаў ушанавання Пана Езуса, прысутнага ў Эўхарыстыі.  Спадзяюся, што гэтая пабожная практыка будзе прынята і падтрымана. У тых парафіях, дзе існуе магчымасць арганізацыі ўзгаданых форм культу Эўхарыстыі, горача да гэтага заахвочваю.

У разважаннях пра нашую эўхарыстычную пабожнасць нельга абмінуць тэмы, якая датычыць знешніх праяўленняў пашаны веруючай асобы да Пана Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце: нашае адзенне. Ці не сведчыць яно пра нашую ўнутраную паставу? Памятаем звычаі нашых продкаў, якія заўсёды апраналіся ў найлепшае адзенне, ідучы ў касцёл, бо яны сапраўды верылі, што ідуць на сустрэчу з жывым Богам. Хачу нагадаць як мужчынам, так і жанчынам, як дзецям, так і моладзі, што нашая вопратка, у якой прыходзім у касцёл, павінна быць ва ўсіх сэнсах прыстойная. Усе разумеем, што ў будныя дні мы можам прыходзіць у святыню непасрэдна пасля працы або пасля разнастайных заняткаў нашай паўсядзённасці. Але ці нядзеля або ўрачыстасць не з’яўляюцца важнай нагодай, каб мы маглі адзначыць гэты асаблівы час ласкі, таксама апрануўшыся ў святочнае адзенне?

Як было ўзгадана на пачатку гэтага ліста, летні перыяд з’яўляецца часам адведзін і прыгожых сяброўскіх спатканняў. Аднак, наведваючы блізкіх нам асоб, не забывайма пра нашага найлепшага Сябра — Пана Езуса. У тым месцы, куды прыязджаеце, магчыма, таксама ёсць касцёл, гэта значыць дом вашага найбліжэйшага Сябра, якога нельга абмінуць. Пры такой нагодзе маем магчымасць засведчыць сваю веру перад тымі асобамі, якія нас прымаюць ці сярод якіх мы знаходзімся. Не бойцеся патлумачыць ім пра мэту нашага наведвання касцёла, распавядайце ім пра нашыя адносіны з жывым Хрыстом, якога адаруем у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Часам мы можам цэлы дзень весці гутарку з асобамі, якіх называем сябрамі, не шкадуем часу на размовы са знаёмымі. Ці сапраўды ў нас не знойдзецца некалькі хвілін, каб зайсці ў касцёл, калі ёсць такая магчымасць?

«Благаславі, душа мая, Пана! Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі» (Пс 103). Гэтымі словамі натхнёны аўтар запрашае нас да адарацыі нашага Стварыцеля і Даўцы жыцця. Узгадваем 103-і псальм, які заахвочвае нас медытаваць над аб’яўленнем Бога ў свеце прыроды, якая паказвае нам веліч Яго стварэння: апранутыя ў зелень лугі і палі, гнёзды буслоў і норы дзікіх звяроў, заход сонца і прыгажосць месяца. Ад ранішняй вясны да позняй восені мы захапляемся прыгажосцю прыроды, падараванай нам Стварыцелем свету. Вучымся заўважаць сляды нашага Нябеснага Айца ў кветках ранняй вясны і лета, тых, што растуць на дзікіх палях і ў нашых садах. Увесь створаны свет — гэта святыня Бога Стварыцеля. Яе прыгажосць адкрываем, сузіраючы ўсё з верай у нашага Пана. Таму касцёл і малітва ў ім не могуць станавіцца для нас перашкодай у тым, каб адначасова захапляцца хараством лета. Наадварот, Пан Езус адкрывае нам вочы, паказваючы прыгажосць таго, што Ён нам даў. Таму мы прыносім у касцёл кветкі і вяночкі, каб падкрэсліць сувязь паміж Богам, якога адаруем, і дарам Яго стварэння.

            Дарагія браты і сёстры! Гэты ліст хачу скончыць, узгадваючы пасланне Святога Айца Францішка, якое ён скіраваў 5 лютага 2018 года да духавенства Рыма, просячы таксама нас: «Вучыце вашых вернікаў адарацыі, бо, адаруючы, мы ўжо тут адчуваем тое, што з Божай ласкі атрымаем у небе». На завяршэнне гэтага разважання Папа ўзгадвае цара Саламона, які маліўся ў святыні, і навучае, якой павінна быць нашая адарацыя: «Саламон адважыўся прамовіць толькі два словы: пачуй і прабач. Гэта два словы адарацыі: пачуй і прабач. Што можна сказаць Пану, калі маем за плячыма ўсё нашае жыццё? Толькі адаруючы і просячы Бога: пачуй і прабач!»

Умілаваныя браты і сёстры! Рыхтуючыся да юбілею Адкуплення ў Паўсюдным Касцёле, а таксама да сотай гадавіны паўстання Пінскай дыяцэзіі, адновім жа ў нашых парафіях і сем’ях вельмі глыбокі пабожны звычай нашых продкаў, каб як найчасцей сустракацца з Езусам Хрыстом на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў нашых касцёлах.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

       Біскуп Пінскі

Пінск, 27 мая 2024 г.

Шаноўныя святары няхай паводле ўласнага душпастырскага меркавання падчас кожнай Св. Імшы ў нядзелю 2 ці 9 чэрвеня або абвесцяць гэты ліст вернікам, або выкарыстаюць яго змест у гаміліі, а таксама размесцяць яго тэкст на дошцы аб’яў перад касцёлам да першай нядзелі Адвэнту (01.12.2024 г.). 

Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды круглай гадавіны пасвячэнняў біскупа Казіміра Велікасельца OP

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

         Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

    У сувязі з надыходзячай круглай датай 40-годдзя святарскага пасвячэння Яго Эксцэленцыі Казіміра Велікасельца OP, Дапаможнага Біскупа Пінскай дыяцэзіі,  і 25-гадовым юбілеем яго біскупскага служэння заклікаю ўсіх жадаючых прыняць удзел ва ўрачыстай Святой Імшы падзякі Пану Богу, якую плануем цэлебраваць у санктуарыі галоўнага нябеснага заступніка Пінскай дыяцэзіі — святога Андрэя Баболі ў Іванаве 18 мая а 12:00.

    Набліжаючыся да сярэбранага юбілею — 25-годдзя служэння біскупа Казіміра, разам з ім дзякуем Добраму Богу за плённыя і шматлікія гады яго святарскага і біскупскага служэння. За гэты доўгі перыяд руплівага пастырскага служэння ён, будучы паслухмяным Божаму Провіду, працаваў на Божай ніве не толькі ў Пінскай дыяцэзіі, але таксама ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзе аднавіў парафіі ў Новым Свержні і Гарадзеі, і клапаціўся таксама пра адраджэнне парафіяльных супольнасцей на прылеглых тэрыторыях Гродзенскай дыяцэзіі — у Міры і Карэлічах.

    Сорак гадоў таму сваё святарскае служэнне біскуп Казімір распачынаў у парафіі ў Ішкалдзі каля Баранавіч. Пасля служыў у Паланечцы, Сталовічах, Гарадзішчы, Юшкавічах, Ганцавічах, Лунінцы. У часы адраджэння Касцёла пасля дзесяцігоддзяў атэізму гэты іерарх дапамагаў вернікам у аднаўленні парафій і адбудове зруйнаваных касцёлаў, арганізоўваў з вернікамі новыя парафіі і не перастае клапаціцца пра будаўніцтва новых святынь, якія ўзводзяцца замест раней разбураных. Сярод іх варта ўзгадаць касцёл Маці Божай Анёльскай у в. Лясной каля Баранавіч.

    Служачы ў г. Баранавічы, Яго Эксцэленцыя клапаціўся пра існуючыя там парафіі, пабудаваў новы парафіяльны дом пры касцёле Узвышэння Святога Крыжа. Таксама дапамагаў вернікам у заснаванні новых супольнасцей у маладых мікрараёнах. Так, дзякуючы старанням біскупа Казіміра на пачатку 1990-х гг. паўстала і паспяхова развіваецца парафія Святога Зыгмунта ў гэтым горадзе.

   Таксама, служачы ў Брэсце, Яго Эксцэленцыя прычыніўся да арганізацыі маладой парафіі і распачаў будаўніцтва касцёла Святога Юзафа ў новай частцы горада. Дзякуючы старанням біскупа Казіміра, у касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце былі адноўлены каменныя алтары, упарадкаваны прыкасцёльная тэрыторыя і агароджа святыні. Тут ён развіваў культ Маці Божай Брэсцкай, устанавіў арган. Іерарх дапамог парафіяльнай супольнасці ў Маларыце арганізаваць новае месца культу і душпастырства замест разбуранай раней святыні.

   Пасля плённага перыяду пастырства ў Брэсце біскуп Казімір працягнуў сваё служэнне ў Пінску. Дзякуючы яго старанням развівалася душпастырства ў Пінскай катэдральнай парафіі. У г. Століне пры падтрымцы гэтага пастыра мясцовая парафія змагла арганізаваць новае месца культу замест разбуранай раней святыні. Таксама Яго Эксцэленцыя служыў супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, дзе быў спаведнікам семінарыстаў.

    З 2012 г. біскуп Казімір служыць у Гомелі. У гэтым другім па велічыні горадзе краіны ён дапамог адрадзіцца парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і паспяхова распачаць будаўніцтва новай святыні замест разбуранай у часы атэізму. Там жа Яго Эксцэленцыя служыць не толькі парафіяльным супольнасцям, падтрымлівае святароў, але і духоўна суправаджае сясцёр з манаскіх супольнасцей, а таксама давераных іх апецы асоб з цэнтра дапамогі бяздомным і сем’ям дзяцей з асаблівасцямі развіцця. 

   У Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца Генеральным Вікарыем, дапамагае кіруючаму біскупу ў вырашэнні спраў Касцёла. Яго сведчанне руплівага душпастыра прынесла шчодры плён новых святарскіх пакліканняў у розных парафіях не толькі Пінскай дыяцэзіі, але і ва ўсёй Беларусі. Прыклад веры і малітвы Яго Эксцэленцыі з’яўляецца натхненнем для біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў да больш адданага жыцця паводле веры.

   Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў да ўдзелу ў Святой Імшы падзякі ў санктуарыі Святога Андрэя Баболі. Асабліва запрашаю на супольнае набажэнства ўсіх тых, хто з рук Яго Эксцэленцыі быў ахрышчаны, прыступаў да святой споведзі, прымаў Святую Камунію, сакрамэнт канфірмацыі, заключаў сужэнства, атрымліваў духоўную падтрымку.    

   Няхай нашая супольная малітоўная сустрэча 18 мая ў Іванаве стане не толькі падзякай Пану Богу за шматгадовае руплівае служэнне біскупа Казіміра Велікасельца OP, але таксама просьбай да Хрыста — Добрага Пастыра аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага служэння і асабліва з парафій Пінскай дыяцэзіі.        

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, 23 красавіка 2024 г.

Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэтае Паведамленне вернікам у нядзелю 28 красавіка падчас кожнай Святой Імшы і размесцяць яго тэкст на прыкасцёльнай дошцы аб’яў да 19 мая.