Гісторыя

Posted on by

Пінская дыяцэзія: гісторыя і сучаснасць

Хрысціянства на землях сучаснай Беларусі пачало актыўна распаўсюджвацца яшчэ ў ІХ ст. Прычым яно выступала не толькі ва ўсходняй (візантыйскай) форме, але і ў заходняй (лацінскай). У 1009 г. “на сумежжы Літвы і Русі” г. зн. недзе на паўднёвым захадзе Беларусі, прапаведваў нямецкі лацінскі біскуп святы Бруна Баніфацый з Кверфурта. Святы Бруна і некалькі яго памочнікаў загінулі мучаніцкай смерцю ад рук язычнікаў.

Прыкладна ў той самы час (паміж 1008 і 1013 гг.) тураўскі князь Святаполк ажаніўся з дачкою польскага князя (будучага караля) Баляслава Храбрага. Разам з маладой князёўнай у Тураў прыбылі святары лацінскага абраду на чале з біскупам Рэйнбернам. Было заснавана першае каталіцкае біскупства на Турава-Пінскіх землях. Крыніцы сведчаць, што Рэйнберн не толькі выконваў функцыю духоўнага кіраўніка маладой князёўны, але і актыўна прапаведваў каталіцкую веру сярод насельніцтва.

У сярэдзіне ХІІІ ст. другім значным цэнтрам каталіцтва стаў Навагрудак – першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага і Рускага, і адзін з цэнтраў пазнейшай Пінскай дыяцэзіі. У 1251 г. першы навагрудскі князь Міндоўг выправіў у Рым афіцыйнае і адмысловае пасольства. Яно было надзвычай плённым: Папа Інацэнт ІV прыняў усе землі Міндоўга і яго з сям’ёю пад абарону і юрысдыкцыю Апостальскай Сталіцы Рымскага Пантыфіка. У 1253 г. па благаслаўленні таго ж Папы князь быў каранаваны Кульмскім (Хэлмінскім) каталіцкім біскупам Генрыкам. На Наваградскіх землях было заснавана лацінскае біскупства.

Распаўсюджванне каталіцкай веры ў Беларусі яшчэ больш актыўна адбывалася з канца ХІV ст. Напрыканцы ХV ст. налічвалася ўжо каля 150 парафій. Пашыралася колькасць кляштараў. Самы першы кляштар з’явіўся ў 1396 г. у Пінску і яго будынак захваўся да сёння. Яго заснавалі францысканцы.

У сярэдзіне ХVІІ стагоддзя на тэрыторыі паміж Пінскам і Янавам Палескім (сучасны г. Іванава) прапаведваў святы Андрэй Баболя, езуіт. Ён загінуў ад рук казакаў 16 мая 1657 г. і быў пахаваны ў Пінску. Адтуль пачаў імкліва пышарацца культ гэтага святога. Святы Андрэй Баболя з’яўляецца нябесным апекуном Пінскай дыяцэзіі. На тэрыторыі, якая сёння ўваходзіць у яе склад розныя манаскія супольнасці вялі актыўную місіянерскую дзейнасць. Акрамя кляштароў такіх вядомых ордэнаў, як дамініканцы, езуіты, бенедыктынцы, кармеліты, тут быў адзіны ў Беларусі кляштар ордэну картузіянцаў у г. Бяроза (1689 г) і кляштар барталамітаў у г. Пінску (1695 г.).

У 1794 г. Магілёўскім арцыбіскупам С. І. Богуш-Сестранцэвічам была зробленая першая спроба заснаваць каталіцкую дыяцэзію з цэнтрам у Пінску. Аднак яна праіснавала ўсяго чатыры гады і была скасавана, а яе тэрыторыя ўвайшла ў склад утворанай у 1798 г. Мінскай дыяцэзіі.

Новае заснаванне дыяцэзіі адбылося ў першай палове ХХ стагоддзя. Папа Пій ХІ на падставе булы “Vixdum Poloniae unitas” ад 28 кастрычніка 1925 г. рэарганізаваў адміністрацыйныя адзінкі Каталіцкага Касцёла на тэрыторыі тагачаснай Польшчы. Змяніліся межы некаторых дыяцэзій і ўзніклі новыя, а сярод іх – Пінская.

Першым кіраўніком Пінскай дыяцэзіі стаў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі (1870 – 1932). За некалькі тыдняў да заснавання дыяцэзіі ён пераехаў з Навагрудка ў Пінск. Пастыра радасна сустрэла вялікая колькасць гараджан, прычым не толькі хрысціянскага веравызнання. Са сваёй першай прамовай да ўсіх дыяцэзіянаў біскуп З. Лазінскі звярнуўся каля брамы касцёла святога Станіслава (цэнтральная плошча горада). Яго разам з супрацоўнікамі чакала адказная праца па аднаўленні рэлігійнага жыцця на Палессі і на шырокіх прасторах Пінскай дыяцэзіі, якая ў той час ахоплівала значныя рэгіёны Міншчыны, Навагрудчыны і Падляшша.

У 1925 г. была ўтворана дыяцэзіяльная курыя (упраўленне). З 1926 г. пачалася дзейнасць дыяцэзіяльнай друкарні і Дыяцэзіяльнага інстытута каталіцкай акцыі. 1 мая 1927 г. была створана катэдральная капітула.

Асаблівае месца ў гісторыі Пінскай дыяцэзіі займае Духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага. Яна пачала дзейнічаць 12 верасня 1925 г. у мурах былога францысканскага кляштара ў Пінску – найстарэйшага кляштара на Беларусі. Сярод выпускнікоў семінарыі такія славутыя асобы, як мучанік Другой сусветнай вайны благаслаўлёны кс. Мечыслаў Багаткевіч, Слуга Божы кс. Аляксандр Зянкевіч, прафесар Акадэміі каталіцкай тэалогіі ў Варшаве ксёндз пралат Уладзіслаў Гладоўскі, біскуп Драгічынскі Уладзіслаў Ендрушук, кардынал Казімір Свёнтак, святары: Рыгор Каласоўскі, Станіслаў Лазар, Ежы Росяк, Станіслаў Рыжка і інш.

Пасля вайны тэрыторыя Пінскай дыяцэзіі амаль цалкам ўвайшла ў склад БССР. Тая частка, што засталася ў межах Польшчы ўзначальвалася апостальскім адміністратарам з рэзідэнцыяй у Драгічыне-над-Бугам. Функцыю адміністратараў Пінскай дыяцэзіі выконвалі  ксёндз-інфулат Міхал Кшывіцкі (1950 – 1967) і ксёндз біскуп Уладзіслаў Ендрушук (1967 – 1991). У самой жа Беларусі ад 31 снежня 1946 г. генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі доўгі час з’яўляўся кс. Вацлаў Пянткоўскі. Пад яго кіраўніцтвам у вёсцы Мядзведзічы Ляхавіцкага раёна некаторы час функцыянавала падпольная духоўная семінарыя, у якой было падрыхтавана да святарства 10 асобаў.

У 1991 г. біскуп Уладзіслаў Ендрушук стаў на чале новастворанай Драгічынскай дыяцэзіі, якая ахапіла тую частку Пінскай дыяцэзіі, якая заставалася на тэрыторыі Польшчы. З атрыманнем Беларуссю незалежнасці пачалося адраджэнне структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне і новы этап у гісторыі дыяцэзіі. Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі ў гэты час быў прызначаны кардынал Казімір Свёнтэк.

Сёння Пінская дыяцэзія ўключае ў сябе дзве вобласці Беларусі – Гомельскую і Брэсцкую. З 2012 г. яе ўзначальвае біскуп Антоні Дзям’янка. Душпастырская праца ажыцяўляецца ў 84 парафіях, аб’яднаных у дзевяць дэканатаў. У дыяцэзіі да 2024 г. дзейнічала духоўная семінарыя, а з 2009 г. дзейнічае каталіцкая навучальная ўстанова для свецкіх – Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, які рыхтуе спецыялістаў у галіне тэалогіі, катэхетыкі і сямейнага кансультавання.

На абшарах Пінскай дыяцэзіі знаходзяцца тры санктуарыі – Маці Божай Каралевы Палесся ў г.п. Лагішын (каля Пінска), Маці Божай Фацімскай у Баранавічах і святога Андрэя Баболі ў  г. Іванава. У в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна знаходзіцца самы старажытны з захваных на тэрыторыі Беларусі касцёл, пабудаваны ў 1472 г. у гатычным стылі. Дыяцэзія славіцца тым, што мае шматлікія цудатворныя абразы: Маці Божай Берасцейскай (Брэст), Маці Божай Каралевы Палесся (Лагішын), Маці Божай Юравіцкай (Мазыр), Маці Божай Ласкавай (Косава), Маці Божай Бялыніцкай (Новая Мыш), Маці Божай Гомельскай (Гомель).

Вялікае значэнне ў дыяцэзіі мае сацыяльнае служэнне людзям патрабуючым дапамогі незалежна да іх веравызнання і светапогляду. Так у Гомелі дзейнічае Цэнтр рэабілітацыі для дзяцей-інвалідаў, які з’яўляецца сумесным праектам Пінскай дыяцэзіі і адпаведных дзяржаўных установаў. У г.п. Лагішын (Пінскі р-н) знаходзіцца Дом Міласэрнасці для старэйшых і адзінокіх асобаў, якія патрабуюць апекі. Акрамя таго, у многіх парафіях дыяцэзіі рэалізуецца харытатыўная дапамога для людзей самых розных катэгорый дзякуючы служэнню рэлігійнай місіі “Карытас” (лац. “Міласэрнасць”) Пінскай дыяэцзіі.

2025 г. у Каталіцкім Касцёле адзначаецца як Святы Год (кожны 25-год ад нараджэння Хрыста), а для Пінскай дыяцэзіі  – гэта юбілей сотай гадавіны з даты яе заснавання. Дзякуем Міласэрнаму Богу за сто год плённага духоўнага жыцця Пінскай дыяцэзіі.