Духоўная семінарыя

Posted on by

 

  Заснавальнікам духоўнай семінарыі ў Пінску з’яўляецца Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. У цяжкія часы гэты адданы пастыр імкнуўся падтрымліваць жыццё Касцёла і яго структуры на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Біскуп Лазінскі тройчы рабіў спробы стварэння вышэйшай і ніжэйшай семінарый: першы раз у Мінску 10 кастрычніка 1918 г., другі раз у Навагрудку 1 кастрычніка 1921 г., а трэці — у Пінску 12 верасня 1925 г.

  Духоўная семінарыя ў Пінску, якая размясцілася ў будынку былога францысканскага кляштара, пабудаванага пры катэдры ў XVIII ст., паспяхова дзейнічала да 1939 г. і за гэты час падрыхтавала больш за 90 святароў, многія з якіх адыгралі заўважную ролю ў жыцці Касцёла на нашых землях, сталі мучанікамі за веру, адданымі і самаахвярнымі душпастырамі, пра якіх з глыбокай пашанай успамінаюць усе, хто з імі сустракаўся.

  Сярод выпускнікоў семінарыі можна ўзгадаць такіх вядомых асоб, як Кардынал Казімір Свёнтэк, Біскуп Драгічынскі Уладзіслаў Ендрушук, прафесар Акадэміі каталіцкай ідэалогіі ў Варшаве кс. Уладзіслаў Гладоўскі, кс. Міхал Вільнеўчыц, кс. Генрык Кардаш, благаслаўлёны мучанік Другой сусветнай вайны кс. Мечыслаў Багаткевіч, кс. Гжэгаж Каласоўскі, кс. Станіслаў Лазар, кс. Ежы Росяк, кс. Станіслаў Рыжка, кс. Антоні Гжыбоўскі і іншыя.

  З апублікаваных успамінаў выхаванца семінарыі кс. Станіслава Рыжкі можна даведацца, як там працякала жыццё. У нядзелю клерыкі спявалі Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, а на Святую Імшу і Нешпары ішлі ў катэдру. Кожны чацвер у семінарыйнай капліцы адбывалася Літургія ўсходняга абраду, якую цэлебраваў кс. Зянон Калянюк. У нядзелю і чацвер быў выхад у горад. Заняткі пачыналіся а 8-й гадзіне раніцы і працягваліся па 50 хвілін з дзесяціхвіліннымі перапынкамі да 12:50. Раскрыццю талентаў, развіццю духоўнасці клерыкаў і ўдасканаленню фармацыі служылі розныя гурткі і суполкі. Духоўны айцец Казімір Дамброўскі SJ увёў звычай штомесячнага дня духоўных разважанняў, названага «днём адновы».

  Душой семінарыі ў Пінску быў Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі. Ва ўсіх успамінах як выхавальнікаў, так і клерыкаў падкрэсліваецца яго вялікі ўплыў на атмасферу навучальнай установы, на фарміраванне ў душах яе выхаванцаў ідэалу святарства. Ксёндз-біскуп выкладаў у семінарыі Святое Пісанне. Кожную лекцыю ён старанна рыхтаваў, чытаў з запалам, цікава і часам нават з гумарам. Вельмі сур’ёзна падыходзіў да якасці працэсу навучання, ставіў высокія патрабаванні. Для забеспячэння семінарыйнай бібліятэкі літаратурай ксёндз-біскуп не толькі сам перадаў у яе фонды свой кнігазбор, але таксама пастанавіў перадаваць у семінарыю прыватныя бібліятэкі святароў пасля іх смерці. Так, у 1930 г. фонд налічваў 10 500 тамоў, а ў 1935 г. — больш за 22 500 тамоў і 76 назваў часопісаў.

  Пасля ўз’яднання Беларусі ў верасні 1939 г. дзейнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску была спынена.

  Адраджэнне і новае адкрыццё семінарыі ў сталіцы беларускага Палесся адбылося 12 верасня 2001 г., у свята Найсвяцейшага Імя Марыі. Гэта стала магчымым дзякуючы самаахвярным намаганням сведкі веры, першага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі Кардынала Казіміра Свёнтэка, былога выпускніка Alma mater на беразе Піны. Дэкрэт Апостальскай Сталіцы аб адкрыцці семінарыі падпісаў 31 мая 2001 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ. Кардынал Казімір Свёнтэк паклапаціўся аб капітальным рамонце будынка былога францішканскага кляштара, куды зноў пасля дзесяцігоддзяў вярнулася навучальная ўстанова.

    У 2024 годзе семінарыя прыпыніла сваю дзейнасць.

Выкарыстаны матэрыялы з Catholic.by