Новыя прызначэнні ў Пінскай дыяцэзіі

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў апошні час здзейсніў новыя прызначэнні сярод біскупаў і святароў, якія служаць у Пінскай дыяцэзіі.

Яго Эксцэленцыя Біскуп Андрэй Зноска, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, з 13 верасня прызначаны Генеральным Вікарыем Пінскай дыяцэзіі;

Айцец Сяргей Калюта OSPPE з 22 верасня вызвалены з пасады вікарыя парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі (Гомельскі дэканат);

Айцец Ануфрый Альховік OSPPE з 22 верасня прызначаны на пасаду пробашча парафіі Спаслання Духа Святога ў Пінску (Пінскі дэканат).

  

Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі ПАВЕДАМЛЕННЕ з нагоды распачацця святкавання стагоддзя Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

     28 кастрычніка 1925 г. Папа Пій ХІ заснаваў Пінскую дыяцэзію. Рыхтуючыся да адзначэння гэтай юбілейнай даты ўсёй супольнасцю мясцовага Касцёла, мы распачынаем год падзякі Міласэрнаму Богу за ўсе Яго ласкі, якія нашая дыяцэзія атрымлівала на працягу гэтых ста гадоў. 

     28 верасня бягучага года а 11-й гадзіне жадаем распачаць святкаванне сотай гадавіны заснавання Пінскай дыяцэзіі ў мястэчку Ружаны. Божы Провід дазволіў аднавіць там велічную капліцу Святога Казіміра, якая была ўзнесеная ў XVIII ст. у памяць пра перанясенне і захаванне ў Ружанах рэліквій гэтага святога нашай зямлі.

     Таму запрашаю ўсіх вас прыняць удзел у Святой Імшы ў ружанскай капліцы Святога Казіміра ў апошнюю суботу верасня. Падчас літургіі адбудзецца асвячэнне адноўленай святыні, а таксама ўсе разам узнясём да Бога малітву падзякі за ўсе Яго дары, якімі Ён не перастае шчодра благаслаўляць Пінскую дыяцэзію.

     У межах Ружанскага фэсту, з якога распачнём святкаванне стогадовага юбілею дыяцэзіі, кожны з нас будзе мець асаблівую магчымасць дакрануцца да вялікай духоўнай і гістарычнай спадчыны Касцёла на нашай зямлі. На гэтай урачыстасці мы станем не толькі сведкамі, але і ўдзельнікамі шэрага гістарычных падзей: асвячэння адрэстаўраванай святыні ў гонар святога Казіміра і адноўленага ўнікальнага старадаўняга аргана ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Таксама пазнаёмімся з гісторыяй Пінскай дыяцэзіі, станем сведкамі гістарычнай рэканструкцыі захавання рэліквій святога Казіміра і будзем мець магчымасць памаліцца пры яго аўтэнтычных рэліквіях. Нашая моладзь падрыхтавала прыгожы канцэрт праслаўлення Пана Бога, які адбудзецца ў непаўторнай атмасферы Ружанскага замка.

     Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асоб, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі да актыўнага ўдзелу ў гэтай знакавай урачыстасці 28 верасня ў Ружанах. Няхай нашая супольная малітва ў дзень распачацця юбілейнага года Пінскай дыяцэзіі прынясе шчодры і трывалы духоўны плён.        

     З пастырскім благаслаўленнем,

Антоні Дзям’янка

        Біскуп Пінскі

Пінск, 16 верасня 2024 г.

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска прыняў біскупскае пасвячэнне ў Пінску

7 верасня ў катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбылося біскупскае пасвячэнне ксяндза каноніка Андрэя Зноскі, якога Папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.

Галоўным пасвячаючым біскупам стаў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які завяршае сваё служэнне ў Беларусі і цяпер будзе прадстаўніком Святога Айца ў Грузіі і Арменіі. Яму асіставалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй,Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Казімір Велікаселец з Гомеля.

Свае віншаванні новапасвячанаму біскупу Зноску даслаў таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які цяпер знаходзіцца ў Казахстане, дзе бярэ ўдзел у святкаванні юбілею 25-годдзя з часу заснавання Карагандзінскай дыяцэзіі.

На пачатку ўрачыстай святой Імшы, падчас якой адбываліся абрады пасвячэння, была абвешчана намінацыйная була — дакумент Папы Францішка, якім ён прызначыў ксяндза Андрэя Зноску дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі і тытулярным біскупам Скардоны.

Пераклад папскай булы на беларускую мову прачытаў адзін з асістуючых святароў ксёндз канонік Антоній Казлоўскі, дэкан Смаргонскі.

Святы Айцец, звяртаючыся ў гэтым сваім лісце да Андрэя Зноскі, між іншым, напісаў:

«Пан, які ў сваёй любові паказаў блукаючым святло праўды, каб усе, хто вызнаюць сябе хрысціянамі, маглі вярнуцца на шлях міру і шчыра імкнуліся да таго, што яму спрыяе, паслаў у гэты свет наступнікаў апосталаў, каб яны як мага старанней выконвалі абавязак абвяшчэння Евангелля.

З увагі на тое, што вялебны брат Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскай дыяцэзіі лацінскага абраду, прасіў, каб яму быў дадзены дапаможны біскуп, які падтрымаў бы яго сваёй дапамогаю і руплівасцю, і маючы ў сэрцы трывалае дабро Касцёла ў Беларусі, Мы ахвотна схіляемся да ягонай просьбы. Таму Мы мяркуем, умілаваны Сыне, чые чалавечыя і святарскія здольнасці жывяць нашую надзею, што ў гэтай важнай справе ты належна і верна, а менавіта ў згодзе з Біскупам дыяцэзіі, зможаш несці сваё служэнне.

Таму, параіўшыся з Дыкастэрыяй па справах Біскупаў і беручы пад увагу меркаванне Дзяржаўнага Сакратарыяту, Мы ўстанаўліваем цябе Дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі лацінскага абраду і адначасова мянуем тытулярным біскупам Скардонскім, надаючы ўсе неабходныя правы і ўскладаючы на цябе адпаведныя абавязкі. Што датычыцца твайго біскупскага пасвячэння, то яго ты зможаш прыняць ад каталіцкага біскупа, якога выбярэш, у любым месцы па-за Рымам, з захаваннем літургічных нормаў. Але спярша неабходна, каб ты даў вызнанне веры, а таксама прысягу вернасці Нам і Нашым Наступнікам на гэтым Пасадзе. Нарэшце, умілаваны Сыне, даручаем цябе і тваё служэнне заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і Яе Абранніка святога Юзафа, а таксама заклікаем і просім, каб ты навучаў Хрыстовых вернікаў усім сэрцам любіць усемагутнага Бога, імя Якога — любоў (пар. 1 Ян 4, 8), якую Ён нам ясна выявіў ва ўцелаўленні Хрыста, каб у праўдзе Святога Духа, які сапраўды перамяняе аблічча зямлі і свету, падтрыманы ўсімі неабходнымі ласкамі ты прыносіў гэтую любоў у штодзённае жыццё».

Була была падпісана Папам Францішкам 19 ліпеня 2024 года.

Біскуп намінат Андрэй Зноска запрашае на біскупскае пасвячэнне ў Пінск

Біскуп намінат Андрэй Зноска, 19 ліпеня прызначаны Папам Францішкам дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, запрашае ў Пінск на біскупскае пасвячэнне, якое адбудзецца 7 верасня.

Дарагія сёстры і браты ў Хрысце, людзі добрай волі!

Вялебныя браты ў святарстве, шаноўныя манаскія асобы!

Як вядома, 19 ліпеня Яго Святасць Папа Францішак ласкава прызначыў мяне на пасаду дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі.

Дзякуючы Богу за дар паклікання да паўнаты святарства і ў адзінстве з найдастойнейшым біскупам Антоніем Дзям’янкам, біскупам Пінскім, прагну запрасіць кожную і кожнага з вас прыняць удзел ва ўрачыстай Эўхарыстыі, цэлебрацыю якую узначаліць Апостальскі нунцый арцыбіскуп Антэ Ёзіч, і падчас якой я прыму біскупскае пасвячэнне.

Урачыстасць адбудзецца ў катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску ў суботу 7 верасня а 16-й гадзіне.

У падрыхтоўцы да прыняцця паўнаты святарства даручаю сябе малітвам Божай Маці, праслаўленай у Лагішынскім абразе, і святога мучаніка Андрэя Баболі, Апостала Палесся. Прашу таксама Божы люд, кожнага з вас, сёстры і браты, аб малітве за мяне, каб даручанае мне служэнне выконваў у духу вернасці Богу, Апостальскай Сталіцы і Касцёлу.

Да сустрэчы ў Пінску!

✠ Андрэй Зноска

з ласкі Бога і Апостальскай Сталіцы
тытулярны біскуп Скардоны
дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі

Катэхетычны каледж у Баранавічах запрашае на святкаванне 15-годдзя яго дзейнасці

21 верасня Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах будзе адзначаць 15-годдзе сваёй плённай дзейнасці. Дзень 3 кастрычніка 2009 года стаў адметнай датай у найноўшай гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі. У гэты дзень у Баранавічах афіцыйна распачала сваю дзейнасць першая каталіцкая тэалагічная ўстанова для свецкіх. І хоць ініцыятыва па яе стварэнню сягае пачаткаў 1990-х, то менавіта дзякуючы намаганням кардынала Казіміра Свёнтка, манаскай супольнасці Божага Слова і святароў Пінскай дыяцэзіі – ксяндза Андрэя Рылкі і ксяндза Алега Сількевіча – Катэхетычны каледж не толькі распачаў сваю духоўна-адукацыйную дзейнасць, але і праклаў шлях для паспяховага існавання ў наш час падобных установаў у Мінску і Гродне.

Сёння Катэхетычны каледж у Баранавічах – гэта ўнікальная тэалагічная ўстанова для свецкіх асобаў, дзе кожны жадаючы можа бясплатна на працягу трох гадоў навучання атрымаць грунтоўную тэалагічную адукацыю, а таксама паглыбіць свае веды ў галіне філасофіі, псіхалогіі і рэлігіязнаўства.

На сённяшні дзень у Катэхетычным каледжы ў Баранавічах можна атрымаць адукацыю па наступных спкецыялізацыях:

  1. “Катэхетыка” – прадугледжана для асобаў, якія жадаюць пасля заканчэння ўстановы працаваць у парафіях у якасці катэхета (выкладчыка катэхізіса).

Дадаткова на гэтай спецыялізацыі можна атрымаць наступныя кваліфікацыі:

  • арганізатар літургіі,
  • арганізатар рэлігійнага турызму і адпачынку,
  • супрацоўнік каталіцкіх СМІ.
  • “Агульная тэалогія” – прадугледжана для асобаў, якія жадаюць паглыбіць сваю веру і веды, вывучаючы каталіцкую тэалогію.
  • “Сямейнае кансультаванне” – прадугледжана для асобаў, якія жадаюць на прафесійным узроўні дапамагаць душпастырам у вырашэнні разнастайных духоўных і маральных пытанняў, звязаных з сужэнскім і сямейным жыццём вернікаў.
  • “Кансультаванне ў галіне залежнасцяў”  – прадугледжана для асобаў, якія жадаюць на прафесійным узроўні дапамагаць душпастырам у вырашэнні разнастайных духоўных і маральных праблем, звязаных з разнастайнымі залежнасцямі і сузалежнасцямі.

Пры гэтай тэалагічнай установе дзейнічае ўнікальны для Беларусі “Музей Бібліі”, дзе кожны жадаючы можа наглядна і падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй паўставання, захавання і перадачы з пакалення ў пакаленне тэкстаў Святога Пісання.    

7 верасня ў Катэхетычным каледжы ў Баранавічах адбудзецца ўступны экзамен. Усе хто, жадае паглыбіць свае веды ў галіне Святога Пісання, тэалогіі, дапамогі людзям у іх духоўных і маральных клопатах, а таксама пазнаць таямніцы хрысціянскай веры, могуць падрабязна пазнаёміцца з умовамі навучання на інтэрнет-старонцы каледжа: https://catcollege.by/ або па тэлефоне сакратарыяту гэтай установы: +375 (163) 57-93-14,
+375 (29) 513 57 92 (МТС).

Дырэкцыя Катэхетычнага каледжа запрашае ўсіх студэнтаў, выкладчыкаў, выпускнікоў і сяброў гэтай установы на супольную святую Імшу падзякі за 15 год яе паспяховай дзейнасці. Святая Імша адбудзецца 21 верасня а 16.00 у капліцы каледжа (г. Баранавічы, вул. Т. Шаўчэнкі, 6).

Кс. А. Рылка   

Паведамленне

Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды пасвячэння дапаможнага біскупа і распачацця святкавання 100-ай гадавіны заснавання Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры, людзі добрай волі!

У ліпені бягучага года Святы Айцец Францішак прызначыў дапаможнага біскупа для нашай Пінскай дыяцэзіі. Мы ўдзячныя Яго Святасці за гэтае прызначэнне асабліва цяпер, калі Паўсюдны Касцёл рыхтуецца да Юбілею Адкуплення ў наступным годзе, а наш мясцовы Касцёл неўзабаве распачне святкаванне сотай гадавіны заснавання Пінскай дыяцэзіі.

Мы дзякуем Святому Айцу Францішку за яго служэннне і ўвагу да патрэбаў Касцёла на нашай зямлі. Дзякуючы Добраму Богу за дар Пантыфіка, узносім таксама малітву падзякі за плённую працу ў Беларусі Апостальскага Нунцыя Арцыбіскупа Антэ Ёзіча, які завяршае сваю місію ў нашай краіне. Молімся аб далейшым Божым благаслаўленні для яго на новым месцы служэння.

Запрашаю ўсіх вернікаў дыяцэзіі і ўсіх людзей добрай волі да ўдзелу ў біскупскім пасвячэнні Яго Эксцэленцыі Андрэя Зноскі, якое адбудзецца 7 верасня а 16.00 у Пінскім катэдральным касцёле. Прашу таксама ўсіх душпастыраў, каб у бліжэйшыя нядзелі 1 і 8 верасня падчас кожнай святой Імшы ў Малітве вернікаў узнеслі да Усемагутнага Бога просьбу аб неабходных дарах і ласках для новага дапаможнага біскупа нашай дыяцэзіі, каб яго служэнне прыносіла шчодрыя плёны.   

Запрашаю таксама да ўдзелу ва ўрачыстым распачацці святкавання юбілею 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якое адбудзецца 28 верасня ў Ружанах. Урачыстасць распачаннецца а 11.00 гадзіне са святой Імшы з пасвячэннем адноўленай гістарычнай капліцы святога Казіміра ў гэтым мястэчку і працягнецца ў мясцовым парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Падрабязная праграма ўрачыстасці будзе апубулікавана ў бліжэйшы час на інтэрнет-старонках: pcd.by, catholic.by, а таксама на дошцы аб’яваў каля кожнага касцёла і капліцы ў нашай дыяцэзіі.       

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, 26 жніўня 2024 г.

Фэст Маці Божай Каралевы Палесся адбыўся ў Лагішыне на Піншчыне з удзелам іерархаў і біскупа наміната

9 і 10 жніўня ў мястэчку Лагішын (Пінская дыяцэзія) адбыўся традыцыйны фэст Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся.

Асаблівымі ўдзельнікамі ўрачыстасці штогод з’яўляюцца шматлікія групы пілігрымаў, якія прыходзяць пешшу і прыязджаюць на транспартных сродках з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі, каб разам з сабранымі вернікамі даверыць Пану Богу свае малітоўныя інтэнцыі перад цудадзеным абразом Маці Божай.

Урачыстае перажыванне фэсту распачалося прывітаннем шматлікіх пілігрымаў, якія на працягу ўсяго дня 9 жніўня, як ручаінкі, збягаліся да лагішынскага санктуарыя Багародзіцы. Асабліва чаканымі ўдзельнікамі фэсту заўсёды становяцца вялікія групы пешых пілігрымаў з Баранавічаў і Бярозы, якія на працягу чатырох дзён вандруюць, перажываючы «рэкалекцыі ў дарозе», да галоўнага санктуарыя Пінскай дыяцэзіі.

У гэтым годзе больш за дзве сотні паломнікаў з Бярозы і паўтары сотні з Баранавічаў прыйшлі пешшу да Маці Божай Лагішынскай, давяраючы Ёй свае малітоўныя інтэнцыі, а таксама тых, хто прасіў іх аб малітве ў дарозе і перад абліччам Каралевы Палесся.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы 9 жніўня ўвечары ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец ОР. Разам з ім літургію цэлебраваў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі.

Біскуп Дзям’янка на пачатку святой Імшы запрасіў вернікаў асабліва памаліцца і даверыць далейшай апецы Маці Божай біскупа Велікасельца, які сёлета адзначае юбілей 25-годдзя плённага і самаахвярнага біскупскага служэння.

Гамілію да сабраных пілігрымаў скіраваў ксёндз Алег Грыгаровіч SAC, пробашч прафіі Святога Казіміра і Маці Божай Каралевы ў Жлобіне. Святар запрасіў вернікаў паразважаць, стоячы перад цудадзейным абразом Маці Божай Лагішынскай, аб сваёй любові і адказнасці за Касцёл як супольнасць Божых дзяцей.

Пасля завяршэння святой Імшы адбылася традыцыйная малітоўная працэсія са свечкамі і копіяй абраза Каралевы Палесся вакол санктуарыя.

Працягам чування ў гонар Маці Божай стаў музычны канцэрт праслаўлення, а ў касцёле не змаўкала малітва начнога чування вернікаў на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту каля цудатворнай іконы.

Цэнтральным момантам другога дня фэсту 10 жніўня стала святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У цэлебрацыі бралі ўдзел таксама біскуп Велікаселец, архімандрыт Гаек, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі і кіраўнік пілігрымкі з Баранавічаў ксёндз Андрэй Рылка, пробашч прафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе і кіраўнік пілігрымкі з Бярозы ксёндз Уладзімір Буклярэвіч SAC, а таксама шматлікія святары з Пінскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі.

Вялікай радасцю для сабраных стала прыбыццё ў санктуарый новаменаванага дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі ксяндза каноніка Андрэя Зноскі.

Звяртаючыся да шматлікіх вернікаў, сабраных з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі, біскуп намінат папрасіў іх аб малітоўнай падтрымцы і запрасіў да ўдзелу ва ўрачыстасцях яго біскупскага пасвячэння, якое запланавана на 7 верасня а 16-й гадзіне ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гамілію падчас Імшы прамовіў ксёндз Станіслаў Вашкевіч SAC з Бярозы. Святар звярнуў увагу сабраных на дзейсную прысутнасць Маці Божай як у асноўныя моманты жыцця Хрыста, Яго вучняў, так і ў жыцці ўсяго Касцёла.

Біскуп Дзям’янка на завяршэнне святой Імшы нагадаў вернікам, што 28 верасня ў Ружанах Пінская дыяцэзія распачне святкаванне юбілею 100-годдзя яе заснавання.

Гэты надыходзячы знакавы год дыяцэзія жадае перажываць у лучнасці з Вялікім юбілеем Адкуплення, які будзе адзначаць паўсюдны Касцёл на працягу ўсяго 2025 года.

На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі і кусташ санктуарыя ў Лагішыне ксёндз Андрэй Шут запрасіў усіх пілігрымаў да актыўнага ўдзелу ў наступных традыцыйных пілігрымках да Маці Божай Лагішынскай, якія плануюцца ў юбілейным 2025 годзе: з Пінска — 10 мая, з Баранавічаў і Бярозы — 5–8 жніўня. Фэст Каралевы Палесся ў 2025 годзе адбудзецца 8 і 9 жніўня.

Праграма ўрачыстасцяў у санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне

З 6 па 9 жніўня у Пінскай дыяцэзіі адбудуцца традыцыйныя пешыя пілігрымкі з Баранавічаў і Бярозы у санктуарый Маці Божай у Лагішыне (Пінскі р-н). На заканчэнне пілігрымак у санктуарыі адбудзецца Фэст Каралевы Палесся.

Праграма Лагішынскага Фэста: 

9 жніўня:

  • 18.00 – прывітанне пілігрымаў;
  • 19.00 – 21.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту перад цудадзейным абразом Маці Божай, магчымасць споведзі;
  • 21.00 – Акафіст на ўшанаванне Маці Божай (грэка-каталіцкая супольнасць);
  • 22.00 – урачыстая святая Імша з удзелам пілігрымаў;
  • Пасля св. Імшы:
    • малітоўная працэсія са свечкамі вакол санктуарыя Маці Божай;
    • канцэрт праслаўлення пілігрымаў з удзелам музычнай супольнасці “Рыбы”;
    • усяночнае малітоўнае чуванне перад цудадзейным абразом Маці Божай, магчымасць споведзі.


10 жніўня:

  • 7.30 – Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі;
  • 8.00 – святая Імша;
  • 10.00 – урачыстая святая Імша з удзелам пілігрымаў;
  • 12.00 – благаслаўленне пілігрымаў.

 

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць праз наступныя кантакты:
Пілігрымка Баранавічы-Лагішын: +375 29 325 84 89 (Таццяна);
Пілігрымка Бяроза-Лагішын: +375 29 790 80 16
(кс. Уладзімір);
Фэст у Лагішыне: +375 29 726 83 79 (кс. Андрэй, пробашч)

ПАВЕДАМЛЕННЕ Яго Эксцэленцыя Антоні Дзям’янка Біскуп Пінскі

з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння
Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса Пінскай дыяцэзіі
і Мінска-Магілёўскай Мітраполіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Далучаючыся да закліка Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, каб скіраваць да Пана Бога малітву падзякі за нястомную апеку Маці Божай над Касцёлам у нашай краіне, а таксама за шчодрасць атрыманых ласкаў ад Пана, запрашаю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі да ўдзелу ва ўрачыстасцях у нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай 5-6 ліпеня 2024 г., падчас якіх будзе здзейснены малітоўны акт прысвячэння ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса з нагоды 125-годдзя прысвячэння Яму ўсяго чалавецтва Папам Львом ХІІІ.

Як чытаем у Пасланні Мітрапаліта, “гэтае прысвячэнне …. ўсяго Каталіцкага Касцёла на Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса стане падзякай за атрыманыя ласкі, перапрашэннем і ўміласціўленнем за ўчыненыя грахі, просьбай аб умацаванні веры і любові, каб мы заставаліся вернымі Евангеллю, вернымі нашаму Збаўцу Езусу Хрысту, нягледзячы на новыя выклікі і выпрабаванні.

У Акце інтранізацыі будзем прасіць аб еднасці ў нашых сем’ях і іх аднаўленні, каб яны былі асяродкамі любові і міру, свабоднымі ад здрады, агрэсіі і насілля, адкрытымі для новага жыцця і здольнымі перадаваць веру і традыцыю продкаў новым пакаленням. Будзем прысвячаць Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса нашую моладзь, каб яна знаходзіла сэнс жыцця і ішла за голасам Бога, каб сэрцы маладых людзей палалі любоўю да Збаўцы, каб іх энтузіязм і вера аднаўлялі Касцёл” (гл. Пасланне Арцыбіскупа Ю. Станеўскага, 02.07.2023 г.).

Таксама падчас сёлетняга святкавання ўрачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса, 7 чэрвеня 2024 года, заахвочваю душпастыраў і ўсіх вернікаў кожнай парафіі здзейсніць урачыстае прысвячэнне Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса сябе асабіста, сужэнствы і сем’і, парафіі і разнастайныя супольнасці мясцовага Касцёла.

Акрамя таго, заахвочваю ўсіх вернікаў, каб падчас урачыстасці Найсвяцейшага Сэрца Езуса ўзнесці да Бога малітву падзякі і просьбу аб шчодрым благаслаўленні для ўсіх дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, для кожнай асобы, якая падтрымлівае Хрыстовы Касцёл на нашай зямлі духоўна і матэрыяльна. 

Няхай гэтыя асаблівыя дні малітвы і ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса, калі мы ўзгадваем 125-годдзе прысвячэння Яму ўсяго чалавецтва, дапамогуць вернікам Касцёла ў нашым рэгіёне з яшчэ большай руплівасцю падрыхтавацца да святкавання вялікага юбілею Адкуплення, а таксама сотай гадавіны паўстання Пінскай дыяцэзіі.   

З пастырскім благаслаўленнем,

Антоні Дзям’янка

Біскуп Пінскі

Пінск, 5 чэрвеня 2024 г.

Арган Пінскай катэдры

«Арган над Пінай», дакументальны фільм, прысвечаны рэстаўрацыі аргана пінскай катэдры, рэжысёр Вольга Плясневіч.

   У фільме «Арган над Пінай» можна пачуць не толькі тое, як гучыць адноўлены вядомым мецэнатам старадаўні арган, але таксама голас кардынала Казіміра Свёнтка — чалавека, які збярог для нашчадкаў унікальны інструмент, пінскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і найкаштоўнейшы скарб — спадчыну нашай хрысціянскай веры, мужным сведкам якой ён быў на працягу ўсяго свайго доўгага і поўнага выпрабаванняў святарскага жыцця.
Фільм прысвечаны Юрыю Зісеру, дзякуючы якому ў 2019 годзе быў адноўлены арган пінскага катэдральнага Касцёла.