Заклік Біскупа Пінскага на жнівень – месяц малітвы аб цвярозасці

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі    

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Ужо стала пэўнай традыцыяй, што ў жніўні заахвочваю вас звярнуць увагу на справу цвярозасці, паўстрымання і змагання з залежнасцямі ў іх разнастайных формах. Каб уласным сведчаннем хрысціянскага жыцця і малітвай мы падтрымалі ўсіх, каго напаткалі праблемы.

            У наш час выклікаць хваробу залежнасці можа амаль усё. Да найбольш частых сучасных залежнасцяў залічваюцца: алкагалізм, курэнне, працагалізм, наркаманія, лекаманія, сексагалізм, азарт і адхіленні ў харчаванні. Залежнасці знішчаюць чалавечае жыццё. Вызваліцца ад іх вельмі няпроста, хоць існуе шмат спосабаў лячэння. У большасці выпадкаў людзі звяртаюцца да псіхатэрапеўта, але выкарыстоўваецца таксама дэтаксікацыя арганізма ці фармакалагічнае лячэнне. Залежнасці можна падзяліць на: псіхічныя, фізічныя, сацыяльныя і біхевіяральныя. Гэтыя апошнія ў наш час на нова удакладненыя. Біхевіяральныя залежнасці схіляюць асобу да пастаяннага выканання нейкага дзеяння ці падданнасці ўзнікаючаму імпульсу. Да біхевіяральных залічваюцца найчасцей залежнасці ад камп’ютарных гульняў, інтэрнэту, азарту, ежы, пакупак, працы, мабільных тэлефонаў, сексу, разліковых картак, сацыяльных сетак ці мас-медыя. Залежнасці прыводзяць да страты памяці, ваганняў настрою, дэпрэсіі, раздражняльнасці, галаўных боляў, ташнаты, дэзарыентацыі, душнасці, сухасці ў вуснах, пашырэння зронак, змены пульсу і ціску крыві.

            Лячэнне залежнасцяў – гэта складаная справа. Кожны з нас іншы і патрабуе розных стымулаў. У сувязі з гэтым няма ўніверсальнага метаду лячэння залежнасцяў. Часта стасуюцца рознага тыпу тэрапіі. Аднак, усё залежыць ад таго, ці залежная асоба жадае выправіць і змяніць сваё жыццё.

            Таму першы крок на шляху аздараўлення – гэта прызнанне перад сабой і Богам, што маеш праблему і хочаш яе вырашыць. Гэта вельмі важна, бо без такой паставы ніякі метад лячэння не мае асаблівага сэнсу. Калі, напрыклад, такі хворы будзе змушаны кімсьці з родных ці блізкіх да таго, каб наведваць тэрапію, але не захоча зразумець сваю праблему, лячэнне будзе толькі ілюзорным. Тэрапія – гэта магчымасць вярнуць здароўе і гармонію ў жыццё залежнага. Але неабходна быць шчырым перад сабой і іншымі, каб яна падзейнічала.

            Існуе прынцып гэтак званай “непахіснай любові”. Яна асноўваецца не на замятанні праблемы пад дыван, але на тым, каб сям’я дапамагала, а не рабіла выгляд, што ўсё нармальна. Калі асоба даходзіць да этапу лячэння, важна, каб уся сям’я таксама згадзілася на тэрапію або, прынамсі, на адукацыю ў хвалюючай сферы. У такім выпадку шанец на аздараўленне асобы пакутуючай ад залежнасці ўзрастае ў некалькі разоў.

         Для нас, веруючых людзей, вельмі важнай тэрапіяй з’яўляецца малітва за залежных асобаў, а таксама вырушэнне разам з імі ў супольны шлях аздараўлення на разастайных узроўнях нашага жыцця і адносінаў. Касцёл мае прыгожыя прыклады трывалай малітвы, так як св. Моніка, якая не толькі вымаліла навяртанне свайго сына да Бога, але і вырвала яго са шматлікіх залежнасцяў. Да такой паставы заахвочвае нас святы Апостал Якуб: “Маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі; бо шмат можа шчырая малітва справядлівага” (Як 5, 16). Прыгожа і ўзнёсла рашыцца разам з залежнай асобай на абстыненцыю, каб спадарожнічаць ёй на шляху аздараўлення і малітвы.

            Усіх тых, хто на працягу жніўня, але і ў іншым часе, рашыцца на паўстрыманне ад усяго, што пагражае залежнасцю, а таксама тых, хто будзе ім спадарожнічаць малітвай і ўласным прыкладам, няхай добры Бог благаслаўляе.

+ Антоні Дзям’янка

       Біскуп Пінскі 

Пінск, 19.07.2021 г.