Заклік Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка З нагоды урачыстасці Маці Божай Лагішынскай на Год катэхетычны 2021/2022

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Традыцыйна ў гэтыя жнівеньскія дні мы ўшаноўваем Божую Маці, дзякуючы Богу за тое, што Яна ёсць. Дзякуем за тое, што, знаходзячыся каля Езуса, Яна ў той жа час застаецца з намі. Дзякуем за тое, што запавет з крыжа стаў рэальным фактам. Мы прымаем Марыю як нашу Маці. Але перадусім гэта яна нас туліць да сябе. “Езус сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая» (Ян 19, 26 – 27). Своеасаблівымі сведкамі гэтай евангельскай падзеі мы становімся тут, у Лагішыне. Мы адчуваем тую ж блізкасць. На гэтым месцы мы таксама ў пэўным сэнсе становімся падобнымі да ўдзельнікаў вясельнай сцэны ў Кане Галілейскай. Мы маем разнастайныя цяжкасці. Божая Маці іх бачыць. Яна ўмее заўважыць іх перш, чым мы аб гэтым скажам. Наша Маці бачыць наш стан і дае добрую раду: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце” (Ян 2, 5). І нас гэтыя словы, безумоўна, падбадзёрваюць.

Мы прыходзім сюды і просім. Просім як Касцёл, просім як дыяцэзіяльная сям’я, якая з’яўляецца часткаю Паўсюднага Касцёла. Спектр праблем у нас вельмі шырокі – ад самых агульных, якія хвалююць увесь Каталіцкі Касцёл да індывідуальных, якія датычаць кожнага асобнага верніка. Тут мы бачым, як актуалізуюцца просьбы малітвы “Ойча Наш” – ад “свяціся Імя Тваё” да “хлеба штодзённага дай нам сёння”. Мы стаім перад Панам, молячыся з радасцю. На парозе новага навучальнага і катэхетычнага года мы молімся асаблівым чынам за дзяцей і моладзь, іх бацькоў і выхавацеляў, за сем’і і, канечне ж, просім Бога аб шматлікіх і добрых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця. Аддаем Табе, Марыя, нашу штодзённасць!

Выхаванне і навучанне будучага пакалення – адзін з найбольш важных абшараў нашага жыцця. Гэта тое, што перш за ўсё трэба даверыць заступніцтву Божай Маці. Марыя сама выступае, між іншым, як настаўніца. Яна вучыць нас адкрываць і прымаць Божую любоў, заўважаць дзеянне Бога ў нашым жыцці. Менавіта гэтым рэчам дзеці павінны навучыцца на занятках катэхезы. На іх працягвае ажыцяўляцца тое, аб чым мы чытаем у Святым Пісанні – напрыклад, як Ілля растлумачваў маладому Самуэлю, хто яго кліча і кім ёсць Той, хто кліча (гл. 1 Сам 3, 1 – 10, 19 – 20). Або, як Філіп растлумачыў Слова Божае вяльможу з Эфіопіі, а потым ахрысціў яго (гл. Дзеі 8, 26 – 40).

Катэхезу можна параўнаць у тым ліку і да дарогі ў Эмаус, падчас якой Пан Езус сам раскрывае сэнс Пісання, вядзе да перажывання таямніцы Эўхарыстыі і адкрывае вучням вочы. Хвіліны, праведзеныя ў святыні ці на занятках, на якіх мы глыбей пазнаем веру, могуць стаць для чалавека падобнымі да тых, што перажылі вучні падчас Перамянення Пана на гары Табор. Пётр тады ў захапленні ўсклікнуў: “Пане, добра нам тут быць” (Мц 17, 4). Яны не разумелі да канца таямніцы Перамянення, але мелі вялікую радасць ад прабывання з Панам. Тыя ж пачуцці напаўнялі вучняў, якія ў доме ў Эмаусе прасілі Езуса: “Застанься з намі” (Лк 24, 29).

Марыя – гэта не толькі настаўніца, але і вучаніца. Ёй таксама давялося крок па кроку даходзіць да пазнання Божых планаў. Многія пытанні, канечне ж, пераўзыходзілі яе чалавечы розум. Але Яна была адкрытая на пашырэнне гарызонту веры і на досвед Бога. Евангеліст Лука асабліва падкрэслівае гэтую характэрную рысу Божай Маці, кажучы, што Яна захоўвала словы Езуса ў сваім сэрцы (гл. Лк 2, 51). А ў даверлівым дыялогу з Богам Марыя адкрыла сваё пакліканне, сказаўшы: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38).

Кожны ўдзельнік катэхезы, паглыбляючыся ў дыялог са Слова Божым, такім жа чынам адкрывае сваё пакліканне. Тут нельга абысціся без духоўнага кіраўніка, які будзе побач і дапаможа. Асабістым сведчаннем са свайго жыцця падзяліўся калісьці св. Ян Павел ІІ падчас размовы з каталіцкім журналістам і пісьменнікам Анры Фрасарам. Святы Айцец узгадаў тады свайго настаўніка, а пазней сябра – кс. Казіміра Фіглевіча: “Я вельмі ўдзячны святарам. Сёння я асабліва ўдзячны аднаму, ужо пажылому святару, які суправаджаў мяне на духоўным шляху і ў адпаведны момант далікатна падказаў, што Пан мяне кліча”.

Менавіта таму катэхеза мае выключна важнае значэнне. Менавіта таму я кажу аб гэтым тут, у Лагішыне, у доме Маці Божай, на парозе новага школьнага і катэхетычнага году. Няхай гэта нават стане традыцыяй. Няхай пілігрымы, асабліва дзеці і бацькі, якія ідуць да Марыі, просяць Яе аб тым, каб катэхеза стала для іх магчымасцю ўбачыць у жыцці ўвасабленне таго, аб чым мы толькі што гаварылі.

У гэтым месцы я не магу не ўзгадаць першага біскупа Пінскай дыяцэзіі Слугу Божага Зыгмунта Лазінскага. Разам з Вамі, браты і сёстры, я малюся аб яго хутчэйшай беатыфікацыі. Мы добра ведаем аб яго пастырскім клопаце ў галіне катэхізацыі і выхавання. Я ўспамінаю таксама нашага ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка. Ужо мінула дзесяць год, як гэты адданы пастыр і сведка веры адыйшоў да дому Айца. Ён стаяў ля вытокаў складанага працэсу адраджэння структур Каталіцкага Касцёла не толькі ў нашай дыяцэзіі, але і ў краіне. Бог даў яму сілы паклапаціцца не толькі пра знешні, матэрыяльны бок справы, але і больш складаны – духоўны. Верым, што ад Айца ў небе ён атрымлівае заслужаную ўзнагароду.

Марыя, кожнага з нас Ты вядзеш да Хрыста і хочаш сёння сказаць: “Тое, што Ён скажа вам, зрабіце”. А я ў сваю чаргу, як пастыр гэтай дыяцэзіі, прашу кожнага: будзем жа паслухмянымі Богу! Будзем слухаць і выконваць, каб праз трыванне ў Слове Божым і чэрпаючы моцы са святых сакрамэнтаў, мы дайшлі да сапраўднай мэты нашага пілігрымавання – радасці жыцця вечнага.

+ Антоні Дзям’янка

    Біскуп Пінскі