
Вось Дзева зачне i народзіць Сына, i дадуць Яму iмя Эммануэль, што азначае – з намi Бог» (Мц 1, 23)
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
З нагоды святаў Божага Нараджэння і Новага Году жадаю, каб гэты незвычайны для ўсіх нас час мы перажывалі як дар Божага Провіду ў будаванні лепшай будчыні. Няхай асаблівасць перажывання сёлетніх святаў і тыя жыццёвыя выклікі, якія стаяць перад намі, дапамогуць кожнаму з нас адкрыць для сябе нешта новае і добрае. Нараджэнне Хрыста напоўніла свет зусім іншым глыбінным сэнсам. Няхай таксама і нам перажыванне таямніцы калядных святаў дапаможа адкрыць новыя перспектывы ў адносінах з Богам і бліжнім.
Няхай Бог, які стаўся Чалавекам, учыніць усіх людзей яшчэ больш чалавечнымі, каб усе памяталі, што створаныя па Яго вобразу і падабенству. Каб усе мы няспынна ўзрасталі ў веры, не гублялі надзею, а перадусім любілі Бога і ўзлюбленае Ім стварэнне. Няхай Сын Божы прынясе давер туды, дзе пануе сумненне, а роспач і абыякавасць пераменіць у шчырую любоў і радасць жыцця.
Радасных Святаў Божага Нараджэння!
Хрыстус Нарадзіўся! Славім Яго!
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Божае Нараджэнне, 2020
Пінск