“Хвала на вышынях Богу,
а на зямлі супакой людзям добрай волі”
(Лк 2, 14)
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Людзі добрай волі!
З нагоды Божага Нараджэння звяртаюся да Вас з найлепшымі святочнымі віншаваннямі. Калядны час натхняе ўсіх нас да паглыблення веры, надзеі і любові. Сярод разнастайных завіраванняў гісторыі і свету Сын Божы ўваходзіць у нашае жыццё і ціха стукаецца ў дзверы кожнага сэрца, запрашаючы адкрыцца на дар Божай любові.
Няхай святло Бэтлеемскай зоркі прынясе ў кожны дом Божае благаслаўленне, супакой і ўзаемаразуменне. Няхай нованароджаны Сын Божы абудзіць у нас усё найлепшае і дапаможа з новай моцай адкрыць тое, што найважнейшае.
Жадаю Вам моцнага духоўнага і фізічнага здароўя, усіх неабходных Божых дароў і ласкаў. Няхай цяпло і надзея, якія асвяцілі ноч Хрыстовага Нараджэння, дапамогуць на нова адчуць, як моцна мы любімыя і як жа нашая любоў неабходная кожнаму чалавеку, якога Бог ставіць на шляху нашага жыцця.
Няхай нованароджанае Божае Дзіцятка прынясе паўнату Божага благаслаўлення і радасці жыцця ў новым 2022 годзе.
Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!
З пажаданнямі Божага благаслаўлення і святочнымі віншаваннямі,
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, Божае Нараджэнне 2021 г.