Вернікі Гомеля развіталіся з біскупам Казімірам Велікасельцам

10 студзеня, у свята Хросту Пана, біскуп Казімір Велікаселец узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле Нараджэння Маці Божай у Гомелі, якая стала для яго развітальнай у горадзе, дзе ён служыў апошнія гады.

Як нагадвае мясцовы сайт katolik.life, іерарх працяглы час быў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, жыў у Гомелі, адраджаў тут парафію, будаваў касцёл, а цяпер павінен ехаць у Мінск, каб служыць Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. На гэтую пасаду ён быў прызначаны 3 студзеня Папам Францішкам.

У сваёй развітальнай прамове біскуп Казімір адзначыў, што святары — як жаўнеры:

«Як нас вучылі ў войску, загады не абмяркоўваюць, а выконваюць…

Я не чакаў, што з майго ўжо роднага Гомеля давядзецца пераходзіць на іншую службу, больш адказную.Спадзяюся, вы будзеце памятаць мяне ў малітвах, умацоўваць мяне. А далей будзе відаць, як пойдзе гэтая служба», — цытуе біскупа Велікасельца katolik.life.

Іерарх падзякаваў вернікам Гомеля за тое, што прыходзяць у святыню, моляцца, адраджаюць парафію, бо «наша радасць — гэта жыць з Панам Богам».

Таксама гомельскія католікі развіталіся з сястрой Малгажатай, былой настаяцельніцай мясцовай супольнасці Місіянерак міласэрнасці — «сясцёр Маці Тэрэзы»: цяпер яна будзе служыць у Маскве. Вернікі падзякавалі біскупу і сястры за плённае служэнне ў Гомелі, пажадалі Божага благаслаўлення на далейшую службу і паднеслі памятныя падарункі.

Паводле catholic.by

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *