Я – Уваскрасенне і Жыццё.
Хто верыць у Мяне…, будзе жыць (Ян 11,25).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
Пасля перыяду вялікапостнага сузірання таямніцы Хрыстовага Крыжа, мы ўваходзім у перажыванне найважнейшых падзей у гісторыі нашага збаўлення: перамогі Хрыста над грахом, смерцю і моцамі цемры. Пасля драмы Вялікай пятніцы надыходзіць дзень Уваскрасення Божага Сына. Жыццё перамагае смерць. Праслаўляем Езуса Укрыжаванага і Змёртвыхпаўсталага. З верай і надзеяй спяваем радаснае “Аллелюя!”.
У гэтыя велікодныя дні Касцёл нагадвае нам словы святога апостала Паўла: “Калі вы разам з Хрыстом паўсталі з мёртвых, шукайце таго, што ў вышынях, не таго, што на зямлі” (1 Кал 3, 1-2). Уваскрасенне нашага Пана адкрывае перад намі перспектывы вечнага жыцця. Пойдзем жа гэтым шляхам пасхальнай веры, якая вядзе нас да Дому Айца. Будзем сведкамі праўды пра Уваскрасенне і перамогу жыцця. Занясём гэтае пасланне, пацверджанае словам і дзеяннем, асабліва тым, хто ахінуты змрокамі цярпенняў і пакутаў у нашыя часы. Толькі Хрыстус можа прынесці сапраўднае жыццё і перамогу над кожнай цемрай гэтага свету.
Няхай радасны вокліч “Аллелюя!” загучыць у гэтыя пасхальныя дні ў нашых дамах з асаблівай моцай. Няхай перажыванне таямніцы Уваскрасення Езуса Хрыста напоўніць нашыя сэрцы глыбокім супакоем і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні. Няхай Змёртвыхпаўсталы Пан вызваліць нас ад усялякіх клопатаў, цяжкасцяў і неспакояў. А Яго пасхальнае благаслаўленне няхай пераменіць нашае жыццё і пакажа адпаведны напрамак далейшага шляху ў супакоі і сапраўднай радасці.
Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, Вялікдзень, 2022 г.