21 ліпеня ў Пінскай катэдральнай базыліцы адбылася св. Імша з нагоды 10-й гадавіны смерці кардынала Казіміра Свёнтка. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім святую літургію служылі іерархі з суседніх дыяцэзій на Беларусі: біскуп Аляксандр Кашкевіч і біскуп Юзаф Станеўскі з Гродна, а таксама біскуп Казімір Велікаселец і біскуп Юрый Касабуцкі з Мінска. Разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі і шматлікімі свецкімі вернікамі з парафій Пінскай дыяцэзіі і іншых рэгіёнаў краіны пры магіле кардынала памаліліся вернікі і святары грэка-каталіцкага абраду на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Ва ўступе да літургіі біскуп Антоні Дзям’янка звярнуў вагу на значнасць постаці кардынала Казіміра Свёнтка і прыклад яго самаадданага жыцця як верніка і святара без рэшты адданага служэнню Хрысту і Яго Касцёлу. Іерарх таксама заахвоціў памятаць у малітве пра пахаваную напярэдадні спадарыню Барбару Шыманскую, якая ахвярна на працягу 65 гадоў дапамагала ў служэнні Казіміру Свёнтку і як шматгадоваму пробашчу ў Пінску, а пасля – як біскупу, мітрапаліту і кардыналу.
Пасля св. Імшы ўсе сабраныя памаліліся непасрэдна ў крыпце ў сутарэннях пінскай катэдры, дзе пахаваны кардынал Казімір Свёнтэк.