27 чэрвеня ў касцёле св. Пятра і Паўла ў в. Мядзведзічы (Ляхавіцкі р-н, Брэсцкая вобл.) адбылася незвычайная падзея, якая сабрала гасцей з розных куткоў Беларусі: музычная прэзентацыя адноўленага ўнікальнага гістарычнага аргана эпохі рамантызма.
Парафія ў в. Мядзведзічы – адна з найстарэйшых у Пінскай дыяцэзіі. Велічны касцёл святых Пятра і Паўла, які высока ўзносіцца над ваколіцай, быў адбудаваны ў 1908 г. на месцы пашкоджанай у часы царскіх ліхацелеццяў святыні. Асаблівую ролю ў гісторыі Касцёла мядзведзіцкая святыня адыграла пасля Другой сусветнай вайны. Менавіта тут у савецкія часы, пасля вяртання са сталінскіх лагераў, служыў легендарны святар – ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі. Гэты святар павдоле распараджэння Апостальскай Сталіцы амаль паўстагоддзя ў часы атэістычных пераследаў кіраваў большай часткай Пінскай дыяцэзіі, якая аказалася на тэрыторыі Савецкага Саюза. А як былы віцэ-рэктар Пінскай духоўнай семінарыі, ён у Мядзведзічах арганізаваў падрыхтоўку кандыдатаў да святарства. Так у савецкія часы па волі Божага Провіду ў Мядзведзічах размяшчалася і своеасаблівая “курыя” Пінскай дыяцэзіі, і “семінарыя”. Дзякуючы таму, што тут пастаянна служыў святар, вернікі з розных мясцін прыбывалі ў мядзведзіцкі касцёл, каб прыняць хрост, шлюб, св. Камунію, прыступіць да споведзі, пабыць на св. Імшы.
Аказалася, што Мядзведзічы адметныя не толькі слаўнай гісторыяй, знакамітымі асобамі, велічнай святыняй. Тут таксама знаходзіцца ўнікальны арган эпохі рамантызму. Падчас спаткання біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка з кіраўніцтвам Ляхавіцкага райвыканкама ў 2018 г. было прынята рашэнне прыкласці сумесныя намаганні Касцёла, дзяржаўных уладаў і грамадскасці, каб адрамантаваць гэты ўнікальны інструмент. Вялікая група энтузіястаў на чале з Аляксандрам Бурдзялёвым, аўтарам знакамітай энцыклапедыі “Арганы Беларусі”, на працягу 10 месяцаў праводзіла працы па аднаўленні мядзведзіцкага аргана. Сёлета ў маі працы былі паспяхова завершаныя.
Арган у Мядзведзічах быў збудаваны ў 1912 г. Пятром Вайцяховічам з Вільні. Па колькасці рэгістраў ён уваходзіць у дзясятку найбуйнейшых гістарычных арганаў Беларусі. Дзякуючы праведзеным рамонтным працам ён стаў трэцім сярод буйных гістарычных арганаў Беларусі (пасля г. Пінска і в. Мсцібава ( Ваўкавыскі р-н)), на якім стала магчымым выкананне паўнамаштабных сольных канцэртаў духоўнай музыкі.
Сабраныя 27 чэрвеня на прэзентацыю адноўленага аргана прадстаўнікі Касцёла, дзяржаўных уладаў, грамадскасць і журналісты былі захопленыя не толькі самім гучаннем інструмента, але і чароўнай акустыкай мядзведзіцкай святыні. Спалучэнне прафесійнай арганнай музыкі з надзвычай добрай акустыкай і прыгожым сакральным убранствам касцёла – пераносіла слухачоў у свет духоўных перажыванняў, малітвы і задумы аб вечным.
У межах прэзентацыі адноўленага аргана адбыўся канцэрт духоўнай музыкі. Першапачаткова планавалася правядзенне міжнароднага фестываля арганнай музыкі з удзелам знакамітых арганістаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі і Галандыі. Аднак у сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй фестываль прыйшлося перанесці на наступны год. А ў рамках прэзентацыі адбыўся канцэрт з удзелам беларускіх майстроў арганнай музыкі.
Арганізатары мерапрыемства з радасцю канстатавалі высокую зацікаўленасць мядзведзіцкім арганам сярод шматлікіх аматараў духоўнай музыкі як у Беларусі, так і за яе межамі. Усе сабраныя выразілі перакананне, што мядзведзіцкая святыня ўжо ператвараецца ў цэнтр музычнага паломніцтва для аматараў арганнай музыкі.
Захапляючую прыгажосць гучання адноўленага гістарычнага аргана ў непаўторнай мядзведзіцкай святыні неўзабаве можна будзе пачуць у высокаякасным запісе праз інтэрнэт. Больш падрабязная інфармацыя ў хуткім часе будзе пададзена на нашай інтэрнэт-старонцы.