27 чэрвеня велічны касцёл святых Пятра і Паўла ў в. Мядзведзічы (Ляхавіцкі р-н) ужо ў трэці раз сабраў не толькі мясцовых вернікаў, але і ўсіх аматараў арганнай музыкі на чарговы канцэрт высокага мастацтва.
Ужо шмат стагоддзяў Мядзведзічы збіраюць вернікаў з розных ваколіц на парафіяльны фэст з нагоды ўрачыстасці Апосталаў Пятра і Паўла. Асаблівай нагодай для арганізацыі ў рамках прафіяльнага фэста канцэрта духоўнай музыкі стала заканчэнне грунтоўнага рамонту ўнікальнага аргана эпохі рамантызму, які знаходзіцца ў мясцовым касцёле.
Сумеснымі намаганнямі Касцёла і мясцовых уладаў удалося не толькі адрамантаваць у 2019 г. гэты асаблівы інструмент, але і даць магчымасць шырокаму колу наведвальнікаў і аматараў духоўнай музыкі насалодзіцца неверагоднай прыгажосцю гучання мядзведзіцкага аргана. Так узнікла і ажыццявілася ідэя правядзення арганных канцэртаў і адмысловых летнікаў не толькі для вернікаў, слухачоў, але таксама для майстроў і студэнтаў музыкалогіі.
Св. Імшу з нагоды парафіяльнага фэста ў Мядзведзічах узначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Пасля св. Імшы адбыўся велічны канцэрт духоўнай музыкі.