У Лагішыне адзначылі 25-гадовы юбілей каранацыі цудадзейнага абраза Каралевы Палесся

12 і 13 жніўня ў Лагішыне праходзілі ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.

Адметнасць сёлетняга фэсту ў дыяцэзіяльным санктуарыі на Піншчыне — юбілей 25-годдзя з часу каранацыі цудатворнай іконы Маці Божай Лагішынскай і абвяшчэння Яе Каралевай Палесся і Апякункай Пінскай дыяцэзіі.

У першы дзень урачыстасці Лагішын вітаў пілігрымаў з Баранавічаў і Бярозы, а позна ўвечары тут адбылася святая Імша для пілігрымаў, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

На другі дзень святкаванне ў Лагішыне завяршылася ўрачыстай Эўхарыстыяй. Па запрашэнню біскупа Дзям’янкі цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Вітаючы прысутных на ўрачыстасці святароў, сясцёр законных, пілігрымаў, гасцей і мясцовых вернікаў, арцыпастыр адзначыў, што «менавіта ў Год гістарычнай памяці, вяртаючыся да каранёў малой радзімы, мы, як дзеці, прыходзім у дом нашай Маці, каб прасіць Яе аб дапамозе ва ўсіх нашых патрэбах».

Падчас святой Імшы з Божым словам да прысутных звярнуўся Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. Найстарэйшы каталіцкі іерарх у Беларусі заахвоціў прысутных быць вернымі Богу падобна Марыі, сем абразоў якой былі каранаваны ў Беларусі за час пантыфікату святога Яна Паўла ІІ: у Брэсце, Лагішыне, Будславе, Гродне, Тракелях, Гудагаі і Браславе.

«Маці Божая ахінула ўсю Беларусь сваёй матчынай апекай. І таму мы як сапраўдныя дзеці сваёй Маці звяртаемся да Яе словамі старажытнай малітвы: „Памятай, о Найсвяцейшая Панна Марыя, што ніколі не здаралася, каб пакінула таго, хто да Цябе ўцякае, Цябе на дапамогу кліча…“»— працытаваў біскуп словы малітвы да Багародзіцы, складзенай святым Бэрнардам.

На заканчэнне урачыстасцяў Мітрапаліт Юзаф Станеўскі ў лучнасці з біскупамі ўдзяліў усім сабраным апостальскае благаслаўленне.