У Лагішыне адбыліся ўрачыстасці на ўшанаванне Маці Божай – Каралевы Палесся

21-22 жніўня ў Лагішыне каля Пінска адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці на ўшанаванне Маці Божай Каралевы Палесся, Галоўнай апякункі Пінскай дыяцэзіі.

У сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй у краіне, сёлета ў лагішынскі санктуарый не ладзіліся традыцыйныя арганізаваныя масавыя пешыя пілігрымкі. Аднак, 21 жніўня, у вігілію ўрачыстасці Маці Божай Лагішынскай, да цудадзейнай іконы Каралевы Палесся ўсё ж прыйшлі пешыя пілігрымы, якія прайшлі паломніцкі шлях індывідуальна, сем’ямі ці невялікімі сяброўскімі малітоўнымі групамі.

Вігілійную святую Імшу перад абразом Маці Божай Лагішынскай цэлебраваў для сабраных вернікаў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. У гаміліі іерарх заахвоціў вернікаў кіравацца ў сваім хрысціянскім жыцці прыкладам Панны Марыі – вернай слугі Бога, якая трывала ў няспыннай малітве сярод звычайных штодзённых клопатаў  і ў складаныя моманты свайго зямнога жыцця.

Цэнтральныя ўрачыстасці ў санктуарыі адбыліся 22 жніўня з удзелам вернікаў і святароў не толькі з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі, але таксама з іншых рэгіёнаў Беларусі. Урачыстую св. Імшу на палявым алтары перад копіяй іконы Каралевы Палесся ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Звяртаючыся да сабраных, біскуп Юзаф заахвоціў да малітвы за сем’і, каб яны ўзрасталі ў веры па прыкладу святой Сям’і з Назарэту. Таксама іерарх заклікаў вернікаў маліцца аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.

На заканчэнне ўрачыстай літургіі ўсе сабраныя павіншавалі біскупа Казіміра Велікасельца з юбілеем 75 год жыцця. А біскуп Юзаф звярнуў увагу вернікаў, што наведванне санктуарыя – гэта наведванне школы Марыі, дзе ад Яе вучымся веры і малітвы. Іерарх падзякаваў Нябеснай Маці за Яе нястомную апеку над Касцёлам, а таксама праз адмысловы спеў старадаўняй народнай песні падзякаваў кожнай маці за дар жыцця і веры, які яны перадаюць сваім дзецям.

Біскуп Антоні Дзям’янка, які не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, звярнуўся са спецыяльным пасланнем да сабраных у санктуарыі святароў Пінскай дыяцэзіі, якім падзякаваў ім за ахвярнае і самаадданае служэнне Касцёлу на Палессі і даручыў іх, а таксама ўсіх вернікаў асаблівай апецы Маці Божай Лагішынскай.