27 мая, у апошнюю суботу месяца, які асаблівым чынам прысвечаны Маці Божай, у Брэсце (Пінская дыяцэзія) адбылася ўрачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай. Сёлета ў святкаванні ўзяў удзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Урачыстасці ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што побач з цэнтральнай плошчай Брэста, распачаліся старадаўняй візантыйскай малітвай — Акафістам да Найсвяцейшай Багародзіцы.
Набажэнства правялі вернікі Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Наступным пунктам малітоўнай праграмы стаў супольны Ружанец, які правяла парафіяльная моладзь.
Пасля гэтага сабраныя вернікі, у тым ліку дзеці, разам з пробашчам парафіі ксяндзом Антоніем Анціпенкам прывіталі Апостальскага нунцыя, які прыбыў у суправаджэнні пастыра Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі.
Прывітальныя словы да прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне скіравалі адна з сем’яў мясцовай парафіяльнай супольнасці, пробашч парафіі, біскуп Дзям’янка, а таксама нядаўна прызначаны старшыня Брэсцкага гарвыканкама Сяргей Лабадзінскі.
У сваім прывітальным слове мэр падкрэсліў важнасць падзеі і выказаў падзяку нунцыю Ёзічу за прыезд.
Прадстаўнік гарадской улады падараваў прадстаўніку Папы памятны медаль з гербом горада Брэста, які нядаўна адсвяткаваў сваё тысячагоддзе.
Пасля прывітальных словаў распачалася цэлебрацыя святой Імшы, у якой узялі ўдзел святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, духавенства Грэка-Каталіцкай Царквы, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі мясцовай ўлады на чале з мэрам города, а таксама шматлікія парафіяне і госці.
У прамоўлінай гамілі Апостальскі нунцый засяродзіўся на асаблівай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, падкрэсліўшы, што горад Брэст мае дзве крэпасці: адна — гэта Брэсцкая крэпасць-герой, а другая — духоўная крэпасць у выглядзе цудадзейнага абраза Маці Божай Брэсцкай.
Напрыканцы Імшы Папскі прадстаўнік благаславіў вуглавы камень будучага касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Вульцы — паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста.
Напрыканцы Імшы Папскі прадстаўнік благаславіў вуглавы камень будучага касцёла святога Казіміра, які будуецца ў Вульцы — паўднёва-заходнім мікрараёне Брэста.
Там прадстаўнік Папы Францішка ўзнёс малітву падзякі Богу за тое, што меў магчымасць маліцца разам з вернікамі Брэста, а таксама праз заступніцтва Маці Божай скіраваў просьбу аб міры і супакоі для Беларусі і ўсяго свету.
Апошнім пунктам урачыстасці ў Брэсце стаў канцэрт арганай музыкі, які падаравала ўдзельнікам свята арганістка Ірына Арлоўская.