Заклік Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкана летні перыяд Года Веры ў Пінскай дыяцэзіі

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

з нагоды падрыхтоўкі да юбілею стагоддзя Пінскай дыяцэзіі

       Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

   У Пінскай дыяцэзіі сёлета мы перажываем Год Веры ў межах падрыхтоўкі да юбілею стагоддзя нашай дыяцэзіі.

    “Веру ў Бога” – гэта першыя і асноўныя словы вызнання нашай веры. Увесь Сімвал Веры распавядае нам пра Бога, а калі ўзгадвае пра чалавека і свет, то чыніць гэта ў кантэксце адносінаў з Панам. Усе выказванні “Credo” залежаць ад першага, так як усе Божыя запаведзі з’яўляюцца развіццём таго, што сказана ў першай: “Ня май іншых багоў апроч Мяне”. Рэшта выказванняў Вызнання Веры дапамагаюць нам лепей пазнаць Пана Бога, так як Ён паступова аб’яўляўся людзям (ККК, 199). Таксама і Святое Пісанне гаворыць нам, што ўсё мае свой пачатак у Пану: “На пачатку Бог стварыў…” (Быц 1,1). Біблія сведчыць, што Ён – крыніца рэчаіснасці. І Святое Пісанне, і вучэнне Касцёла – нашая вера – вучаць нас цаніць рэчаіснасць. Яна ж з’яўляецца асновай святасці як найвышэйшай мэты нашай веры. А першым і фундаментальным патрабаваннем жыцця ў рэчаіснасці ёсць вера ў Бога. Яна першасная, бо Бог першасны.

    Пана Бога мы ўсе можам пазнаваць двума спосабамі: розумам або верай; шляхам натуральных пошукаў чалавечага розуму або давяраючы звышнатуральнаму Божаму Аб’яўленню; шляхам роздуму і размоваў пра Пана, або слухаючы Яго павучэнні.

    Веды пра Бога найважнейшыя за ўсё таму, што Ён – найвышэйшая мэта нашага прызначэння, мэта ўсіх памкненняў чалавека да рэальнага шчасця. Нам неабходна ведаць сапраўдную мэту і сапраўдны шлях да яе. Жыццё без ведання Пана Бога – гэта як кіраванне аўтамабілем з закрытымі вачыма. Таму нам жыццёва неабходна пазнаваць Пана і паглыбляць нашу веру.

   Бог аб’явіў нам пра Сябе і пра нас намнога больш, чым чалавечы розум сам здольны пазнаць і адкрыць. Асабліва гэта датычыць пытанняў сэнсу жыцця, любові і Божага плану збаўлення чалавецтва. З гістарычнага пункту гледжання, працэс Божага Аб’яўлення можна ўмоўна падзяліць тры этапы. Першы з іх адбыўся праз дзеі старажытнага Ізраэля – старазапаветнага “выбранага народа”.

    Другі этап Божага Аб’яўлення – гэта Уцелаўленне і Адкупленне. Так як Святое Пісанне стала “Словам Божым” у кнізе, так Езус Хрыстус стаў “Словам Божым” у целе. Хрыстус – гэта найвышэйшая дасканаласць і паўната Божага Аб’яўлення (гл. Кал 1, 15-20). “Хрыстус, Божы Сын, які стаў чалавекам, з’яўляецца адзіным, дасканалым і канчатковым Словам Айца. У Ім Ён сказаў усё і ўжо не будзе іншага слова акрамя Яго” (ККК, 65).

   Трэці этап Аб’яўлення выразіўся ва Унебаўшэсці Езуса Хрыста і Спасланні Духа Святога. Зыходжанне Духа Святога дало пачатак супольнасці Касцёла як Містычнага Цела Хрыста (ККК, 813). Таму Хрыстус кажа: “Усё, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў меншых, Мне зрабілі” (Мц 25,40). Таму і святы Павел, калі перад сваім навяртаннем пераследаваў хрысціянаў, пачуў ад Хрыста словы: “Чаму Мяне пераследуеш?” (Дз 9,4). Касцёл – гэта своеасаблівы працяг таямніцы Хрыста-Збавіцеля. Таму Ён сказаў апосталам: “Хто вас слухае, Мяне слухае” (Лк 10,16).

    Калі мы глядзім на сучаснага чалавека, можам задаць пытанне: у чым сёння можа праяўляцца нашая вера? У першую чаргу – у нашым асабістым сведчанні хрысціянскага жыцця. Але і яно патрабуе нейкіх выразных знешніх знакаў і дзеянняў.

    Адным з галоўных сведчанняў нашай веры з’яўляюцца святыні: касцёлы, капліцы, прыдарожныя крыжы. Усе яны выражаюць нашыя адносіны да Пана Бога, да Маці Божай, да святых заступнікаў. На працягу шматлікіх стагоддзяў беларускія краявіды аздаблялі шэдэўры сакральнага мастацтва, якія станавіліся своеасаблівымі дакументамі падзеяў, людзей, якія тут жылі і верылі, ласкаў, якія атрымлівалі ад Бога.

 Пастаўленыя прыдарожныя крыжы, узнесеныя капліцы, пабудаваныя касцёлы не перастаюць выконваць свае найважнейшыя духоўныя функцыі. Яны з’яўляюцца знакамі і прасторай нашай рэлігійнасці, культуры, узаемных адносінаў. Нашыя продкі ставілі прыдарожныя крыжы як знак Божай апекі і абароны ад усялякага зла: дэманічных сілаў, стыхійных бедстваў, няшчасных выпадкаў. Некаторыя з такіх прыдарожных крыжоў і капліц з’яўляюцца унікальнымі здабыткамі маствацтва. Але перадусім яны нагадваць пра веру мінулых пакаленняў і заахвочваюць нас да паглыблення сваіх адносінаў з Панам Богам.

   Кожная святыня, прыдарожны крыж ці капліца – гэта перадусім месца спаткання чалавека з Богам. Гэта месца нашай духоўнай інтэграцыі як адзінай супольнасці веры і малітвы, людзей падзяляючых адзіныя каштоўнасці і Божыя запаведзі. Таму перад кожным крыжам ці святыняй заўсёды схіляем галаву, здымаем шапку, чынім на сабе знак крыжа.

    Знакі нашай веры – гэта таксама крыжы і капліцы, якія нагадваюць пра месцы пахаванняў: звычайных могілак, але таксама месцаў пахавання герояў, ахвяраў войнаў і эпідэмій. Гэта месцы памяці, малітвы, падзякі і перапрашэння Пана Бога.

  Усведамляючы, якую важную ролю ў нашым духоўным жыцці адыгрываюць сімвалы веры, рыхтуючыся да юбілею сотай гадавіны нашай дыяцэзіі, мы жадаем звярнуць асаблівую ўвагу на ўсё тое, што з’яўляецца выразам нашай веры.

    Заахвочваю ўсіх вернікаў, на чале з душпастырамі, звярнуць увагу ў гэты Год Веры асабліва на стан нашых святыняў. Пасля дзесяцігоддзяў ваюючага атэізму мінулага стагоддзя засталіся такія касцёлы, якія яшчэ дасюль патрабую нашых старанняў, каб надаць ім належны выгляд.  І варта памятаць нам не толькі пра тыя касцёлы, якія знаходзяцца ў мясцовасці наша цяперашняга пражывання. Нашага клопату патрабуюць таксама святыні, у якіх мы былі ахрышчаныя, прымалі Першую Святую Камунію, бралі шлюб, з якімі звязаныя важныя падзеі і старонкі нашага жыцця і гісторыі нашых сем’яў. Часам такія святыні застаюцца ў маленькік вёсках, дзе няшмат парафіянаў. Пастараймася ў Год Веры дапамагчы нашым меншым парафіям прывесці ў належны выгляд іх касцёлы і капліцы. “Як мілыя, Пане, святыні Твае”, – усклікае псальміст. Няхай жа кожная наша святыня будзе адлюстраваннем прыгажосці і руплівасці веры.

    Магчыма, у некаторых парафіях нашай дыяцэзіі, нават пры новых касцёлах, знаходзяцца літургічныя рэчы, якія засталіся са старых касцёлаў або былі захаваныя і перададзеныя мінулымі пакаленнямі святароў ці вернікаў. Некаторыя з гэтых рэчаў незаўважальныя або патрабуюць рамонту. Гэта могуць быць старадаўнія арнаты, крыжы, ліхтары, харугвы, касцёльная мэбля, элементы дэкору і іншыя прадметы, якія нагадваюць пра верую мінулых пакаленняў. Варта ўдыхнуць новае жыццё ў такога роду сакральныя прадметы, каб яны маглі служыць новым пакаленням вернікаў і нагадвалі ім пра спадчыну мясцовага Касцёла.

   Важна таксама ў сем’ях вучыцца цаніць, захоўваць і ўмець карыстацца тымі рэлігійнымі рэчамі, якія засталіся ад папярэдніх пакаленняў. Гэта можа быць малітоўнік, ружанец, абраз, Святое Пісанне і т.п.

   Выразам нашага клопату аб веры няхай станецца абнаўленне парафіяльнай бібліятэкі новай літаратурай. Варта нагадваць вернікам пра тое, што ў парафіі ёсць такая бібліятэка і што ёю можна карыстацца для духоўнага пажытку і паглыблення адносінаў з Панам Богам.

   Варта таксама задбаць аб гістарычнай спадчыне нашай веры. Сабраць гістарычныя матэрыялы пра мясцовую парафію, запрасіць старэйшых вернікаў падзяліцца фотаздымкамі і сведчаннямі пра гісторыю мясцовага касцёла і жыццё парафіі. Усё гэта – сведчанне той спадчыны і шляху, які прайшоў Касцёл, а таксама сведчанне вялікага досведу веры, які пранеслі нашыя продкі. Як жа важна, каб мы не згубілі гэтую духоўную спадчыну, умелі карыстацца яе бясцэнным досведам і перадаць скарб веры наступным пакаленням.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Урачыстасць Святога Андрэя Баболі

Пінск, 16.05.2022 г.