Віншаванне на ўрачыстасць Божага Нараджэння Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог

да айцоў нашых праз прарокаў,

у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына.

Габр 1, 1–2

 

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Дарагія вернікі, людзі добрай волі!

  Святкаванне таямніцы Божага Нараджэння — гэта запрашэнне кожнага схіліцца перад вялікай праўдай пра міласэрнасць і любоў Бога да чалавека. Гэта пацвярджэнне веры ў тое, што нават ноч можа стаць светлай ад бляску Бэтлеемскай зоркі, якая абвяшчае надыход новага дня і здзяйснення самых светлых спадзяванняў. А бедная стайня можа ператварыцца ў найпрыгажэйшы дом Святой Сям’і.

  Няхай святло той святой ночы Нараджэння Божага Сына напоўніць усіх радасцю, надзеяй і супакоем, якія праменяцца з мацярынскага сэрца Найсвяцейшай Дзевы Марыі і бацькоўскага сэрца святога Юзафа. Няхай гэтыя святыя дні нагадаюць, што чалавечае жыццё, незалежна ад акалічнасцей, мае свой глыбокі сэнс і каштоўнасць, якія сягаюць у вечнасць.  Просім Езуса Хрыста — абяцанага прарокамі Эмануэля — «Бога з намі», каб прынёс у кожны дом і кожнае людское сэрца духоўную радасць і суцяшэнне ад усведамлення таго, як моцна Бог узлюбіў чалавека. «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16).

  З нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння жадаю кожнаму і кожнай з Вас здаровых і спакойных свят, спаўнення ўсіх найлепшых надзей, зразумення і падтрымкі ва ўсіх пачынаннях. Няхай Бэтлеемская зорка, якая абвясціла Нараджэнне Езуса Хрыста, нястомна ззяе на небасхіле Вашага жыцця не толькі ў перыяд калядных свят, але і на працягу ўсяго новага года.

Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

+ Антоні Дзям’янка

     Біскуп Пінскі

Пінск, Божае Нараджэнне, 2023 г.