Велікоднае віншаванне

«Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага…  Ён Уваскрос!” (Мц 28,5-6).

 

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

      З радасцю і надзеяй мы ўваходзім у святкаванне пасхальнай таямніцы Уваскрасення нашага Збаўцы Езуса Хрыста. З верай і любоўю стаім перад пустой грабніцай Адкупіцеля чалавечага роду і чуем словы:   “Езус жыве!” (гл. Лк 24, 1-35; Мк 16, 11). Божае Слова, аб’яўленае ў Святым Пісанні, а таксама жыццё і дзейнасць Хрыста на зямлі паказваюць Міласэрнага Бога, які няспынна шукае чалавека, каб яму дапамагчы вызваліцца ад кожнага зла і дайсці да вечнага жыцця ў небе.

     У гэтыя пасхальныя дні мы з радасцю абвяшчаем, што Хрыстус Пераможца паўстаў з мёртвых. Уваскрослы Езус прабывае сярод нас, каб умацоўваць нас, каб мы не гублялі надзеі і з даверам глядзелі ў будучыню. Моц Ягонага паўстання з мёртвых напаўняе нас супакоем і ўпэўненасцю, што верна ідучы Божым шляхам, мы напэўна дойдзем да дому Нябеснага Айца (гл. Ян 16, 33; Мц 24,13).

          Уваскрасенне Езуса Хрыста заклікае нас не паддавацца ніякім смуткам і не ўпадаць у абыякавасць. Наадварот, цуд паўстання з мёртвых аб’яўляе перспектыву вялікіх здзяйсненняў і адкрывае бясконцыя крыніцы Божых ласк для кожнага, хто з верай звяртаецца да Збавіцеля, пачынае жыць радасцю і надзеяй Евангелля.

          З нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Езуса Хрыста жадаю кожнаму і кожнай з вас пасхальнага аптымізму, духоўнага і фізічнага здароўя, Божай мудрасці ў вырашэнні кожнай справы. Няхай радасць веры, надзеі і любові, якая праменіцца з велікоднай раніцы, будзе святлом вашага жыцця.

          Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!

 

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі  

Пінск, Вялікдзень, 2023 г.