Паведамленне

Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкіз нагоды рэкансэкрацыі касцёла Святога Юзафа ў Лунінцы

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Паважаныя святары, душпастыры Пінскай дыяцэзіі, умілаваныя ў Хрысце кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі!

 Сёлетнія восеньскія дні заканчэння верасня і пачатку кастрычніка мы перажываем пад знакам некалькіх важных падзей, сярод якіх 25-ая гадавіна майго біскупскага служэння і ўрачыстасць рэкансэкрацыі парафіяльнага касцёла Святога Юзафа ў горадзе Лунінцы.

На пачатку хачу скіраваць словы ўдзячнасці ўсім тым, хто прыняў удзел у набажэнстве з нагоды 25-годдзя майго біскупскага служэння. Малітоўная лучнасць і прысутнасць у Пінскай катэдральнай базыліцы на святой Імшы падзякі шаноўных святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў з розных парафій нашай дыяцэзіі сталі для мяне і ўсяго нашага мясцовага Касцёла каштоўным дарам і падтрымкай.

Таксама захоўваю ў сэрцы вялікую ўдзячнасць да ўсіх святароў і свецкіх вернікаў, якія разам сабраліся 7 кастрычніка ў Лунінцы на ўрачыстасць рэкансэкрацыі парафіяльнага касцёла Святога Юзафа.

Аднаўленне святыні і яе пасвячэнне пасля трагічных падзей ІІ Сусветнай вайны і часоў атэізма, без сумніву, з’яўляецца важым імпульсам да духоўнага развіцця і надзеі не толькі для лакальнай супольнасці вернікаў, але і для ўсёй нашай дыяцэзіі.

З гэтай нагоды варта ўзгадаць постаць благаслаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які пасля заканчэння Духоўнай семінарыі ў Пінску, нёс душпастырскае служэнне як вікарый і прэфект гімназіі ў Лунінцы.  Ксёндз Мечыслаў сваю веру і адданасць Хрысту пацвердзіў мучаніцкай смерцю, калі быў растраляны гітлераўцамі ў 1942 годзе.

Мінае ўжо амаль 25 гадоў, як Папа Ян Павел ІІ узнёс ксяндза Багаткевіча, разам са 107-ю мучанікамі ІІ Сусветнай вайны, да хвалы алтара і аб’явіў благаслаўлёным.

Узгадваючы гэтыя важныя для Касцёла гістарычныя падзеі, мы маем магчымасць на нова ўсвядоміць усю сур’ёзнасць перасцярогі Хрыста: “Удараць у пастыра і авечкі рассеюцца” (Мц 26, 13). Сведкамі ў пэўнай ступені здзяйснення гэтых драматычных словаў Збавіцеля пасля мучаніцкай смерці ксяндза Мечыслава Багаткевіча сталі шматлікія вернікі Лунінеччыны, якія рассейваліся пад уздзеяннем ліхалеццяў вайны і дзесяцігоддзяў атэізму. Аднак іх шматлікія намаганні на карысць духоўнага аднаўлення і рэлігійнага развіцця Касцёла прынеслі шчодрыя плёны. Сярод іх – адраджэнне парафіі Святога Юзафа, выразным знакам чаго стала пасвячэнне адрамантаванай гістарычнай святыні ў Лунінцы.

Аднаўленне касцёла Святога Юзафа і яго рэкансэкрацыя сталі магчымыя, між іншым, дзякуючы салідарным ахвяраванням святароў і вернікаў з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, а таксама – намаганням лунінецкіх парафіянаў на чале з іх душпастырам ксяндзом Дзмітрыем Керногам. Дзякую шаноўным святарам і даручаным іх пастырскай апецы вернікам за малітвы і ўсялякую дапамогу аказаную на гэтыя мэты. Усе ахвяраванні складзеныя святарамі Пінскай дыяцэзіі на юбілей майго 25-годдзя біскупскага служэння былі прызначаныя на аданўленне касцёла Святога Юзафа ў Лунінцы. Няхай добры Бог шчодра адудзячыць кожнаму, хто прыклаў намаганні, ахвяраваў усялякую дапамогу на аднаўленне гэтай святыні.

З удзячнасцю і пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, 7 кастрычніка 2023 г.