8 мая адбылася ўжо XXVIII традыцыйная аднадзённая пешая пілігрымка з Пінска да санктуарыя Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Штогадовыя паломніцтвы з Пінскай катэдры да іконы Маці Божай у Лагішыне аднавіліся на пачатку 1990-х гадоў. Пілігрымаванне менавіта ў месяцы маі звязана з памяццю аб знакавай падзеі для ўсё Пінскай дыяцэзіі: 10 мая 1997 г. кардынал Казімір Свёнтэк увянчаў Лагішынскую выяву Маці Божай з Дзіцяткам Езусам на руках адмысловымі каронамі, якія Папа Ян Павел ІІ асвяціў і ўпаўнаважыў кардынала ад яго імя здзейсніць акт ушанавання Багародзіцы. Тады ж афіцыйна быў зацверджаны тытул Маці Божай у лагішынскай выяве як Каралевы Палесся і Апякункі Пінскай дыяцэзіі.
Сёлетняя пешая майская пілігрымка сабрала больш за паўтары сотні паломнікаў не толькі з парафій горада Пінска, але таксама вернікаў з іншых мясцовасцей Пінскай дыяцэзіі: з Гомеля, Брэста, Жлобіна, Мазыра, Баранавічаў, Петрыкава і інш. Сваёй прысутнасцю, малітвай і дапамогай пілігрымку ўзбагацілі семінарысты прэпедэўтычнага курса Духоўнай семінарыі на чале з ксяндзом Паўлам Эйсмантам. У дарозе пілігрымаў вельмі гасцінна віталі вернікі парафіі святой Ганны ў в. Крыўчыцы.
Святую Імшу на завяршэнне пілігрымкі ў санктруарыі Маці Божай у Лагішыне ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з біскупам літургію цэлебраваў архімандрыт Сяргей Гаек, святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі. Гамілію да сабраных прамовіў айцец Леанард Адушкевіч OSPPE, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсв. Панны Марыі ў Гомелі. Святар нагадаў усім сабраным пра тое, што ў гэтым годзе лагішынскі касцёл-санктуарый адзначае 110-годдзе з дня яго асвячэння. Айцец Леанард заахвоціў сабраных з дапамогай малітвы да Маці Божай Марыі паглыбляць дары вынікаючыя з прынятага сакрамэнту святога хросту, а таксама быць сведкамі Божай любові ў сучасным свеце. На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі і кусташ санктуарыя, ксёндз Андрэй Шут, запрасіў усіх пілігрымаў на традыцыйныя летнія паломніцтвы да Маці Божай Лагішынскай з Баранавічаў і Бярозы, якія ў гэтым годзе запланаваныя на 8 — 11 жніўня. Фэст Каралевы Палесся сёлета запланаваны на 11-12 жніўня.