Паведамленне Біскупа з нагоды ўступлення на пасаду новага Мітрапаліта

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

14 верасня 2021 г., у свята Узвышэння Святога Крыжа, Папа Францішак прызначыў арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Юзафа Станеўскага, да гэтага часу — дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі. 23 кастрычніка адбудзецца яго кананічнае ўступленне на пасаду Мітрапаліта. У асобе арцыбіскупа Юзафа вітаем архіпастыра нашай касцёльнай правінцыі – мітраполіі, якая ахоплівае Мінска-Магілёўскую, Пінскую, Гродзенску і і Віцебскую дыяцэзіі.

Арцыбіскуп Станеўскі – гэта ўжо трэці Мірапаліт у Мінску пасля адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Перад ім на гэтай пачэснай пасадзе знаходзіўся кардынал Казімір Свёнтэк і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Прызначэнне новага Мітрапаліта з’яўляецца сведчаннем жывасці і пераемнасці традыцыі Касцёла на нашай зямлі.

Мы кіруемся духам Евангелля і нормамі кананічнага права. Гэты Хрыстовы дух ажыўляў наш партыклярны Касцёл нават тады, калі ў драматычныя часы атэізма структуры мітраполій, дыяцэзій і парафій былі панішчаныя. Трыццаць гадоў таму вярнуўся нармальны рытм жыцця кананічных структур, была адноўленая дзейнасць Пінскай дыяцэзіі ў новых межах, а таксама паўсталі новыя дыяцэзіі – спчатку Мінска-Магілёўская і Гродзенская, а крыху пазней – Віцебская. У новаарганізаванай мітраполіі наша Пінская дыяцэзія застаецца найстарэйшай. Яна была створаная ў 1925 г. Памятаем, што яе першым біскупам быў прызначаны Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, цела якога спачывае ў крыпце катэдральнай базылікі ў Пінску. Знакавым з’яўляецца таксама і тое, што біскуп Зыгмунт перад прыходам у Пінск у 1925 г. быў біскупам у Мінску, дзе новы архіпастыр з’явіўся толькі ў 1991 г., калі была ўтвораная новая мітраполія на чале з кардыналам Казімірам Свёнткам.

Мінска-Магілёўская мітраполія з’яўляецца спадкаемцай гістарычнай Магілёўскай мітраполіі, якая ў свой час была найбуйнейшай у Еўропе.

Сёння ўсе чатыры дыяцэзіі, якія ўваходзяць у склад Мінска-Магілёўскай мітраполіі, маюць сваіх біскупаў. Дух Хрыстовага Евангелля дзейнічае таксама праз упарадкаваную дзейнасць структур Касцёла ў нашай краіне. З нагоды кананічнага ўступлення на пасаду новага Мітрапаліта, няхай кожны з нас узнясе да Бога малітву за ўсіх пастыраў Касцёла, асабліва за Святога Айца Францішка і арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Давяраем служэнне Мітрапаліта Юзафа нябеснаму заступніцтву Маці Божай, а таксама Святому Міхалу Арханёлу – галоўнаму апекуну каталіцкай мітраполіі ў Беларусі.    

З пастырскім благаслаўленнем,

+Антоні Дзям’янка

     Біскуп Пінскі       

Пінск, 22 кастрычніка 2021 г.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *