Паведамленне Біскупа з нагоды асвячэння вуглавога каменя на будове касцёла ў Баранавічах

Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры Баранавіцкага рэгіёна!

Хачу падзяліцца з вамі радасцю з таго, што 13 лістапада а 12.00 у г. Баранавічы ў мікрараёне Тэкстыльны па вул. Тэкстыльнай, 28 (каля хлебазавода), адбудзецца ўрачыстае асвячэнне вуглавога каменя і цэлебрацыя першай святой Імшы на месцы пабудовы новага касцёла Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай.

Варта ўзгадаць, што на тэрыторыі гэтай парафіі ў мінулым, у міжваенны перыяд, ужо існавала каталіцкая супольнасць і капліца Маці Божай у раёне цяперашняй пажарнай станцыі. Тут юнаком маліўся будучы кардынал Казімір Свёнтэк, які жыў непадалёку ў г. Баранавічы,  і ў касцёле ў гэтай мясцовасці ён прыняў сакрамэнт канфірамацыі (бежмавання) з рук Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.  Але ваенныя ліхалецці і пазнейшыя атэістычныя часы не дазволілі баранавіцкім каталікам актыўна развіваць сваё духоўнае жыццё і пры капліцы Маці Божай, і пры незавершаным будаўніцтве новага касцёла, на фундаментах якога была пабудавана тэкстыльная фабрыка.

Але Божая Прадбачлівасць ніколі не пакідала жыхароў Баранавічаў і распарадзілася так, што з Божай волі нанова адрадзілася каталіцкая супольнасць у той частцы горада, якую цяпер ахоплівае мікрараён Тэкстыльны. На хвалу Божую і збаўленне душ людскіх адроджаная каталіцкая супольнасць распачала будаўніцтва парафіяльнай святыні Божай Міласэрнасці і Маці Божай Вастрабрамскай пад кіраўніцтвам свайго пробашча ксяндза Паўла Рудзьмана.

Запрашаю ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на нашую супольную радасную ўрачыстасць – першую Святую Імшу на месцы, дзе будуецца новы касцёл, і дзе будзе закладзены памятны вуглавы камень а 12-ай гадзіне ў суботу 13 лістапада.

Няхай нашая супольная прысутнасць і малітва стануць знакам падтрымкі гэтай адроджанай парафіі ў яе стараннях пабудаваць святыню дзеля хвалы Божай і збаўлення людзей.

З пастырскім благаслаўленнем,

+Антоні Дзям’янка

     Біскуп Пінскі       

Пінск, 22 кастрычніка 2021 г.