Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі.
Ваша Эксцэленцыя, глыбокапаважаны біскуп Казімір Велікаселец, шаноўныя святары, кансэкраваныя асобы і вернікі Пінскай дыяцэзіі!
Як Ваш Пастыр я звяртаюся да вас са словамі надзеі і суцяшэння. Увесь свет закранула пандэмія і хвароба. Гэта змяніла наш падыход да жыцця і яшчэ больш адкрыла вочы на Бога. Пан Бог і мяне выпрабаваў хваробай, аб чым вы ведаеце. Таму прашу вас паслухаць некалькі маіх думак аб хваробе.
Падчас хваробы чалавек пакліканы, каб даверыцца Пану і аднавіць у сабе глыбокі давер да Таго, хто лечыць усе хваробы (Пс 103, 3). Нават калі чалавеку здаецца, што ён ужо не мае шанцаў на выздараўленне, што аж хочацца сказаць: “Дні мае як цень мінаюць, а я высах як трава” (Пс 102, 12), веруючы чалавек і тады мае нязломную веру ў жыццядайную сілу Бога. Хвароба не заганяе веруючага ў роспач і не схіляе яго шукаць смерць, але заахвочвае ўсклікаць з надзеяй: “Я давяраў нават, калі казаў: я моцна прыгнечаны” (Пс 116, 10). Пане Божа мой, да Цябе я ўсклікаю, а Ты аздаравіў мяне. Ты, Пане, вывеў душу маю з адхлані, вярнуў мне жыццё сярод тых, хто сыходзіць у магілу” (Пс 30, 3-4).
Католік павінен быць спакойны, бо ведае, што Пан Бог ёсць Панам не толькі Неба, але і Зямлі. У цярпенні хрысціянін прыпадабняецца да Хрыста і служыць Касцёлу, прымае плённы ўдзел у збаўчай справе: “…калі чыніце дабро і церпіце, то маеце ласку ў Бога. Вы для таго пакліканы; бо і Хрыстус цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім” (1 П 2, 20). Калі хтосьці нясе крыж пакутаў, то вядзе ўнутранае змаганне, як і Хрыстус у Аліўным садзе.
А што Бог зрабіў з пакутамі, болем, хваробай і злом? Не растлумачваў, не філасофстваваў, не рацыяналізаваў. Ён перамог іх на крыжы.
Пане, дапамажы, каб боль, пакуты, хвароба і зло не знішчылі і не перамаглі нас. Мы не хачам іх зразумець. Мы хочам іх перажыць з Табою і з усімі тымі, хто пакутуе бессэнсоўна. Мы ўсе ў большай ці меншай ступені хворыя, усе бездапаможныя перад моцаю зла і цярпенняў. Найбольш балюча кранае нас пачуццё ўласнай немачы перад абліччам пакутаў чалавека, якога мы любім. І хочацца дапамагчы, таму што бачна, як церпіць духоўна або фізічна любімы чалавек, але нічога не можаш зрабіць! Бог ужо гэта зрабіў! Ён памёр на крыжы. Ён не растлумачыў сэнсу і значэння зла, болю, цярпенняў і хваробы. Ён іх перажыў.
Кожнае выпрабаванне выхоўвае чалавека і змушае яго да сур’ёзнай рэфлексіі. Пакуты, якія пераносяцца як экзамен на верную любоў, робяць чалавека больш высакародным. Святое Пісанне вучыць: “Сыне, калі маеш намер служыць Пану, падрыхтуй сваю душу да выпрабаванняў…, таму што золата выпрабоўваецца ў агні” (Сір 2, 1 і 5). Там, дзе ёсць боль, хвароба, пакуты, там таксама блізка ёсць Бог.
Хвароба, якая перажываецца ў хрысціянскім духу, можа быць распазнаная і прынятая як час наведвання Бога, а разам з тым як заклік да перамены і паляпшэння свайго жыцця. Хворы павінен задумацца над пытаннем: што канкрэтна Бог хоча сказаць яму праз гэтае цярпенне? Часам хвароба становіцца нагодаю да таго, каб апамятацца. Іншым разам яна выступае як прылада ў Божых руках, якая служыць нашаму духоўнаму ўзрастанню. Хворы павінен ведаць, што стан яго здароўя можа стаць часам Божай ласкі, часам духоўнай засяроджанасці, якая вядзе да ўнутранай перамены і спрыяе набліжэнню да Бога.
Я хачу звярнуцца да медыкаў. Падчас эпідэміі і пандэміі неабходна прытрымлівацца ўсіх гігіенічных рэкамендацый і цярпліва прымаць абмежаванні, якія на нас накладваюцца. Памятаем словы са старазапаветнай кнігі Мудрасці Сіраха:
“Шануй лекара з пашанай належнай яму, бо Пан стварыў яго, і ад Найвышэйшага паходзіць аздараўленне, і ад Валадара атрымліваецца дар. Веды лекара ўздымаюць яго галаву, і сярод вяльможаў ён будзе шанаваны. Пан стварыў лекі з зямлі, а мудры чалавек не будзе імі пагарджаць. Ці ж не дрэва робіць ваду салодкай, каб моц Яго была спазнаная? Ён даў людзям веды, каб яны ўславіліся дзякуючы Яго дзівосным справам. Дзякуючы ім адбываецца лячэнне і здымаецца боль, з іх аптэкар робіць лекі, каб не заканчвалася Ягонае дзеянне і супакой ад Яго быў па ўсёй зямлі. Сыне, у сваёй хваробе не адварочвайся ад Пана, але маліся да Яго, а Ён вылечыць цябе. Адкінь крывадушнасць, выпрастуй рукі і ачысці сэрца ад усялякага граху. Ахвяруй кадзіла, складзі ахвяру падзякі з найчысцейшай мукі і шчодрыя дары, на якія ты толькі здольны. Пасля прывядзі лекара, бо яго таксама стварыў Пан, не адварочвайся ад яго, бо ён патрэбны табе. Ёсць час, калі ў іх руках знаходзіцца выйсце з хваробы: яны самыя будуць маліць Пана, каб даў ім моц прынесці палёгку і вылячэнне дзеля захавання жыцця”. (Сір 38, 1-14)
Я асабіста хачу выказаць вялікую ўдзячнасць дактарам з Пінска і Брэста, дзе я на сабе адчуў іх добразычлівасць і прафесійную медыцынскую дапамогу. Маё здароўе – гэта Ваш прафесіяналізм. Няхай Бог стакротна Вас узнагародзіць.
Мае дарагія дыяцэзіяне! Увесь той час, калі я быў на лячэнні, то штодня маліўся за Вас. У сваіх малітвах памятаю пра біскупа Казіміра, усіх святароў, сясцёр законных, вас, вернікаў, а асабліва пра старэйшых і хворых. Малюся аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях, малюся за ўсе нашыя дыяцэзіяльныя справы, просячы, каб Добры Бог прыняў мае цярпенні і звярнуў іх на дабро для Пінскага Касцёла, пастырам якога я з Божай волі з’яўляюся. У надзеі на хуткае вяртанне да Вас удзяляю Вам маё пастырскае благаслаўленне:
У імя † Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

† Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
P.S. Прашу прачытаць гэтае паведамленне падчас усіх св. Імшаў у бліжэйшую нядзелю, 21 чэрвеня 2020 г.