Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
27 мая 2023 г. нашую дыяцэзіяльную супольнасць як адну сям’ю збярэ вакол сябе Маці Божая Брэсцкая. Пан Бог у Сваёй вялікай міласэрнасці і прадбачлівасці пакінуў нам велічную выяву Багародзіцы як бачны знак Яго апекі.
Цудоўны абраз Маці Божай Брэсцкай вядомы з ХVІ ст. На ім прадстаўлена Найсвяцейшая Панна, схіленая ў малітоўнай паставе над Дзіцяткам Езусам. А праваруч Багародзіцы – св. Ян Хрысціцель, які ўглядаецца ў Божае Дзіцятка-Збаўцу. Гэты абраз нагадвае нам знакамітую выяву Маці Божай з рымскай базылікі Sancta Maria Maggiorе. Яго гісторыя звязвае нас і з Папам Клеменсам VІІІ, і з каралевай Бонай Сфорцай, а перадусім – з вялікай гісторыяй Касцёла ў горадзе Брэсце. Як ведаем, да ХІХ ст. гэтая цудоўная выява Найсвяцейшай Панны Марыі знаходзілася ў старадаўнім бернардынскім касцёле. Калі ў 1856 годзе быў узнесены сучасны касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў новым цэнтры горада Брэста, замест аднайменнага касцёла з часоў вялікага князя Вітаўта, абраз Маці Божай Брэсцкай заняў сваё пачэснае месца ў новай святыні.
Нягледзячы на драматычныя падзеі ХХ ст., войны і атэістычны пераслед, руплівыя брэсцкія каталікі захавалі падораную ім Божым Провідам выяву Найсвяцейшай Панны. У 1990-м годзе яна вярнулася ў адноўлены касцёл Узвышэння Святога Крыжа. А ў 1996 г. абраз Маці Божай Брэсцкай быў увенчаны папскімі каронамі як першы сярод цудоўных выяваў у найноўшай гісторыі Касцёла ў Беларусі.
Сёлетнія ўрачыстасці, якія мы будзем перажываць з удзелам Апостальскага Нунцыя ў нашай краіне – Арцыбіскупа Антэ Ёзіча – няхай стануць для нас нагодай да таго, каб падзякаваць за ўсе ласкі Добраму Богу і Найсвяцейшай Дзеве, якую ў Брэсцкай выяве ўшаноўваем як “Маці Выратавальніцу”. Няхай у гэты дзень перад алтаром Маці Божай Брэсцкай не спыняюцца малітвы падзякі і праслаўлення Пана Бога за Яго апеку і благаслаўленне.
Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваныя асобы і свецкіх вернікаў з нашых парафій прыняць удзел ва ўрачыстасці Маці Божай Брэсцкай, каб даверыць Яе матчынай апецы ўсе супольнасці і сем’і нашай Пінскай дыяцэзіі, якая, перажываючы Год Надзеі, рыхтуецца да радаснага юбілею 100-годдзя яе заснавання. Няхай нашая сумесная малітва перад выявай Маці Божай Брэсцк ай яшчэ больш умацуе нас у веры, надзеі і любові.
З пастырскім благаслаўленнем,
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 20 мая 2023 г.