Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка з нагоды распачацця ў Пінскай дыяцэзіі Года надзеі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-ай гадавіны Пінскай дыяцэзіі

“Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй” (Рым 15, 13).

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

         Год таму, у першую нядзелю Адвэнту, мы распачалі вялікую духоўную падрыхтоўку да святкавання юбілею сотай гадавіны Пінскай дыяцэзіі. Першы год падрыхтоўкі быў прысвечаны тэме веры. Усе разам мы прыкладалі шматлікія намаганні, каб з Божай дапамогай аднавіць усё, што з’яўляецца выразам – знешнім і ўнутраным – нашай веры: малітоўнае жыццё, выгляд святынь, прыдарожных крыжоў і капліц, рэлігійных знакаў у кожным нашым доме і месцы працы. Дзякуем Міласэрнаму Богу за гэты плённы час духоўнага аднаўлення.

Сёлета, у першую нядзелю Адвэнту 2022 г., мы распачынаем другі год падрыхтоўкі да радаснага юбілею: Год надзеі. Хочам прысвяціць гэты час асабліваму высілку па аднаўленні ўсяго, што звязана ў нашым жыцці з хрысціянскай цнотай надзеі.

Наша надзея – гэта перадусім маладое пакаленне вернікаў: дзяцей, моладзі, маладых сужэнстваў, кансэкраваных асобаў і семінарыстаў – будучых святароў. Яны – тыя, хто патрабуе найбольшага нашага клопату і падтрымкі, каб дадзеная ім у святых сакрамэнтах ласка прынесла шчодрыя плёны ў будаванні Божага Валадарства.

Наша надзея – гэта ўжо адноўленыя і на нова пабудаваныя парафіяльныя святыні, дзе кожны жадаючы можа перажыць асаблівую сустрэчу з жывым Богам, карміцца святымі сакрамэнтамі Касцёла.

Наша надзея – гэта ўсе тыя, хто нястомна абвяшчае Божае слова, нясе святло Евангелля з дапамогай вуснага і друкаванага слова, якое гучыць на шматлікіх рэкалекцыях, духоўных сустрэчах і набажэнствах. Гэта тыя, хто абвяшчае Божае слова з дапамогай часопісаў і газет, радыё і тэлебачання, шматлікіх інтэрнэт-пляцовак і сацыяльных сетак. Гэта ўсе тыя, хто рупіцца ў справе новай евангелізацыі і катэхізацыі, дзеліцца скарбам веры з дзеткамі, моладдзю, сужанствамі, веруючымі і няверуючымі.

Наша надзея – гэта адноўленыя і добра функцыянуючыя парафіяльныя супольнасці, з’яднаныя ў  адзіную дыяцэзіяльную сям’ю праз ахвярнае служэнне святароў, дыяцэзіяльнага біскупа, канферэнцыі біскупаў, апостальскага нунцыя, трываючы разам у еднасці са Святым Айцом Францішкам – наступнікам святога Пятра і бачным галавою Хрыстовага Касцёла.

Наша надзея – гэта глыбокія хрысціянскія карані, якімі прасякнута і на якіх апіраецца культура нашага народа. Гэта тая багатая спадчына і моцны падмурак веры шматлікіх пакаленняў нашых продкаў, на якіх мы ўпэўнена можам будаваць нашу будучыню.

Наша надзея – гэта сведчанне веры, бясцэнны скарб досведу і, як верым, магутнага нябеснага заступніцтва вялікіх нашых папярэднікаў на шляху збаўлення, жыццёвы шлях якіх быў звязаны з парафіямі Пінскай дыяцэзіі. Гэта святы Андрэй Баболя, галоўны нябесны заступнік нашай дыяцэзіі, святы Казімір, рэліквіі якога захоўваліся ў Ружанскім касцёле, святы Рафал Каліноўскі, які ў свой час жыў і працаваў у Брэсце, святы Язафат Кунцэвіч, благаслаўлёная Баляслава Лямэнт, Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, першы біскуп Пінскі, сведка веры – кардынал Казімір Свёнтэк і шматлікія іншыя духоўныя і свецкія асобы, якія будавалі моцную надзею на будучыню Касцёла на нашай зямлі.

Заахвочваю ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі актыўна ўключыцца ў духоўнае перажыванне Года надзеі, ахінуць асаблівай малітвай, падтрымкай і клопатам усе тыя сферы нашага духоўнага жыцця, якія мацуюць нашу надзею. Няхай Дух Святы напоўніць нашыя сем’і, асабліва дзяцей і моладзь, руплівасцю ў справе паглыблення веры і  ў будаванні сённяшняга і заўтрашняга дня свайго жыцця на моцным падмурку, якім ёсць Езус Хрыстус – Адзіны Збавіцель свету.      

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, 22 лістапада 2022 г.     

Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэтае Паведамленне вернікам падчас кожнай св. Імшы ў першую нядзелю Адвэнту 27.11.2022 г. і размесцяць яго тэкст на табліцы аб’яваў перад касцёлам на перыяд усяго “Года надзеі”.