Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка з нагоды 30-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Апостальскай Сталіцай

Да ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі

“Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мк 16,15)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

11 лістапада 2022 г. нашая краіна адзначае 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай. Папа Ян Павел ІІ 11 лістапада 1992 г. выдаў Апостальскі ліст у форме brevis maior — Qvantam tandem — аб заснаванні і адкрыцці Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь. Для Касцёла ў нашай краіне, і ў прыватнасці – для Пінскай дыяцэзіі, гэта азначае, што ў Беларусі нясе паўнамоцнае служэнне Апостальскі Нунцый як афіцыйны, паўнамоцны і непасрэдны прадстаўнік Святога Айца на нашай зямлі. На сённяшні дзень Апостальскім Нунцыем у Беларусі з’яўляецца Арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які паходзіць з Харватыі. А ў цэнтры нашай сталіцы – горадзе Мінску – дзяржаўнымі ўладамі Беларусі было выдзелена месца, дзе Апостальская Сталіца пабудавала сядзібу свайго дыпламатычнага прадстаўніцтва.

Таксама Рэспубліка Беларусь, дзякуючы ўсталяваным 30 год таму афіцыйным дыпламатычным адносінам, мае свайго паўнамоцнага пасла пры Апостальскай Сталіцы. Цяпер гэтыя абавязкі выконвае спадар Сяргей Алейнік.

Дзякуючы адносінам такога высокага ўзроўню, у асобе Апостальскага Нунцыя мы маем непасрэдны і цесны кантакт са Святым Айцом Францішкам, а Папа – з нашай краінай. Гэта дазваляе Касцёлу ў Беларусі і ўсяму беларускаму грамадству на належным узроўні знаёміцца з актуальнымі падзеямі Паўсюднага Касцёла і пасланнямі Пантыфіка, прыслухоўвацца да яго парадаў і заклікаў. Дзякуючы пастаяннаму прабыванню Апостальскага Нунцыя ў нашай краіне, вернікі Каталіцкага Касцёла і ўсе жыхары нашай краіны маюць магчымасць больш цесна ўзаемадзейнічаць з Апостальскай Сталіцай у справе абвяшчэння Хрыстовага Евангелля і ўмацавання традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў, а таксама ў лучнасці са Святым Айцом разам будаваць шчаслівую будучыню нашага грамадства і кожнага чалавека.

Няхай гэтая круглая дата будзе для нас нагодай, каб узнесці да Бога малітву падзякі за служэнне Апостальскага Нунцыя ў нашай краіне, а таксама прасіць Міласэрнага Пана аб шчодрых ласках для Святога Айца Францішка.

З пастырскім благаслаўленнем,

+ Антоні Дзям’янка

       Біскуп Пінскі

Пінск, 5 лістапада 2022 г.