Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
У сувязі з пандэміяй каранавіруса СOVID-19, беручы пад увагу рэкамендацыі Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ад 10.10.2020 г., абвяшчаю абавязваючыя на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі наступныя распараджэнні:
- Згодна з кан. 87 §1, 1245 і 1248 §2 Кодэкса кананічнага права, удзяляю дыспенсу ад удзелу ў нядзельнай і святочнай святой Імшы для наступных катэгорый вернікаў:
- асобам сталага ўзросту, якім асабліва пагражае інфекцыя каранавіруса;
- асобам з сімптомамі каранавіруснай інфекцыі;
- дзецям і школьнікам, а таксама асобам, якія імі непасрэдна апякуюцца;
- асобам, якія баяцца заражэння каранавірусам.
- Асобам, якія будуць карыстацца дыспенсай, рэкамендуецца лучыцца з вернікамі, сабранымі на св. Імшы, пры дапамозе сродкаў электроннай камунікацыі і прымаць духоўную святую Камунію. Шаноўныя душпастыры абавязаны растлумачыць вернікам, што такое духоўная святая Камунія, а таксама паінфармаваць іх аб магчымасцях выкарыстання трансляцый св. Імшы з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі.
- Ксяндзы пробашчы і адміністратары парафій абавязаны прыкласці ўсе намаганні, каб у святынях і месцах душпастырскіх спатканняў былі захаваныя адпаведныя правілы гігены: заахвочваць вернікаў карыстацца маскамі ці іншымі сродкамі аховы, забяспечыць магчымасць выкарыстання сродкаў дэзінфекцыі, а калі дазваляюць магчымасці, стварыць умовы для т.зв. сацыяльнай дыстанцыі.
- Пробашчаў і адміністратараў парафій, настаяцеляў манаскіх і іншых касцёльных супольнасцей прашу захаваць максімальную асцярожнасць і разважлівасць пры арганізацыі разнастайных мерапрыемстваў, беручы пад увагу складаную эпідэмічную сітуацыю, і разважыць магчымасць адклікання або пераносу запланаваных спатканняў на пазнейшы час.
Дадзеныя распараджэнні дзейнічаюць з 25 кастрычніка 2020 г. і абавязваюць да адклікання.
Давяраю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі апецы Маці Божай Лагішынскай, Каралеве Палесся, а таксама заступніцтву святога Андрэя Баболі.
На перажыванне гэтага часу ў духу даверу да Божай Міласэрнасці ўдзяляю пастырскае благаслаўленне.
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
№150/20
Пінск, 21 кастрычніка 2020 г.