Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка на Урачыстасць Усіх Святых

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Першыя лістападаўскія дні ўводзяць нас у таямніцу лучнасці святых і асаблівую малітву за памерлых. Гэты час вызначаецца двума важнымі днямі: 1 лістапада, калі адзначаем Урачыстасць Усіх Святых, і 2 лістапада – успамін усіх памерлых вернікаў. Духоўнае значэнне гэтых дзён на працягу літургічнага году можам змясціць у трох ключавых словах: жыццё, смерць і святасць.

Урачыстасць Усіх Святых нагадвае нам тых вернікаў, якія пабожна пражылі жыццё і завяршылі яго ў лучнасці з Панам Богам. Яны па-сапраўднаму любілі Бога і бліжняга. Тыя з іх, каго Касцёл узнёс да хвалы алтара, ушаноўваюцца намі як святыя і благаслаўлёныя. Мы молімся да Бога праз іх заступніцтва. Іншыя  – яшчэ чакаюць на гэты ўрачысты акт Святога Касцёла. Да іх належыць першы біскуп нашай дыяцэзіі – Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі. Молімся аб яго хутчэйшай беатыфікацыі.

У наступныя лістападаўскія дні мы ахінаем асаблівай малітвай усіх нашых памерлых. Выразам гэтай малітвы становіцца не толькі ўдзел у адмысловых набажэнствах у касцёлах і капліцах, але таксама супольная і індывідуальная малітва на могілках. Кожнае месца пахвання – гэта наша гістарычная памяць, нашы карані. Гэта месца, якое найлепей вучыць нас цаніць каштоўнасць жыцця і кожнай асобы. На некаторых старых каталіцкіх могілках можна сустрэць вельмі вымоўны лацінскі надпіс: “hic mortui docent vivere” – “тут памерлыя вучаць жыць”. Чаму яны нас вучаць? Яны паказваюць нам праўду пра хуткацечнасць зямнога жыцця, за якое трэба паспець навучыцца жыць, верыць, любіць. Бо ад гэтага залежыць нашае вечнае жыццё.

Мы ўсе пакліканыя да святасці. Няхай гэтыя дні ўрачыстасці Усіх Святых і малітваў за памерлых вернікаў дапамогуць нам годна ўшанаваць памяць нашых папярэднікаў і ад іх вучыцца жыць. Скарыстаемся дарам адпустаў, прадугледжаных Касцёлам на гэтыя дні, каб дапамагчы нашым памерлым вернікам на шляху ачышчэння і самім узрастаць у святасці на шляху да Нябеснай Айчыны.

З пастырскім благаслаўленнем,

Антоні Дзям’янка

   Біскуп Пінскі

Пінск, 29 кастрычніка 2020 г.