Паведамленне Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка на Вялікі Пост 2020

“Пане, калі даеш мне выбар – выбіраю Твой Крыж.

Вядзі мяне і дадай адвагі, вучы, як мне трымацца Твайго Крыжа”.

(Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі)

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

Дарагія браты і сёстры!

Распачынаем чарговы час, у якім маем магчымасць яшчэ больш наблізіцца да Пана Бога, спазнаць, якой вялікай Любоўю Ён з’яўляецца. Гэта асаблівы час – Вялікі Пост. Гэта час “Крыжовага Шляху” і іншых пасійных набажэнстваў. Час, калі найпаўней прамаўляе да нас Асоба Езуса Хрыста – Бога, які стаў адным з нас дзеля нашага збаўлення. Час, калі наймацней прамаўляе цярпенне Божага Сына. Час, які рыхтуе нас да Вялікага Тыдня і Святога Пасхальнага Трыдуума – трох дзён успаміну Мукі, Смерці і спачынку ў грабніцы Пана Езуса. А ўсё гэта вядзе нас да перажывання факту Уваскрасення Пана. Гэты факт напаўняе сэнсам веру і жыццё хрысціяніна.

         Хачу запрасіць вас падчас гэтага Вялікага Посту, каб мы перажылі яго разам са сведкам найвялікшых таямніц веры, якім несумненна быў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі – першы біскуп нашай дыяцэзіі, а сёння – кандыдат на хвалу алтара. Сведкам таямніц веры чыніць яго не толькі прыгожая смерць у Вялікую Суботу 1932 года, але ўсё яго жыццё, якое распачалося роўна 150 год таму, але перадусім яго душпастырства. У сваім біскупскім служэнні ён асабліва падкрэсліваў выключнасць Крыжа і яго збаўчую моц. Па прыкладу св. Апостала Паўла, Слуга Божы заахвочваў глядзець на Крыж Хрыста як на крыніцу моцы і мудрасці Божай (гл. 1 Кар 1, 17-25). Між іншым таму біскуп Зыгмунт запрашаў асабліва моладзь праводзіць і перажываць набажэнствы “Крыжовага Шляху”. Ён запрашаў таксама на супольны ўдзел у гэтым набажэнстве ў Пінскай катэдры. Сёння і я хачу паўтарыць гэтае запрашэнне. З верай удзельнічайце ў вялікапостных набажэнствах у вашых парафіяльных супольнасцях. А калі будзеце мець магчымасць, прапаную супольна сустрэцца на гэтым набажэнстве ў той самай катэдры, дзе знаходзяцца стацыі “Крыжовага Шляху”, перад якімі разам з вернікамі маліўся Слуга Божы.

         Запрашаю ахвяраваць сёлетнія набажэнствы “Крыжовага Шляху” у інтэнцыі сужэнстваў і сем’яў нашай дыяцэзіі, каб былі моцныя Богам. Прашу таксама ахвяраваць пакутныя набажэнствы падчас гэтага Вялікага Посту ў інтэнцыі шматлікіх і святых пакліканняў з нашых сем’яў да святарства і манаскага жыцця.

         На гэты святы і прыгожы час з сэрца ўсіх вас благаслаўляю.

 

+ Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі

Пінск, 24.02.2020 г.