Паведамленне біскупа Антонія аб прызначэнні новага мітрапаліта

Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!

Касцёл Пінскай дыяцэзіі ў духу хрысціянскай радасці, надзеі і ўдзячнасці Добраму Богу прыняў вестку аб прызначэнні Святым Айцом Францішкам Яго Эксцэленцыі біскупа Юзафа Станеўскага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.

         Дэкрэт Апостальскай Сталіцы “Christus Dominus” аб пастырскім служэнні біскупаў між іншым гаворыць: “Біскупы, устаноўленыя Духам Святым, знаходзячыся на апостальскіх пасадах як пастыры душ, атрымалі таксама пасланне, каб у лучнасці з Біскупам Рыму і пад яго кіраўніцтвам, умацоўваць у трываласці справу Хрыста, Вечнага Пастыра. Бо Хрыстус даў апосталам і іх наступнікам наказ і ўладу, каб навучалі ўсе народы, каб асвячалі людзей у праўдзе, і каб былі іх пастырамі”.

Касцёл на Палессі неаднаразова пераконваўся, што ў асобе новапрызначанага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага вернікі маюць дар руплівага і разважлівага пастыра паводле Сэрца Езуса.

Молімся, каб Яго Экцэленцыя арцыбіскуп-намінат, меў шчодрае Божае благаслаўленне на кожны дзень сваёй паслугі ў ахвяраным служэнні Божаму народу на ўзор апостала Пятра і сваіх вялікіх папярэднікаў, сярод якіх Слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі, у свой час — біскуп Мінскі, а таксама сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Няхай Маці Божая мае ў сталай апецы Яго Эксцэленцыю ў выкананні пастырскага служэння ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ўсім Касцёле на Беларусі.

Заахвочваю ўсіх вернікаў Пінскай дыяцэзіі аб малітве ў інтэнцыі новапрызначанага Мітрапаліта. А ўсіх святароў заклікаю ўзнесці малітву падзякі Пану Богу і просьбы аб усіх неабходных ласках для арцыбіскупа-наміната ў нядзелю 19 верасня падчас кожнай св. Імшы.

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Пінск, 14 верасня 2021 г.