Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
“Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя…
і знойдзеце спакой для сваіх душаў” (Mц 11, 28-29).
Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
З ласкі Божай распачынаем благаслаўлёны перыяд Вялікага Посту як час пакаяння, навяртання, ачышчэння і падрыхтоўкі да паглыблення досведу найвялікшай таямніцы нашай веры: Мукі, смерці і Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста. Жадаем разглядаць гэты 40-дзённы Пост у шырэйшым вымярэнні. Хочам перажываць яго ў кантэксце вялікага трыдуума Касцёла ў нашым рэгіёне – трохгадовай падрыхтоўкі да юбілею стагоддзя ад заснавання Пінскай дыяцэзіі. На працягу трох гадоў прыглядаемся да розных аспектаў нашага жыцця праз прызму трох найважнейшых хрысціянскіх цнотаў: веры, надзеі і любові (гл. ККК, 1812-1829).
Сёлета мы перажываем ужо другі год падрыхтоўкі да юбілею дыяцэзіі. Адзначаем яго як Год Надзеі. Уся наша надзея ў Пану Богу. Кніга Псальмаў заахвочвае нас да такой даверлівай надзеі: “Спадзявайся на Пана і чыні дабро, … давер Пану шлях свой і спадзявайся на Яго: Ён Сам будзе дзейнічаць і ўчыніць, што твая справядлівасць заяснее як святло, а слушнасць твая – як поўдзень” (Пс 37, 3. 5-6). У перыяд Вялікага Посту жадаем асабліва вучыцца такому даверу разважаючы над таямніца Крыжа Езуса Хрыста. Гэта Божы Сын узяў на Сябе ўсе нашыя цярпенні і склаў найдасканалейшую Ахвяру са свайго жыцця (гл. Габр 10, 12-14; Iс 53, 12). Адаруючы таямніцу Хрыста Укрыжаванага спяваем у часе Вялікага Посту традыцыйны заклік: “Ты за нас цярпеў ад ранаў, Езу Хрыстэ, змілуйся над намі”.
У спасціганні таямніцы нашага Адкуплення нам дапамагаюць таксама вялікапосныя спевы і набажэнствы, якія ўводзяць нас у духоўнае разуменне цярпенняў і Ахвяры Збавіцеля. Перадусім гэта такія набажэнствы як Крыжовы Шлях, Песні Жальбы, Гадзінкі пра Муку Пана і іншыя. Нашыя традыцыйныя спевы, такія як “Святы Крыжу, наймілейшы…”, а таксама іншыя пабожныя песні, няхай стануцца нашай малітвай, падтрымліваюць нас на шляху навяртання і праслаўлення Пана Бога. Да такога асабістага перажывання таямніцы Укрыжаванага Хрыста заавочвае нас класік літаратуры Адам Міцкевіч, якія напісаў знакамітыя словы: “Таго Крыж Езуса не збавіць, хто ў сваім сэрцы Крыжа не паставіць”.
Вялікі Пост – гэта час асаблівай малітвы і працы над сабою (гл. KKK, 1434, 1438). Гэтую духоўную актыўнасць успамагаюць знешнія посныя практыкі: паўстрыманне ад гулянняў, абмежаванні ў ежы, асабліва – ад мясных страваў. Важна, каб сярод шматлікіх духоўных практык, удзелу ў вялікапосных набажэнствах і знешняй аскезе мы не забыліся пра мэту ўсяго гэтага: паяднанне з Панам Богам (гл. Ёл 2, 12-14; Oс 6,6). Таму на пачатку Вялікага Посту асабліва важна ўсвядоміць сабе інтэнцыю: над чым і як жадаю працаваць у гэты перыяд, якія мэты хачу дасягнуць, каб маё навяртанне было шчырым, дзейсным, прывяло мяне да яшчэ глыбейшага паяднання з Хрыстом і адкрыла на дапамогу бліжнім. Можа нам таксама спадарожнічаць інтэнцыя перапрашэння Бога за нашыя грахі, за занядбанні, за недахоп любові да Яго і да бліжніх. Разглядаем нашае жыццё пра прызму трох сфер актыўнасці: думак, словаў і ўчынкаў. Мы жывем у часы, калі нам неабходна звяртаць увагу таксама на нашую актыўнасць у інтэрнэце, сацыяльных сетках, на карыстанне са смартфонаў і іншых сродкаў камунікацыі. На колькі мы з’яўляемся хрысціянамі заўсёды і ўсюды, а над чым нам неабходна яшчэ папрацаваць, асабліва – у часе Вялікага Посту?
Перажываючы Год Надзеі ў Пінскай дыяцэзіі, прагнем духоўна ўмацоўвацца праз заступніцтва святых і благаслаўлёных нашага мясцовага Касцёла. А таксама чэрпаем са скрабніцы жыццёвага і духоўнага досведу тых, хто жыў і працаваў сярод нас і пакінуў нам прыгожы прыклад хрысціянскага жыцця (гл. KKK, 956-957). Перадусім, гэта вялікі апякун нашай дыяцэзіі – святы Андрэй Баболя, але таксама Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, першы біскуп Пінскі, сведак веры – кардынал Казімір Свёнтэк, а таксама шматлікія іншыя духоўныя, кансэкраваныя і свецкія вернікі, якія далі прыгожае і гераічнае сведчанне нязломнай веры, непахіснай надзеі і гарачай любові да Бога і бліжняга ня гледзячы на нясенне цяжкага крыжа свайго часу.
Перыяд Вялікага Посту – гэта час, калі мы пакліканыя да паглыблення лучнасці з Панам Богам у святых сакрамэнтах. Бог, бясконцы ў сваёй міласэрнасці, дае нам велізарныя магчымасці ачышчэння і асвячэння. Асабліва дапамагае нам у гэтым частае, але годнае карыстанне са святога сакрамэнту пакаяння і паяднання ў споведзі, а таксама – сакрамэнту Эўхарыстыі, калі мы пабожна і актыўна ўдзельнічаем у святой Імшы, з чыстым сэрцам прыступаем да Святой Камуніі. Дбаючы пра асабістае сакрамэнтальнае жыццё, не забывайма ў часе Вялікага Посту пра асобаў, якія занядбалі ў сваім жыцці споведзь, Святую Камунію, жывуць у несакрамэнтальных сужэнствах без касцёльнага шлюбу. Падтрымайма іх на збавенным шляху пошуку паяднання з Богам.
Святы Айцец Францішак так тлумачыць дзеянне таямніцы Божай міласэрнасці ў жыцці чалавека: “Кожны з нас, калі глядзіць на сваё жыццё добрым позіркам Бога, можа, узгадваючы ў памяці, адкрыць, як Пан Бог аказваў нам міласэрнасць, як быў намнога больш міласэрны, чым мы думалі, і тады набярэмся адвагі прасіць Яго, каб дапамог зрабіць яшчэ адзін малы крок, каб Ён аказаў яшчэ большую міласэрнасць у будучыні” (Папа Францішак, гамілія на св. Імшы Хрызма, 24.03.2016 г.). Святы Айцец заахвочвае нас да адважнай адкрытасці на дар Божай любові і прабачэння.
Вялікі Пост – гэта асаблівая магчымасць ажыўлення нашай веры з дапамогай учынкаў міласэрнасці. Святое Пісанне нагадвае нам, што вера без учынкаў мёртвая (гл. Як 2, 14-18). Таму заахвочваю вас, браты і сёстры, не забывайма пра бедных, занядбаных духоўна і матэрыяльна, тых, хто не мае сіл да нясення цяжкага крыжа цярпенняў. Будзьма для іх святлом, дапамогай, шляхам да спаткання з Богам, які ёсць Любоўю і Міласэрнасцю (гл. Мц 25, 31-45). Звяртайма ўвагу таксама на нашыя сем’і, на сваю парафію, на асяроддзе жыцця і працы. Хрыстус напэўна пакажа нам шматлікія магчымасці пацвярджэння сваёй веры канкрэтнымі ўчынкамі хрысціянскай любові да бліжняга. Да гэтага таксама заахвочвае нас Святы Айцец Францішак, у лучнасці з якім мы перажываем благаслаўлёны час Сіноду цяпер ужо на кантынентальным узроўні. Памятаем, што галоўнай тэмай бягучага пашыранага Сіноду Біскупаў з’яўляецца пошук шляхоў да актывізацыі сінадальнасці ў Касцёле, гэта значыць абуджэння духа адказнасці кожнага хрысціяніна за супольнасць Касцёла ( гл. Вадэмэкум Сінода аб сінадальнасці, Рым, 2021 г.).
Будзем жа перажываць гэты Вялікі Пост у духу адкрытасці на дары Божай ласкі і будзем узаемна падтрымліваць адно аднаго на шляху паглыблення веры, надзеі і любові. На гэты вялікапосны час пакаяння і навяртання з сэрца благаслаўляю.
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, Папяльцовая Серада, 22.02.2023 г.
Вялебныя святары няхай абвесцяць гэты Пастырскі Ліст вернікам падчас кожнай св. Імшы ў Першую нядзелю Вялікага Посту 26.02.2023 г., а таксама размесцяць яго на табліцы аб’яваў перад касцёлам на ўвесь вялікапосны перыяд.