Пастырскі ліст Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янка на ўрачыстасць святых Апосталаў Пятра і Паўла

Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі

  Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! 29 чэрвеня Касцёл адзначае ўрачыстасць двух найвялікшых Апосталаў – Пятра і Паўла. Святы Пётр быў выбраны Езусам Хрыстом для служэння першым (прымату) у Касцёле. Ён быў першым Папам. А місійная руплівасць святога Паўла прынесла святло Евангелля і заснаванне супольнасцяў Касцёла ў шматлікіх мясцінах. Таму святога Паўла назвалі “Апосталам народаў”. Абодва гэтыя Апосталы праз сваё мучаніцтва звязаныя з Рымам.

    Святы Пётр (лац. “Petrus”, грэц. “Πέτρος”, арамейск. “Kefas” – камень, скала) быў адным з дванаццаці апосталаў, спачатку меў імя Сымон. Езус даў яму новае імя – Пётр, што значыць “Скала”. Езус бачыў святога Пятра, напоўненага Духам Святым, таму сказаў, што ён будзе скалой, на якой будзе збудавана супольнасць Касцёла. Святы Пётр быў братам апостала Андрэя і сынам Яна (Мц 16, 17). Ён паходзіў з Бэтсаіды і быў рыбаком. Пётр разам з Якубам і Янам удзельнічаў у асаблівых падзеях, такіх, як уваскрашэнне дачкі Яіра, перамяненне Езуса на гары Табор і Яго малітва перад смерцю. Езус выслаў Пятра і іншых апосталаў да людзей, каб абвяшчалі Божае Валадарства, аздараўлялі хворых, уваскрашалі памерлых, ачышчалі пракажоных і выганялі злых духаў.

    Св. Бярнард Сіенскі ў адным са сваіх казанняў напісаў, што менавіта св. Пётр быў выбраны галавой Касцёла, бо ён быў здольным спачуваць тым, хто ўпаў у грэх. У Евангеллі часта паказваецца яго чалавечая прырода і слабасці, напрыклад, што ён не мог вытрываць нават гадзіны ў малітоўным чуванні пры церпячым Хрысце. Але, нягледзячы ні на што, ён няспынна імкнуўся выправіцца. Усё гэта дзякучы дзеянню Духа Святога, які нястомна дадаваў яму моцы.

   Пётр выступіў з ініцыятывай , каб выбраць новага Апостала пасля Юды Іскарыёта, у выніку чаго быў абраны Апостал Мацей. Ён звяртаўся з першымі  прамовамі да людзей пра Уваскрасенне Хрыста і пачаў пашыраць хрысціянскую супольнасць, прымаючы першых навернутых язычнікаў. Ён казаў, што іх таксама Бог надзяляе дарамі Духа Святога.

    Святы Павел у Першым пасланні да карынцянаў кажа пра св. Пятра як пра першага сярод апосталаў, які ўбачыў Уваскрослага Пана. Пётр для яго быў найбольшым аўтарытэтам і першай асобай у Касцёле.

  Паводле апакрыфічных Дзеяў, Пётр праз нейкі час пасля прыбыцця ў Рым, паміж 64 і 67 гадамі, загінуў мучаніцкай смерцю, быў укрыжаваны галавой уніз. Ён палічыў сябе нягодным паміраць такой жа смерцю, як яго Пан. Святы Пётр для Касцёла – гэта гарант адзінства і праўды. Гэтага чакаў ад яго Хрыстус. Дзякуючы яму бачым, як Касцёлу неабходная ласка і Божая міласэрнасць.

   Св. Пётр з’яўляецца нябесным апекуном дыяцэзіі ў Рыме. Таксама ён лічыцца заступнікам такіх гарадоў, як Франкфурт, Жэнева, Гамбург, Познань і Рыга. Яго апецы даручаныя такія прафесіі, як будаўніцтва мастоў, кавальства, мулярства, бляхарства, мараходства, рыбалоўства, гадзіннікавае майстэрства. Вернікі звяртаюцца па яго асаблівую апеку ў час гарачкі, а таксама пры ўкусе змяі.

  Святы Павел перад навяртаннем меў імя Саул. Нарадзіўся ў Тарсе паміж 5 і 10 годам ад нараджэння Хрыста. Ён паходзіў з габрэйскай сям’і, аднак меў рымскае грамадзянства. Належаў да руху фарысеяў. Быў вучнем аднаго з найбольш знакамітых габрэйскіх настаўнікаў – Гамаліэля. Будучы фарысеем, ён быў зацятым ворагам Касцёла. Навярнуўся каля 35 г. па дарозе ў Дамаск, калі быў звалены на зямлю, яму з’явіўся Езус і ён пачуў голас: “Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?” (Дз 9,4). Пасля дзівоснага навяртання Павел тры гады заставаўся ў Дамаску, пазней на кароткі час ён наведаў Ерузалем, дзе сустрэўся з іншымі апосталамі. Ён здзейсніў тры вялікія місійныя падарожжы, у часе якіх наведаў шматлікія язычніцкія гарады ў Малой Азіі і Грэцыі. З некаторых ягоных пасланняў вынікае, што ён пасля навяртання меў містычныя перажыванні.

   Па прычыне апостальскай руплівасці жыццё св. Паўла шмат разоў было ў небяспецы. У 60-ым  годзе ён быў арыштаваны ў Ерузалеме, правёў два гады ў турме ў Цэзарэі, а пасля апеляцыі да Цэзара быў перавезены ў Рым. Там некалькі гадоў ён правёў пад хатнім арыштам. Пасля вызвалення з-за адсутнасці доказаў віны ён хутчэй за ўсё здзейсніў сваё апошняе місійнае падарожжа ў Іспанію і на Крыт. Пасля чарговага арышту ў 67 г. памёр мучаніцкай смерцю. Як рымскага грамадзяніна яго не катавалі, але засеклі мечам. Датай смерці лічыцца 29 чэрвеня. Ужо Канстанцін Вялікі пасля 330 г. на месцы мучаніцтва св. Паўла пабудаваў святыню. Яна знаходзіцца адразу за мурамі старажытнага Рыма, таму і называецца базылікай св. Паўла за мурамі.   

   Касцёл адзначае ўрачыстасць Пятра і Паўла ў адзін дзень, каб падкрэсліць, што абодва Апосталы давалі пачатак хрысціянскім супольнасцям, асабліва ў Рыме. На знак лучнасці біскупаў з Апостальскай Сталіцаў, менавіта ва ўрачыстасць св. Пятра і Паўла, Папа ўручае новапрызначаным мітрапалітам паліі – своеасаблівы стужкавы ўбор з белай воўны, які накладваецца на плечы і грудзі вакол шыі, аздоблены шасцю крыжыкамі. Палій – гэта сімвал пастырскай улады мітрапаліта, якую ён выконвае, трываючы ў супольнасці з Касцёлам у Рыме. З гэтай нагоды сёння будзем памятаць у малітвах таксама пра нашага мітрапаліта арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

    У гэтую ўрачыстасць мы асабліва памятаем пра Пятра нашых часоў – Папу Францішка. Молімся, каб па прыкладу св. Пятра ён бяспечна вёў Касцёл да порту Збаўлення. Выразным знакам лучнасці парафіяльных супольнасцей нашай дыяцэзіі з Папам з’яўляецца іх лучнасць са сваім біскупам – пастырам дыяцэзіі.

    На тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі знаходзяцца чатыры парафіі пад тытулам св. Пятра і Паўла: у Камянцы, Івацэвічах, Лагішыне і Мядзведзічах. У гэты дзень я асабліва лучуся ў малітве з вернікамі і душпастырамі гэтых парафій. Шмат разоў я прысутнічаў сярод вас на гэтай адпустовай урачыстасці ў вашых парафіях, а сёння лучуся з вамі духоўна, давяраючы вас магутнай апецы святых Апосталаў Пятра і Паўла.

     У сённяшнюю ўрачыстасць можна таксама атрымаць адпуст, пабожна карыстаючыся рэлігійнымі прадметамі (крыжам, ружанцам, шкаплерам, медальёнам), якія былі паблагаслаўленыя Папам ці біскупам, і з належнай пабожнасцю прачытаўшы малітву “Веру ў Бога”.

    Узгадваючы вялікую місійную руплівасць Апосталаў Пятра і Паўла, заахвочваю ўсіх вернікаў і душпастыраў дыяцэзіі да нястомнага пошуку шляхоў абвяшчэння Евангелля ў сучасным свеце, у тых месцах і жыццёвых акалічнасцях, у якіх даводзіцца нам жыць. Дзякую ўсім, хто агортвае асаблівым клопатам справу катэхізацыі і рэлігійнага выхавання дзяцей і моладзі. Няхай гэтай справе спрыяюць, наколькі дазваляюць умовы, цэнтры пілігрымак з нашай дыяцэзіі — санктуарыі: Лагішын, Будслаў, Іванава, Навагрудак. Асабліва прашу маліцца аб новых святарскіх пакліканнях. Няхай Касцёл цешыцца новымі апосталамі на ніве Божай.

   У лучнасці са Святым Айцом Францішкам удзяляю ўсім вернікам Пінскай дыяцэзіі маё пастырскае благаслаўленне: у імя + Айца, і Сына, і Духа Святога. 

Антоні Дзям’янка

   Біскуп Пінскі

Пінск, 26.06.2020 г.