Пастырскі Ліст Біскупа Антонія Дзям’янка на Вялікі Пост 2022

“Навяртайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 14-15)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

Уваходзім у чарговы перыяд Вялікага Посту на шляху нашай зямной пілігрымкі. Калі задумваюся над пастырскімі словамі на пачатак гэтага літургічнага перыяду, прыходзяць на думку выказванні, якія вы добра ведаеце, просьбы і запрашэнні, якія звычайна спадарожнічаюць нам на гэтым духоўным шляху. Але, ня гледзячы на тое, што шмат ведаем і разумеем, мы не можам маўчаць. Прыгадваем словы святога апостала Паўла, які навучае: “Навучай у спрыяльны і неспрыяльны час” (2 Цім 4, 2). Тым самы ён заклікае нас не спыняцца ў будавнні таго, што з’яўляецца асновай нашага жыцця: умацаванне веры, надзеі і любові. Вялікі Пост вучыць нас не столькі адкрываць новае, сколькі актуалізоўваць тое, што пастаяннае, нязменнае і асноўнае для нашага жыцця і здароўя.

Змяняюцца часы, кантэксты, людзі, іх праблемы. Але застаецца Езус Хрыстус – адзіны Адкупіцель свету, “той самы ўчора, сёння і навекі” (гл. Габр 13, 8). І менавіта слова “Адкупіцель” паказвае нам правільны кірунак перажывання Вялікага Посту, Вялікага Тыдня і Пасхі. Менавіта гэты літургічны перыяд асаблівым чынам распавядае нам пра любоў Бога да нас. Любоў адкуплення. Любой, якая ўсё вытрывае, не стамляецца ў надзеі, апіраецца на непахісны давер да ўсемагутнасці і любові Пана Бога. Гэты час – сапраўдная школа веры і любові. Ён упісаны ў няўпэўненасць усяго таго, што мы цяпер перажываем. Для кожнага з нас гэты час можа стаць сапраўды благаслаўлёным. На фоне свету пагружанага ў неспакоі, канфлікты і спажывецкасць, мы вучымся ў гэты велікапосны перыяд умоцоўваць дух вырачэння і ачышчэння для таго, каб больш быць, чым мець. Гэты свет сканцэнтраваны на сабе, засяроджаны на сваіх эгаістычных патрэбах, таму ён нешчаслівы. Выйсці з пагружэння ў крызісы можна толькі шляхам вернага трывання пры Пану Богу, мацавання духа і адкрытасці на дапамогу патрабуючым. Так мы выканаем запаведзь любові. Яна ёсць і павінна быць асноўным прынцыпам жыцця.

         Дарагія браты і сёстры! У гэтым годзе наша дыяцэзія распачала трохгадовую падрыхтоўку да юбілею сотай гадавіны яе паўстання. На працягу трох гадоў будзем спасцігаць тры тэалагічныя цноты: веру, надзею і любоў. Так у гэтым годзе тэмай нашых душпастырскіх разважанняў з’яўляецца вера. Таксама ў гэтым годзе прыпадае 320-ая гадавіна аб’яўлення св. Андрэя Баболі ў Пінску, што стала пачаткам культу гэтага мучаніка і нябеснага заступніка нашага краю. Біёграфы яго жыцця сцвярджаюць, што пасля мучаніцкай, гераічнай смерці, ён аб’явіўся ў візіі шматлікім асобам, між іншым, 16 красавіка 1702 г. – кс. Марціну Гадэбскаму SJ, рэктару Езуіцкага калегіума ў Пінску. Пазней ён таксама з’яўвіўся закрыстыяніну, падказваючы, дзе шукаць яго хвалебнае цела, пахванае ў крыпце езуіцкага касцёла ў Пінску. Менавіта св. Андрэй Баболя абвяшчаў Евангелле на прасторах нашай дыяцэзіі і здабываў людзей для Хрыста ў каталіцкай веры. Няхай гэты святы заступнік нашай дыяцэзіі апякуецца намі ў гэты Год веры.

         Найлепшай дапамогай у здзяйсненні першага кроку на шляху падрыхтоўкі да юбілею Пінскай дыяцэзіі можа стаць для нас больш актыўнае выкарыстанне скарбніцы дакументаў Касцёла. У апостальскім пасланні “Porta fidei” з 11 кастрычніка 2011 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI абвясціў у Касцёле Год веры. У гэтым лісце ён напісаў, як найлепей перажываць гэты час ласкі. Ідучы за думкаю Папы, прапаную звярнуць увагу ў нашых парафіях на наступныя пабожныя практыкі:

  1. У межах падрыхтоўкі да юбілею заахвочваю да чытання і ўважлівага разважання  апостальскага паслання “Porta fidei”  Бэнэдыкта XVI.
  2. Год Веры няхай будзе добрай нагодай, каб з большым удзелам цэлебраваць веру ў літургіі, а асабліва ў Эўхарыстыі. У літургіі св. Імшы, якая з’яўляецца таямніцай веры і крыніцай евангелізацыі, вера Касцёла абвяшчаецца, цэлебруецца і ўмацоўваецца. Заахвочваю ўсіх вернікаў браць у ёй актыўны і часты ўдзел, свядома і плённа, каб яшчэ больш станавіцца сапраўднымі сведкамі Пана Бога.
  3. Святары няхай больш увагі прысвяцяць вывучэнню дакументаў ІІ Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, каб карыстацца іх багаццем у парафіяльным душпастырстве – катэхезах, прапаведванні, падрыхтоўцы да сакрамэнтаў, рыхтуючы цыклы гамілій на тэму веры ці нейкіх спецыфічных аспектаў, якія б выяснялі вернікам асноўны змест “Credo”.
  4. Катэхеты няхай больш плённа чэрпаюць з дактрынальнага багацця Катэхізіса Каталіцкага Касцёла ў навучанні вернікаў, а асабліва моладзі.
  5. Будзе дарэчным арганізаваць парафіяльныя місіі і рэалізаваць іншыя ініцыятывы, каб дапамагчы вернікам адкрываць дар, якім ёсць вера, выплываючая з сакрамэнту хросту, і адказнасць за сведчанне аб ёй са свядомасцю, што хрысціянскае пакліканне “па сваёй прыродзе з’яўляецца пакліканнем да апостальства”.
  6. Усе вернікі, пакліканыя да аднаўлення дару веры, няхай пастараюцца дзяліцца ўласным сведчаннем веры і любові ў дыялогу са сваімі братамі і сёстрамі, а таксама з прадстаўнікамі іншых веравызнанняў, з вызнаўцамі іншых рэлігій, а таксама з тымі, хто не верыць або абыякавы. Заахвочваю, каб такім чынам усе хрысціяне распачалі своеасаблівую місію адносна асобаў, сярод якіх жывуць і працуюць, усведамляючы, што прынялі пасланне збаўлення, каб яго перадаваць усім.

Вера – гэта спадарожніца жыцця, якая дазваляе нам адкрываць усё новыя цуды, якія Бог здзяйсняе для нас. Вера, якая стараецца распазнаваць знакі часу ў сучаснасці, абавязвае кожнага з нас станавіцца жывымі знакамі прысутнасці Уваскрослага ў свеце. Вера – гэта акт асобы і адначасова супольнасці: дар Бога, які перажываецца ў вялікай грамадзе Касцёла і які павінен быць пераказаны свету. Кожная ініцыятыва, якая прадпрымаецца ў межах падрыхтоўкі да юбілею дыяцэзіі, няхай падтрымлівае радаснае адкрыванне і аднаўленне сведчання веры.

             У Папяльцовую Сераду 2 сакавіка мы распачалі перыяд Вялікага Посту – час малітвы і добрых учынкаў, час асаблівага навяртання, паяднання і чынення дабра. У гэты перыяд мы ўсведамляем, што ўсе патрабуюць навяртання, бо ўсе грэшныя. Святы Ацец Францішак у пасланні на сёлетні Вялікі Пост звяртае ўвагу, што гэты літургічны перыяд з’яўляецца часам спрыяючым нашаму асабістаму і супольнаму аднаўленню, прыводзячаму нас да Пасхі Хрыста, які за нас памёр і Уваскрос. Папа запрашае нас да навяртання і змены мыслення, каб станавіцца супрацоўнікамі Бога ў пасеве дабра і дзяленні ім з іншымі.

         Ідучы за думкаю Святога Айца, запрашаю вас у перыяд Вялікага Посту да працы над сабою ў духу аскезы, прысвячэння большага часу на малітву –індывідуальную і сумесную. Заахвочваю да ўдзелу ў набажэнствах Крыжовага Шляху і Песняў Жальбы, парафіяльных рэкалекцыях, прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання, уключыцца ў дапамогу бліжнім. У гэты час маем шмат магччымасцей, каб рабіць дабро іншым і такім чынам узрастаць у асвячальнай ласцы. Будзем карыстацца гэтымі пабожнымі практыкамі Касцёла.

         На плённае перажыванне перыяду Вялікага Посту і часу падрыхтўкі да юбілею дыяцэзіі з сэрца благаслаўляю,

+ Антоні Дзям’янка

      Біскуп Пінскі

Папяльцовая Серада

Пінск, 02.03.2022 г.

Шаноўныя святары няхай абвесцяць гэты ліст вернікам падчас кожнай св. Імшы ў Першую нядзелю Вялікага Посту 06.03.2022 г. і размесцяць яго на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь перыяд Вялікага Посту.