24 верасня ў Баранавіцкім катэхетычным каледжы імя Зыгмунта Лазінскага адбылася ўрачыстая інаўгурацыя новага навульнага года 2022/2023. Святую Імшу ў капліцы каледжа з гэтай нагоды ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з усёй супольнасцю студэнтаў, выкладчыкаў і кіраўніцтва духоўнай установы, якая налічвае больш васьмі дзясяткаў асобаў, іерарх узнёс да Бога малітву падзякі за дар гэтай “школы веры”, а таксама маліўся аб шчодрых Божых ласках і плёнах новага навучальнага года. Біскуп Антоні заклікаў усіх сабраных да ўдзячнасці Пану Богу за тое, што Ён дае магчымасць на высокім акадэмічным узроўні здабываць тэалагічныя веды, станавіцца прафесійнымі катэхетамі і духоўна адукаванымі вернікамі.
Інаўгурацыйную “першую” лекцыю ў новым навучальным годзе для супольнасці Катэхетычнага каледжа прачытаў ксёндз доктар Антоні Анціпенка, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, віцэ-дэкан Брэсцкага дэканата. Выклад быў прысвечаны тэме ажыццяўлення літургічных рэформаў і нормаў Другога Ватыканскага Сабора, а таксама паслясаборных прадпісанняў, у практычных рэаліях нашага мясцовага Касцёла. Пасля заканчэння лекцыі, супольнасць каледжа павіншавала ксяндза Антонія Анціпенка з нядаўняй паспяховай абаронай доктарскай дысертацыі па тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.
Інаўгурацыйная ўрачыстасць у Катэхетычным каледжы ў Барнавічах стала момантам падвядзення вынікаў мінулага акадэмічнага года і ўручэння дыпломаў васьмі сёлетнім выпускнікам. Акрамя таго, прадстаўнік Вучонага Савета па справах Катэхетычнага каледжа – ксёндз Андрэй Рылка – абвясціў дэкрэт біскупа аб прызначэнні новага дырэктара каледжа. Ім стаў брат магістр Карнэлій Консек з Кангрэгацыі Божага Слова. Уручаючы дэкрэт новаму дырэктару, Біскуп Пінскі звярнуўся са словамі падзякі да ксяндза Паўла Рудзьмана, які дагэтуль кіраваў установай. Таксама дэкрэт біскупа з прызначэннем на пасаду сакратара каледжа і кіраўніка навучальнага працэса атрымала спадарыня магістр Святлана Квяткоўская. Духоўным айцом студэнтаў каледжа прызначаны ксёндз магістр Аляксандр Вітко, пробашч парафіі Святога Юзафа ў Гарадзеі.
Не менш хвалюючым момантам для супольнасці было атрыманне з рук Біскупа Антонія Дзям’янка сёлетнімі дванаццаццю першакурснікамі каледжа студэнцкіх білетаў і заліковых кніжак. Тым самым яны афіцыйна ўвайшлі ў акадэмічную сям’ю гэтай духоўнай установы. На заканчэнне ўрачыстасці Біскуп Пінскі паблагаславіў усіх сабраных.
Кс. А. Рылка