У Іванаве адбыўся фэст у гонар святога Андрэя Баболі
15 мая, у вігілію ўрачыстасці святога Андрэя Баболі, галоўнага Апекуна Пінскай дыяцэзіі, вернікі са шматлікіх куткоў Палесся сабраліся ў г. Іванава (Янаў Палескі) ў санктуарыі гэтага святога мучаніка на традыцыйны фэст.

Святкаванне распачалося з Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой усе сабраныя ўзнеслі свае малітвы да Бога ў адмысловай літаніі праз заступніцтва святога Андрэя Баболі. Таксама была прачытана літанія да святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, якому асаблівым чынам прысвяціў гэты год Папа Францішак.
Святую Імшу з нагоды ўрачыстасці ўзначаліў Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім літургію цэлебравалі святары Пінскай дыяцэзіі, а таксама святары ўсходняга абраду на чале з айцом архімандрытам Сяргеем Гаекам.

На пачатку св. Імшы біскуп Антоні нагадаў сабраным святарам, кансэкраваным асобам і ўсім вернікам, якія прыбылі з розных парафій дыяцэзіі, пра важнасць постаці св. Андрэя Баболі як нябеснага заступніка Палесся. Таксама біскуп звярнуўся са словамі віншаванняў да ксяндза Паўла Кручэка, кусташа санктуарыя і пробашча парафіі ў Іванаве. Сёлета ксёндз Павел адзначае юбілей 25-годдзя святарскага служэння. Іерарх падзякаваў гэтаму святару за яго руплівае і плённае служэнне, большую частку якога ён прысвяціў клопату пра Касцёл на Беларусі.
Гамілію прамовіў кс. Андрэй Рылка, канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі. Ён звярнуў вагу сабраных на пачаткі культу святога Андрэя Баболі, што было звязана з цудам яго заступніцтва і ўратавання палескага краю ад эпідэміі чумы на пачатку ХІІІ ст. Таксама святар зазначыў, што і ў ХХІ ст. прыклад руплівасці святога мучаніка ў справе евангелізацыі і катэхізацыі не губляе сваёй актуальнасці.


Пасля заканчэння літургіі ўсе сабраныя мелі магчымасць у цішыні асабістай малітвы ўшанаваць рэліквіі святога мучаніка, часцінка якіх захоўваецца ў іванаўскім санктуарыі, і падзякаваць Міласэрнаму Богу за Яго ласкавасць і апеку.

Фота: Вольга Взёнтэк