Цудадзейны абраз Маці Божай у Брэсце

Posted on by

У санктуарыі Маці Божай у Брэсце ушаноўваецца славуты цудамі абраз Маці Божай Берасцейскай — Маці-Выратавальніцы, які з’яўляецца копіяй абраза Маці Божай з рымскай базылікі Santa Maria Maggiore. Галоўная ўрачыстасць святкуецца ў апошнюю нядзелю чэрвеня.

Даведка

  • Тытул санктуарыя: Узвышэнне Святога Крыжа
  • Адпусты: апошняя нядзеля чэрвеня
  • Адрас: 224005, г. Брэст, вул. Пушкінская, 1-1
  • Тэл.: +375 0162 46-25-61+375 0162 26-43-30


З гісторыі абраза

Ці не той гэта абраз, што ў пачатку ХVІІ ст. быў каштоўным скарбам вядомага беларускага роду Пацееў-Тышкевічаў? Праўдападобна, прывёз яго з Рыму біскуп Адам Іпацій-Пацей, які быў у складзе беларускай дэлегацыі для заключэння Уніі. Папа Клеменс VІІІ, які 23 студзеня 1595 г. прыня ўПраваслаўе ва ўлонне Каталіцкага Касцёла, падараваў абраз Маці Божай. Біскуп, вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, змясціў святыню ў дамініканскім касцёле ў мястэчку Шараўка на Падоллі. Падчас набегу татараў абраз быў вывезены, але слаўны ваявода Мікола Патоцкі разбіў бязбожнікаў, вярнуў абраз і змясціў яго ў адмыслова збудаванай радавой капліцы ў Берасці. Бурлівыя падзеі не абміналі таксама і абраза ў час маскоўскага наезду ў 1660 г., у 1851 г., калі гарэў дамініканскі касцёл і значна пазней, калі ўжо камуністычныя ўлады ўстанавілі новы парадак.

Час не песціў берасцейскіх святыняў. Яны былі знішчаны ў 1831 г., калі царскія ўлады зруйнавалі стары горад, а на яго месцы ўзвялі сваю крэпасць.

Сучасны сабор паходзіць з канца мінулага стагоддзя. У сярэдзіне нашага стагоддзя ён быў ператвораны ў музей. А ў 1948-1952 гг. была зроблена яго грунтоўная перабудова. Такім ён захаваўся да нашага часу: вежы разабраныя, скляпенні і фрэскі знішчаныя, унутры ўмайстраваныя паверхі. Усё літургічнае начынне і касцёльнае аздабленне было спалена. Нельга толькі чалавечым розумам спасцігнуць, як з 37 абразоў толькі адзін захаваўся да нашых дзён. Напэўна, Пану патрэбна было, каб напрыканцы ХХ стагоддзя людзі прызналі богаабранасць святой выявы і ўкаранавалі яе.


Цуды

Згадкі пра цуды, здзейсненыя праз заступніцтва Маці Божай Берасцейскай сягаюць у глыбіню стагоддзяў. Жонка гетмана Міколы Патоцкага была лютаранкай. (Звыклая рэч у талерантным вялікім Княстве Літоўскім). Калі яна даведалася пра цяжкую хваробу свайго абраніка, то штодня перад абразом прасіла аб выздараўленні мужа. Калі просьба яе была пачута, яна прыняла каталіцкую веру. Вестка хутка разышлася па ўсёй Рэчы Паспалітай і з тых часоў да Слаўнай Заступніцы з усёй краіны пачалі прыходзіць тысячы пілігрымаў.

Праз усе войны і рэвалюцыі Маці Божая не пакідала сваіх дзяцей. У час Другой сусветнай вайны абраз не толькі не быў знішчаны, але і ўвесь горад, нягледзячы на шматлікія пераходы з рук у рукі, мала пацярпеў. У жудасныя часы бальшавіцкіх рэпрэсій, Бог натхніў нейкага Андрэя Чарняка, які, рызыкуючы ўласным жыццём, схаваў абраз і толькі ў 1968 г. брэсцкія каталікі рашыліся адкрыта выставіць яго ў адзіным на той час месцы малітвы — у капліцы на ўскрайку горада.


Каранацыя

Для каранацыйных урачыстасцяў быў абраны дзень 30 чэрвеня 1996 г. Сведкамі гэтай падзеі сталі тысячы вернікаў з Беларусі і суседняй Польшчы. У святочных урачыстасцях удзельнічалі кардынал Казімір Свёнтэк і нунцый Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы зачытаў спецыяльнае брэве Папы. «…Згодна з пастановай Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, якія лічым правамоцнымі, Нашай Уладай апостальскай прасіцеля Казіміра кардынала Свёнтка ўпаўнаважваем, каб на гэты абраз ад нашага імя і з нашым ушанаваннем каштоўную ўсклаў карону згодна з прадпісаным абрадам літургічным. Маем вялікую веру, што ўсе, хто будзе той абраз ушаноўваць, умацуюцца яшчэ больш у набажэнстве да Маці Божай.Каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Берасцейскай Няма ў гэтых адносінах ніякіх перашкодаў», — гаворыцца ў брэве, якое было абвешчана на трох мовах — на лаціне, па-беларуску і па-польску. Супольна два іерархі ўсклалі на абраз дзве кароны. Адну — над Немаўляткам Езусам, другую — над Багародзіцай.

Выкарыстаны матэрыялы з артыкула
Эдварда Тарлецкага
Каранацыя цудадзейнага абраза Маці Божай Берасцейскай // Наша вера. 1996 № 1(2).