Да вернікаў Пінскай дыяцэзіі
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!
У Актаве Божага Нараджэння, у суботу 28 снежня а 11.00 гадзіне нас чакае радасная ўрачыстасць пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў мікрараёне Рэчыца ў горадзе Брэсце (вул. Сонечная, 82В).
Гэтая парафія мае багатую гісторыю. На пачатку 20 ст. у гэтай частцы горада быў пабудаваны прыгожы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Аднак, у сувязі з ліхалеццямі вайны і часоў атэізма святыня была страчана, выкарыстоўвалася для іншых свецкіх мэтаў. Пасля адраджэння дзейнасці парафіі на мяжы 20-21 ст., дзякуючы старанням вернікаў і мясцовых душпастыраў, гарадскія ўлады выдзелілі католікам месца для пабудовы парафіяльнай святыні ў новым месцы таго ж мікрараёна.
Сёння мы цешымся і дзякуем Міласрэнаму Богу за адраджэнне парафіі і паспяховае завяршэнне будаўніцтва новага парафіяльнага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Католікі Брэста, пражываючыя ў мікрараёне Рэчыца і прылеглых частках горада, зноў маюць годнае месца для супольнай малітвы і яднання з Богам у святых сакрамэнтах.
Запрашаю біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў, свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі на радасную ўрачыстасць пасвячэння новага парафіяльнага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Няхай гэты супольны малітоўны акт аддання святыні ў выключнае служэнне Божаму культу 28 снежня а 11.00 гадзіне стане асаблівым часам каляднай сустрэчы для католікаў Брэсцкага рэгіёна.
Перажываючы час падрыхтоўкі да Святога 2025 года ў Паўсюдным Касцёле і адзначаючы стагоддзе заснавання Пінскай дыяцэзіі, няхай кожны вернік нашай дыяцэзіі ўключыцца ў радасную ўрачыстасць пасвячэння касцёла Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце або сваёй прысутнасцю, або духоўнай малітоўнай падтрымкай.
З пастырскім благаслаўленнем,
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Пінск, 10 снежня 2024 г.