Біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка
Антоні Дзям’янка нарадзіўся 1 студзеня 1960 г. у в. Заброддзе ў парафіі Дзераўная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Пасля заканчэння сярэдняй школы не атрымаў дазволу ад дзяржаўных уладаў на паступленне ў Рыжскую духоўную семінарыю. Святарскую фармацыю праходзіў пад кіраўніцтвам доктара тэалагічных навук, кс. прэлата Вацлава Пянткоўскага, тагачаснага Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі.
28 кастрычніка 1980 г. атрымаў сакрамэнт святарства.
Да 26 красавіка 1985 г. не меў афіцыйнага дазволу ад дзяржаўных уладаў на святарскае служэнне і працаваў закрыстыянінам і арганістам.
У 1982–1984 г. быў прызваны на вайсковую службу, якую праходзіў у Запаляр’і Мурманскай вобласці.
З 1984 г. па 1998 г. — пробашч парафіі ў Навагрудку.
З 1992 г. вучыўся ў Інстытуце сям’і Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве, якую закончыў у 1996 г., атрымаўшы тытул магістра тэалогіі.
4 ліпеня 1998 г. дэкрэтам Святога Айца Яна Паўла ІІ быў прызначаны дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.
Кансэкрацыя адбылася 29 верасня 1998 г., якую здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк.
З 1998 г. па 2004 г. з’яўляўся Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, пробашчам катэдральнай парафіі і рэктарам Духоўнай семінарыіі ў Гродне.
Выбраны Генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Старшынёй Рад па справах Літургіі, Сям’і і Дабрачыннай дзейнасці.
14 снежня 2004 г. папам Янам Паўлам II прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і вызвалены ад выканання абавязкаў дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.
14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў Яго Эксцэленцыю Антонія Дзям’янку Апостальскім Адміністратарам sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
21 верасня 2007 г. — вызвалены ад выканання абавязкаў Апостальскага Адміністратара sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Прызначаны дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. З’яўляецца Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
3 мая 2012 г. у Пінску было абвешчана рашэнне Святога Айца Бэнэдыкта XVI аб прызначэнні біскупам Пінскай дыяцэзіі і вызваленні ад выканання абавязкаў дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
16 чэрвеня ўступіў у пасаду дыяцэзіяльнага біскупа Пінскай дыяцэзіі.
Дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец
Біскуп Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 г. у в. Стараволя Пружанскага раёна. Бліжэйшы касцёл, які дзейнічаў, быў у Кобрыне. І, напэўна, яшчэ тады, калі бацька вазіў яго на ровары за дзесяткі кіламетраў у гэты касцёл, нарадзілася яго глыбокая вера.
Нягледзячы на атэістычнае процістаянне, гэтая вера развівалася, дапамагала выстаяць падчас службы ў войску, дапамагла і падчас цяжкай працы на будоўлі ў Вільні. У Вільні ён і пазнаёміўся з айцамі-дамініканамі, з якімі пазней звязаў свой святарскі лёс.
Але, відаць, аднаго паклікання было недастаткова. Бог выпрабоўваў яго намер яшчэ некалькі гадоў. Тры гады ўлады не давалі дазволу на паступленне ў Рыжскую семінарыю, але будучы біскуп не марнаваў часу: разам з цяперашнім біскупам Антоніем Дзям’янкам нелегальна вучыўся ў доктара тэалогіі ксяндза В. Пянткоўскага (парафія Мядзведзічы).
У 1981 г. Казімір Велікаселец быў прыняты ў Рыжскую семінарыю. Падчас вучобы ў семінарыі склаў першыя законныя шлюбы ў манаскі ордэн айцоў-дамініканаў. Пасля заканчэння Рыжскай семінарыі (1984 г.) ва ўрачыстасць Святой Тройцы атрымаў сакрамэнт святарства з рук кардынала Ю. Вайвадса і прызначэнне ў сваю першую парафію Святой Тройцы ў Ішкалдзі. Пад духоўнай апекай а. Казіміра былі таксама Юшкавічы, Гарадзішча, Сталавічы, Паланечка, Новы Свержань, Гарадзея, Карэлічы, Мір, Ганцавічы, бо ў той час святароў катастрафічна не хапала і кожны з іх абслугоўваў многія адлеглыя парафіі. Акрамя душпастырскага служэння а. Казімір займаўся адбудоваю і рамонтам святыняў.
У 1992 г. ён быў прызначаны Генеральным вікарыем для Пінскай дыяцэзіі, адначасова выконваў абавязкі дэкана Баранавіцкага дэканата і пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах.
24 чэрвеня 1999 г. у пінскай катэдры адбылася ўрачыстая кансэкрацыя Яго Эксцэленцыі біскупа Казіміра Велікасельца, здзейсніў якую кардынал Казімір Свёнтэк.