Сям’я і Касцёл

Даклад біскупа Антонія Дзям’янкі

падчас ІІІ кангрэса сем’яў

(Баранавічы, 2.06.2018 г. 9.00)

Касцёл падтрымлівае сужанства і сям’ю. І гэта відавочна, ясна, так павінна быць. Мы можам сустрэцца з сцвярджэннямі, што сям’я – гэта добра, мы падтрымліваем сям’ю і г.д.

Якія адносіны Касцёла да сям’і? У сваім выступленні я хачу адказаць на гэтае пытанне. Але найперш паглядзім на сучасную сям’ю вачыма Касцёла. Паразважаем, як выглядае аўтарытэт сям’і ў сучаснай еўрапейскай сям’і. З упэўненасцю трэба сказаць, што сям’я надалей застаецца тым найдасканалейшым спосабам, праз які чалавек рэалізоўваецца ў сваім жыцці.

Так адбываецца паміма таго, што прадпрымаюцца спробы замены яе рознымі іншымі партнёрскімі саюзамі. Больш таго, такім саюзам прапануюцца тыя ж самыя правы што і сям’і. Канец 20 і пачатак 21 стагоддзя – гэта час асаблівага націску на такія тэндэнцыі. Тэндэнцыя, скіраваная на аслабленне аўтарытэту сям’і, бярэ свой пачатак ад запярэчання, перакрэслівання традыцыйнага падзелу роду.

Вось вуснае сведчанне кард. Тарана, які ў 90-я гады мінулага стагоддзя быў дэлегатам ад Апостальскага Пасаду на адну з канферэнцый Аб’яднаных Нацый, прысвечанай тэме сям’і. Пасля вяртання ён распавядаў, што адзін дзень канферэнцыі быў прысвечаны выключна пытанню – колькі ёсць гендэрных тыпаў. На заканчэнне дыскусій удзельнікі мерапрыемства падсумавалі, што іх ёсць пяць. Вядома, хто такія тэорыі прапануе і адкуль яны бяруць пачатак.

Аднак неабходна разважанне прадоўжыць, паставіўшы канкрэтнае пытанне: як такая пастанова адносіцца да Біблійнага пастулату, угрунтаванага на праўдзе, што Бог “мужчынам і жанчынай сатварыў іх”? (пар. Быц 1, 27). Заканадаўчая база некаторых краін прадугледжвае сёння магчымасць стварэння саюзаў паміж асобамі, якія карысталіся б правамі традыцыйнай сям’і. За такі падыход у разуменні сям’і ў краінах Заходняй Еўропы выступаюць заканадаўчыя ініцыятывы, якія, напрыклад, маюць на мэце легалізацыю аднаполых партнёрскіх саюзаў і надання ім шырокіх магчымасцей у справе ўсынаўлення дзяцей.

Але таксама належыць заўважыць, што перад абліччам такіх тэндэнцый і выклікаў, з’явіліся акцыі і ініцыятывы, якія бароняць сям’ю ў традыцыйным значэнні гэтага слова. Так, напрыклад, у Францыі падчас парламенцкага абмеркавання закона, які яўна супярэчыў прынцыам хрысціянскай маралі, на вуліцы Парыжа і іншых гарадоў выйшлі міліёны пратэстуючых, якія былі шчыра заклапочаныя, каб мадэль сям’і захавалася традыцыйнай, а гэта значыць, каб традыцыйнымі засталася культура і цывілізацыя.

Цяжка было б сцверджаць, што тыя міліёны на вуліцах секулярнай Францыі з’яўляюцца католікамі, ці хрысціянамі іншых канфесій. Можна сцвярджаць, што перадусім гэта былі людзі, якімі кіравала зацікаўленасць у тым, каб мадэль сям’і засталася хрысціянскай. Менавіта ў гэтым былі зацікаўленыя групы пратэстуючых людзей, якія прымаюць і захоўваюць натуральнае права. Існаванне інстытуту традыцыйнай сям’і залежыць ад падтрымкі законаў, мэтай якіх з’яўляецца яе цэласнае захаванне.

Аналізуючы такія падзеі, з аднаго боку балесныя, а з другога абуджаючыя надзею, можна параўнаць сітуацыю да евангельскай сцэны. Там у сітуацыі адыходу слухачоў Хрыстус звярнуўся да Апосталаў з пытаннем: “Ці і вы не хочаце адысці”? (Ян 6, 67) І памятаем адказ князя Апосталаў: “Пане куды мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця” (Ян 6, 68). І многія людзі сёння пасля балесных досведаў прыходзяць да падобных высноваў. Сям’я хоць і перажывае крызіс, аднак застаецца нязаменнай формай рэалізацыі чалавека, яго магчымасцей.    

Якое бачанне сям’і прапануе нам Касцёл? У фундаменце сям’і знаходзіцца біблійная ісціна, аб якой была гаворка: “Стварыў іх як мужчыну і жанчыну”. Гэты біблійны радок паслужыў Святому Яну Паўлу ІІ у якасці назвы і падставы для разважанняў аб сям’і, якія ён чытаў на аўдыенцыях у кожную сераду на працягу некалькіх гадоў. Па сённяшні дзень Касцёл чэрпае з тэкстаў вялікага Папы натхненне для навучання аб сям’і. Гэты біблійны сказ з’яўляецца таксама зыходным момантам для разважанняў аб сям’і у Катэхізісе Каталіцкага Касцёла (пар. ККК, 1601 – 1605). Сям’я застаецца інстытутам, які бярэ пачатак ад саюзу мужчыны і жанчыны.

Пры гэтым годнасць і пазіцыя сужанства асаблівыя, таму што яно ўзвышана да рангу сакрамэнту. Сужанскі саюз застаецца саюзам неразрыўным, непарушным. І таму сужанства – адно на ўсё жыццё. Канец сужанства наступае у выпадку смерці сужонка. Таму важна зразумець розніцу паміж неразрыўнасцю сужанства і сцверджаннем няважнасці заключанага саюза. Сужанства – адно на ўсё жыццё. Канцом сужанства з’яўляеццца смерць сужанца. Таму важна ўлічваць розніцу паміж несапраўднасцю сужанства і сцверджаннем яго несапраўднасці (пар. ККК, 1628 – 1629). Часта яна не заўважаецца. Касцёл не можа сужанства зрабіць несапраўдным. Працэс разводу ў Касцеле не існуе. Ёсць перашкоды, якія могуць так уздзейнічаць, што сужанскі саюз не заіснуе. Можа быць так, што сужанства ад пачатку было заключана несапраўдна. Працэс, які сцвярджае такі стан рэчаў, называецца сцвярджэннем несапраўднасці. Таму тут важныя дзве фундаментальныя справы, якія адносяцца да сужанства, і таму таксама да сям’і. Гэта сувязь мужчыны і жанчыны, угрунтаваная на прынцыпах адзінства і неразрыўнасці.

Хрысціянскае сужанства накіравана на плоднасць. Сужанская любоў рэалізуецца ў поўні праз дар перадачы жыцця. Таму сакрамант сужанства становіцца фундаментам існавання інстытуту сям’і, якая такім чынам уключаецца ў рэалізацыю Божага плану, змешчанага ў загадзе: “Будзьце плоднымі, размнажайцеся і напаўняйце зямлю” пар. Быц 1, 28).      

Пасля такіх кароткіх разважанняў, якія прыгадваюць нам чым з’яўляецца сям’я і для чаго яна патрэбна паставім пытанне: чым з’яўляецца сям’я для Касцёла? Узгадаем тэзы, агучаныя мною ў пачатку выступлення: мы за сям’ю і сям’я – гэта добра. Такая пастаноўка пытання наводзіць на думку, што Касцёл і сям’я – гэта рэчаіснасці, якія існуюць побач, паралельна. Касцёл пазітыўна адносіцца да сям’і. Але чым з’яўляецца Касцёл? Класічны адказ – гэта супольнасць Божага Народа ў пілігрымцы да Вечнага Збаўлення. І таму, згодна з такім акрэсленнем, сям’я – гэта частка Касцёла. Таксама як і ў свецкім словаўжыванні, Касцёл стасуе да сям’і выраз “асноўная ячэйка грамадства”.

Найбольш трапна ўхапіў сутнасць сям’і благаславёны Папа Павел VI, называючы я “хатнім касцёлам”. За думкай Папы пайшлі іншыя тэолагі і каталіцкія дзеячы. Таму і ў каталіцкай эклезіялогіі пасля ІІ Ватыканскага Сабору (1962 – 1965 гг.) да Касцёла часта пачалі дастасоўваць выраз “супольнасць супояльнасцей” альбо “сям’я сем’яў”. Падсумоўваючы, трэба адзначыць, што сям’я не існуе побач з Касцёлам, але ёсць у Касцеле і складае яго арганічную і неад’емную частку.

Распачынаючы даклад я прадставіў вонкавыя пагрозы для сям’і. Але ёсць таксама пагрозы ўнутраныя. Яны ствараюць праблемы сучасным сем’ям. Гэтыя праблемы для нас вельмі важныя таму, што часта мы іх не заўважаем, альбо не ўспрымаем сур’ёзна.

Першая праблема – гэта крызіс паняцця любові. Найчасцей ужываным літургічным тэкстам падчас шлюбу з’яўляецца Песня аб любові з 13-га раздзела першага паслання св. Апостала Паўла да Карынцянаў (пар. 1 Кар 13, 1 – 13). Там мы знаходзім найбольш поўнае і найпрыгажэйшае акрэсленне любові. Любоў з’яўляецца абменам дароў дваіх сужонкаў. Найбольш поўна перадае гэта тэкст сужанскай прысягі на чэшскай мове: “Я N аддаюся Табе … і прымаю Цябе … як сужонка”. Менавіта гэта адлюстроўвае дынаміку любові. Любоў гэта адаваць і прыймаць. Тут няма месца на эгаізм. У нашы часы многія сужэнствы заключаюцца без папярэдняй падрыхтоўкі, экзамену і выпрабаванняў, падчас якой правяраюцца здольнасці вось такога абмену. Вельмі часта гэта спатканне пры алтары двух людзей, якія любяць выключна адзін аднаго і ў будучым сужанстве яны бачаць толькі сваё шчасце. Пазней выяўляецца, што тым сужанцам былі незразумелымі і чужымі паняцці, аб якіх гаварыў Св. Павел: зразуменне, прабачэнне, шуканне кампрамісаў. Думаю, што ёсць крызіс паняцця любові, тэрміну, які найчасцей бывае ўжываны ў штодзённым жыцці, а адначасова найбольш незразумелы. Больш таго ён зняважаны, абеслаўлены, абесцэнены і з’яўляецца найбольшай пагрозай, якая выплывае знутры інстытуту сям’і сёння.

Наступнай праблемай, якая лучыцца з папярэдняй, гэта праблема прыняцця патомства. Як я вышэй узгадаў, гэта адна з мэтаў, існавання сужанства, заданняў для сям’і. Але з гэтым аднак звязана праблема запрашэння Бога на кожны дзень у сям’ю, і найперш паверыць што, гэта Ён - даўца і ўласнік жыцця. Пры такім парадку рэчаў бацькі не з’яўляюцца ўласнікамі. Яны толькі з’яўляюцца адміністратарамі жыцця - свайго і сваіх дзяцей.

Аднак часта бацькі хочуць, жадаюць толькі самі вырашаць аб тым, калі дзеці павінны нарадзіцца і ці павінны нарадзіцца ўвогуле. Вельмі часта нараджэнне дзіцяці адкладаюць на потым. У шэрагу прыярытэтных каштоўнасцей разглядаецца найперш праца, жыллё, забяспячэнне матэрыяльнага дабрабыту, а толькі потым дзеці.

Стрэс, які выклікаюць у чалавека негатыўныя праявы сучаснай цывілізацыі, прыводзіць да хваробы, якой з’яўляецца бясплоднасць у сужанцаў. А спосабам яе лячэння прапапаноўваецца ЭКО, з якім Касцёл не згаджаецца. Вельмі часта вядуцца дыскусіі аб жыцці і яго перадачы, пераказе, уласна толькі на ўзроўні рэгулявання зачаццяў, альбо штучнага запладнення. І таму патрабаваннем веры з’яўляецца, каб запытацца аб належным месцы для Пана Бога як Таго, Хто дае і распараджаецца жыццём. Неабходна паверыць, што менавіта Ён – Пан і Гаспадар жыцця і трэба даверыць Яму гэту праблему.

       Наступнай праблемай з’яўляецца неразрыўнасць сужанства і месца ў Касцёле тых асобаў, якія жывуць пасля раводу ў другім несакрамантальным саюзе. Навучанне Касцёла застаецца ў гэтай сітуацыі адназначным. Гэта справа вельмі складаная, асабліва ў кантэксце допуску да Святой Камуніі тых, хто жыве ў саюзе, але без касцельнага шлюба. Благаслаўлёны Павел VI ясна прадставіў гэтыя справы у энцыкліцы “Humanae vitae” (1968 г.). Трэба падкрэсліць, што гэты дакумент выклікаў мноства эмоцый і спрэчак у 70-х гадах мінулага стагоддзя, а асабліва ў Заходняй Еўропе. Некаторыя асяроддзі яе нават не прынялі, а для многіх энцыкліка наадварот паслужыла імпульсам да больш актыўнай дзейнасці.

Да той другой групы належала, між іншым, група з Кракаўскага асяроддзя, звязана з кард. Каралем Вайтылам і прафесарам Вандай Палтаўскай. Цяпер гэту справу ўзняў Святы Айцец Францішак у пасінадальнай адгартацыі “Amoris letitia” (2016 г.), якая ‘яўляецца вынікам дыскусій, якія адбыліся на Сінодзе, прысвечанаму сям’і. Святы Айцец, здаецца, не мае намеру змяняць штосьці ў абавязваючых нормах Касцёла. Але ён хоча, каб душпастыры разумелі людзей і былі здольнымі зразумець іх сітуацыі, якія часта нельга адназначна ацаніць. Гэта не стварае сітуацыйнай этыкі і нейкай пагрозы, як некаторыя мяркуюць. Але гэта нагода схіліцца над сучаснымі праблемамі жыцця людзей і ўвайсці ў гэтыя праблемы так, як гэта рабіў Езус.

Дыскусія вакол “Amoris laetitae” падобная да евангельскай сцэны, у якой фарысеі абступілі Езуса і паставілі перад Ім пытанне наконт разводаў (пар. Мц 19, 3 – 9). Фарысеі пытаюцца, што рабіць у выключнай сітуацыі, калі над сужэнствам навісла пагроза па прычыне нявернасці аднаго з сужонкаў. Пан Езус відавочна спытаў: “Што наказаў вам Майсей?”. Фарысеі сцвярджаюць: “Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе”. І тут нам важна сканцэнтравацца на Хрыстовым адказе на пастаўленую праблему: “Майсей з-за ўпартасці вашых сэрцаў дазволіў вам разводзіцца са сваімі жонкамі, аднак спачатку так не было. А Я кажу вам: Хто развядзецца з жонкаю сваёю не з-за распусты і ажэніцца з іншаю, той чужаложыць”.

У гэтым месцы мне прыходзіць на думку біблійная канцэпцыя неразрыўнага саюзу мужчыны і жанчыны. А гэта тое, аб чым наворыць і да чаго заклікае Хрыстус. Ён проста нагадвае ідэал і заахвочвае да яго вярнуцца. Рашэнне Майсея Езус паказвае як кампраміснае, але не ідэальнае. Гэта быў кампраміс, акцэптаваны міласэрным Богам. Памятайма біблійную спрэчку пра ацаленне Садомы і Гаморы. Там з аднаго боку стаіць ідэал, аб якім нельга забываць, а з другога – мінімум кампрамісаў. Дзеянні цяперашняга Папы прадстаўляюцца мне спробаю менавіта так вырашаць праблемы. А гэта ў сваю чаргу ні што іншае, як жыццё згоднае з логікай Хрыста.

Дзякуй за ўвагу!

 

                                                                                                                                            + Антоні Дзям’янка

                                                                                                                                                  Біскуп Пінскі